У Баку і Ерэване адкрыта кажуць, што галоўная прычына вайны ў Нагорным Карабаху – палітыка Крамля


Паміж Ерэванам і Баку расце напружанасць. Мірныя перамовы не прыносяць плёну. А ў Азербайджане пачалі казаць пра новую ваенную аперацыю ў Нагорным Карбаху. Пры гэтым як у Арменіі, гэтак і ў Азербайджане кажуць, што напружанасці не было б, калі ў рэгіёне не прысутнічала расейская армія, і называюць крыніцаю канфлікту менавіта палітыку Крамля.

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян, прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў і старшыня Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль.
Фота: primeminister.am

У пачатку ліпеня Азербайджан зачыніў рух у Лачынскім калідоры, які злучае Нагорны Карабах з Арменіяй. Людзі ў выніку адчулі недахоп ежы і лекаў. Перамовы, якія адбыліся 15 ліпеня ў Бруселі выніку не прынеслі. Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян заявіў, што новая вайна з Азербайджанам вельмі верагодная.

Дырэктар Цэнтра імя Топчубашава Русіф Гусейнаў у размове з «Белсатам» кажа, што сёння паміж азербайджанскім і армянскім бакамі адбываюцца два працэсы. Першы – нармалізацыя армяна-азербайджанскіх стасункаў, а другі – Нагорна-Карабахскі працэс. У справе першага працэсу летась і сёлета былі спадзяванні на мірныя дамоўленасці, разблакаванне странспартна-камунікацыйных лініяў і гэтай далей.

І сапраўды, бакі сёлета дасягнулі значнага прагрэсу ў стасунках. У траўні бягучага году прэмʼер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян і прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў падчас пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Маскве заявілі пра прызнанне Арменіяй Нагорнага Карабаху тэрыторыяй Азербайджану.

Hавiны
Нікол Пашыньян заявіў, што Арменія гатовая прызнаць Нагорны Карабах часткаю Азербайджану
2023.05.22 15:17

Але напружанасць і пасля гэтага не знікае. Эксперты з Арменіі і Азербайджану ў размове з «Белсатам» кажуць, што сапраўды можа ўспыхнуць новы ўзброены канфлікт. Прычым бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў эскалацыі напружанасці.

«На сёння мы бачым, што генератарам дэстабілізацыі сітуацыі з’яўляецца Азербайджан, які заблакаваў 120 тысячаў армянаў у Нагорным Карабаху. Баку наагул не мае жадання весці дыялог. Падчас перамоваў азербайджанскія прадстаўнікі размаўляюць нібы з пастаўленым пісталетам да скроняў. Таму ў існай сітуацыі я мяркую, што перасцярогі нашыя і еўрапейскіх партнёраў не пазбаўленыя падставаў, што да верагоднага ўзброенага канфлікту Арменіі з Азербайджанам», – кажа Рубэн Меграбян эксперт, Армянскі інстытут міжнародных стасункаў і бяспекі.

Нягледзячы на ўсе заявы і дамоўленасці, вакол Карабаху застаецца шмат пытанняў.

«У Азербайджане цяпер наўпрост вядзецца пра неабходнасць ваеннай кампаніі. І гэта ў нас агучваецца ў медыях пад назвай «контртэрарыстычная аперацыя». Вядуцца абмеркаванні, а некаторыя эксперты і дэпутаты нават заклікаюць да гэтага. Справа ў тым, што цяпер у Карабаху каля 10 тысячаў армянскіх вайскоўцаў. Паводле дамоўленасцяў ад 9 снежня 2020 году яны павінныя быць выведзеныя адтуль. Але гэтага не адбылося. Да таго ж там каля 2 тысячаў так званых расейскіх міратворцаў», – распавядае Русіф Гусейнаў.

Эксперт кажа, што, паводле дамоваў, пасля ўваходу расейскіх міратворцаў, армянская армія павінная была выйсці з рэгіёну, але гэтага не зрабілі. Менавіта гэта і зʼяўляецца падставай для вайсковай кампаніі.

Тэрыторыі, якія займалі Арменія, Азербайджан і НКР да 26 верасня 2020 года. Крыніца: wikimedia.org

Армянскі палітолаг Рубэн Меграбян лічыць, што Азербайджан можа распачаць буйнамаштабную канфрантацыю.

«Калі Азербайджан распачне сілавую акцыю супраць армянаў Нагорнага Карабаху, то абсалютна відавочна, што гэта можа завяршыцца дэпартацыяй і, кажучы мовай Гімлера, канчатковым вырашэннем армянскага пытання на тэрыторыі Нагорнага Карабаху», – кажа эксперт.

Азербайджанскі палітолаг Русіф Гусейнаў у сваю чаргу кажа, што галоўная мэта Баку – завершыць пытанне інтэграцыі рэгіёну ў Азербайджан.

Адметна, што цяпер як у Баку, гэтак і ў Ерэване адкрыта кажуць пра тое, што зʼяўляецца сапраўднай прычынай і нагодай для кровапралітнага канфлікту ў Нагорным Карабаху, які цягнецца яшчэ з 1990-гадоў мінулага стагоддзя.

«Канфлікт не вырашаецца таму што тут прысутнічае Расея. Расея – гэта адзіны суб’ект, які зацікаўлены ў тым, каб канфлікт працягваўся. Акрамя таго, блакада, якая ажыццяўляецца, з’яўляецца супольнай азербайджана-расейскай», – заяўляе Рубэн Меграбян, эксперт Армянскага інстытуту міжнародных стасункаў і бяспекі.

Армянскі вайсковец.
Фота: 168.am

У справе вырашэння канфлікту Нагорнага Карабаху прымаюць удзел краіны ЕЗ, ЗША, Расея і непасрэдна Арменія і Азербайджан. Адзіным бокам, які выступае супраць дыялогу зʼяўляецца Масква.

«Масква жадае мець такі рычаг для ціску на два бакі. Расея імкнецца захаваць сваю войскі ў Нагорным Карабаху. Бо калі адбудзецца дыялог і інтэграцыя Карабаху, то не будзе неабходнасці ў наяўнасці расейскай арміі на гэтай зямлі. Таму Крэмль супраць дыялогу», – лічыць Русіф Гусейнаў, дырэктар Цэнтра імя Топчубашава.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Машыны расейскіх міратворцаў у Нагорным Карабаху. Бадара, Азербайджан. 4 чэрвеня 2021 года.
Фота: mil.ru

Абвастрэнне паміж краінамі наконт спрэчнай тэрыторыі адбылося ў верасні 2020 года. Тады ў выніку ўзброеных сутыкненняў загінулі 3000 чалавек паводле Азербайджану, каля 7,5 тысячы чалавек паводле звестак Арменіі ды карабахскіх уладаў.

Рэгіён Нагорнага Карабаху ўваходзіў у Азербайджанскую ССР і пасля распаду Савецкага Саюзу быў прызнаны часткай Азербайджану. Аднак пасля завяршэння першай карабахскай вайны ў 1994 годзе рэгіён фактычна быў пад кантролем Арменіі. Дэ-факта Ерэван увесь час падтрымліваў самаабвешчаную Нагорна-Карабахскую Рэспубліку.

Аналітыка
«Тактыка салямі». Арменія прапанавала Азербайджану мір, але ёсць шмат нюансаў
2023.04.20 11:20

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў