У Салігорску мясцовыя жыхары масава здаюць кроў для хлопца, хворага на лейкемію


У Салігорску каля пункту пералівання крыві з самай раніцы 24 ліпеня сабралася вялікая чарга. Людзі прыйшлі здаць кроў для хворага на лейкемію (рак крыві) 29-гадовага мясцовага жыхара і работніка рудніка 1 РУ «Беларуськалію» Віктара Углова. Пра гэта паведамляе Telegram-канал «Беларуськалію».

Людзі стаяць у чарзе, каб здаць кроў. Крыніца: belaruskali / Telegram

Віктару патрэбная перасадка гемапаэтычных клетак, і на гэтага трэба донарская кроў, для здачы якой і сабраліся людзі. На мінулым тыдні ў мясцовых медыях з’явілася абʼява, што для выратавання жыцця шукаюць донараў.

«Малады хлопец захварэў на лейкемію. У яго сям’я, дачцэ тры гады. Доўгае лячэнне (хіміятэрапія і інш.) вывелі ў рэмісію, але на непрацяглы час. Ён не справіцца адзін. Яму патрэбная перасадка гемапаэтычных клетак. Верагоднасць знайсці сумяшчальнага няроднаснага донара вельмі нізкая. І таму вельмі важна, каб Нацыянальны рэестр такіх донараў быў максімальны. На сёння ён малалікі», – паведамлялася ў матэрыяле выдання «Электронный Солигорск».

Віктар Углоў з дачкою. Крыніца: belaruskali / Telegram

Як вынік, каля мясцовага шпіталю сабралася вялікая чарга людзей, якія жадалі дапамагчы хлопцу, а забор крыві працягнулі даўжэй, чым планавалі. А 15:00 паведамлялася, што кроў для Віктара 24 ліпеня здалі паўтысячы салігорцаў.

Людзі стаяць у чарзе, каб здаць кроў. Крыніца: belaruskali / Telegram
Людзі стаяць у чарзе, каб здаць кроў. Крыніца: belaruskali / Telegram

Таксама ў Салігорскай ЦРБ паведамілі, што здаць кроў можна будзе і ў наступны панядзелак, 31 ліпеня. Донараў будуць прымаць у трох пунктах: на станцыі пералівання крыві, у працэдурным кабінеце № 304 паліклінікі «Беларуськалію», у прыёмным пакоі дзіцячай больніцы. Час паведамяць дадаткова.

Telegram-канал «Беларуськалію» паведамляе, што такім чынам дапамогу аказваюць не толькі Віктару, але і ўсім беларусам, што пакутуюць на лейкемію. Штогод у нашай краіне фіксуюць тысячу новых выпадкаў гэтага анкалагічнага захворвання.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў