Амбасада ЗША: Незалежная будучыня Беларусі знаходзіцца пад пагрозай


Амбасада ЗША ў Беларусі апублікавала заяву, прымеркаваную да Дня Незалежнасці Украіны, які адзначаецца 24 жніўня.

У заяве адзначаецца, што мінула ўжо паўгода з пачатку з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі.

«Украіна змагаецца за тое, каб абараніць не толькі сваю дэмакратыю, але і само выжыванне як незалежнай краіны. Але наступствы вайны Расеі не абмяжоўваюцца Украінай. Незалежная будучыня як Украіны, так і Беларусі знаходзіцца пад пагрозай з-за экспансіянісцкай, імперыялістычнай палітыкі Расеі», – падкрэсліваюць у амбасадзе ЗША.

Амерыканскі бок лічыць, што народ Беларусі, як і народ Украіны, імкнецца да будучыні, заснаванай на захаванні суверэнітэту сваёй краіны, дэмакратычных прынцыпах і вяршэнстве закона.

«Але выключная засяроджанасць рэжыму Лукашэнкі на захаванні ўлады падарвала беларускі суверэнітэт і аддала беларускую тэрыторыю, паветраную прастору і інфраструктуру на службу вайсковым патрэбам Расеі. Саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны і садзейнічанне ёй супярэчаць волі беларускага народа».

Амбасада ЗША заяўляе, што напад на Украіну будзе каштаваць вельмі дорага – як для Расеі, так і для рэжыму Лукашэнкі. Пры гэтым агаворваецца, што беларускі народ выступае супраць уварвання Расеі ва Украіну, супраць садзейнічання рэжыму Лукашэнкі ў гэтай вайне і супраць спробаў зняважыць суверэнітэт і незалежнасць абедзвюх краінаў.

«Злучаныя Штаты будуць працягваць дамагацца прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за абуральныя парушэнні правоў чалавека, уключаючы зняволенне больш за 1300 палітычных вязняў. Мы таксама будзем цвёрда стаяць на тым, каб прыцягнуць рэжым да адказнасці за падтрымку расейскага ўварвання ва Украіну», – адзначаецца ў заяве.

Інтэрв’ю
Амбасадар ЗША ў Польшчы: Амерыканскі ўрад падтрымлівае беларускіх барацьбітоў за свабоду
2022.08.09 19:01

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў