Уладзімір Мацкевіч: Мяне збіраюцца судзіць за «думзлачынства» паводле Оруэла


Уладзімір Мацкевіч.
Фота: ТК / Белсат

Грамадскі дзеяч, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, які застаецца за кратамі з 4 жніўня, у пісьмовай форме даў інтэрв’ю DW.

Мацкевіч адзначыў, што ў абвінавачванні, якое ён атрымаў, не названа ні адно ягонае дзеянне або ўчынак, «няма ніводнага эпізоду».

«Я разумею, што падставай для арышту сталі мае артыкулы, выказванні, ідэі і думкі, то бок мяне збіраюцца судзіць за «думзлачынства» паводле Оруэлу. Менавіта гэта найлепшым чынам характарызуе сённяшні рэжым у Беларусі», – лічыць філосаф.

Мацкевіч кажа, што рэжым адчуў сябе беспакараным, таму бярэцца за ўсё, што ёсць крыніцай «любых пераменаў, прагрэсу, нясе пагрозу дыктатуры і самавольству».

«Рэпрэсіі супраць філосафаў і інтэлектуалаў характэрныя для таталітарных рэжымаў, якія прэтэндуюць на поўную перабудову свету, а для аўтарытарных рэжымаў – гэта, хутчэй, неспадзяванка і промах. Але раз ужо рэжым на гэта пайшоў, ён паставіў сябе нараўне з самымі бесчалавечнымі рэжымамі XX стагоддзя», – падкрэсліў палітвязень.

Артыкулы
Святлана Мацкевіч: справа жыцця арыштаванага Уладзіміра – вольная Беларусь
2021.08.06 21:04

Адказваючы на пытанне, якім ён бачыць развязку цяперашняй сітуацыі ў краіне, Мацкевіч сказаў:

«Канчатковы вынік можна апісаць словамі Віталя Сіліцкага, якімі ён назваў свой артыкул «Дыктатура руйнуецца». Да гэтага я магу дадаць толькі «Амін». Вось толькі Сіліцкі не дажыў да гэтай непазбежнай падзеі, а я не магу сказаць, калі менавіта гэта адбудзецца».

Мацкевіч заклікаў палітычных лідараў і ўсіх грамадзянаў Беларусі абʼядноўвацца. «І перастаньце спадзявацца на цуд, на тое, што ўсё адбудзецца само сабой. Выратаванне Беларусі ў руках саміх беларусаў, і ніхто звонку не зробіць за нас нашу працу», – дадаў ён.

  • Уладзіміра Мацкевіча затрымалі 4 жніўня. Яму выставілі абвінавачванне ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Цяпер ён утрымліваецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Артыкулы
Уладзімір Мацкевіч і Таццяна Вадалажская прызнаныя палітвязнямі
2021.08.06 18:00

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў