У Докшыцкім раёне адбыўся чарговы суд над журналістам Змітром Лупачом


Зміцер Лупач, журналіст «Белсату».
Фота: Белсат

На паседжанні разбіралі справу за сюжэт на YouTube-канале пад назваю «Леніна знайшлі загорнутым у цэлафан».

Суддзя Вячаслаў Елісеенка пастанавіў спагнаць з журналіста штрафу 30 б. в. (870 рублёў).

Гэтую справу ў Докшыцах разглядалі другі раз. Першы раз, 18 траўня, у судзе Докшыцкага раёну яе разглядаў і спыніў праз недаказанасць віны адносна журналіста Змітра Лупача суддзя Дзяніс Корсак. Але выканальніца абавязкаў пракурора Докшыцкага раёну Надзея Міцько абвесціла пратэст на пастанову суддзі. Да таго ж заяву пра тое, што не згодны з закрыццём справы, падаў і начальнік Докшыцкага РАУС Сяргей Каралевіч.

У выніку суддзя Віцебскага абласнога суда Ірына Смалякова задаволілі пратэст пракурора і нязгоду начальніка міліцыі ды вярнула справу ў Докшыцкі суд на новы разгляд.

Камітэт ААН у пытаннях правоў чалавека праінфармаваў праваабаронцу Паўла Левінава пра тое, што зарэгістраваў 23 чэрвеня 2021 года пяць падрыхтаваных ім у інтарэсах Змітра Лупача індывідуальных паведамленняў пра парушэнне Беларуссю яе абавязацельстваў у звязку з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, а менавіта – з артыкулам 19, які гарантуе кожнаму права свабодна выказваць меркаванне.

Нагода для звароту па замежную прававую дапамогу наступная: суддзі Наталля Максімавіч (Паставы), Аксана Табола (Шаркаўшчына) і Людміла Вашчанка (Глыбокае) прыцягнулі Змітра Лупача ў 2020–2021 гг. да адміністратыўнай адказнасці за выраб інфармацыйных матэрыялаў, што пасля былі размешчаныя на тэлевізійным канале «Белсат».

Суддзі Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова і Ірына Смалякова не ўгледзелі парушэння правоў Змітра Лупача і пакінулі ягоныя скаргі без задавальнення.Камітэт ААН у пытаннях правоў чалавека накіраваў індывідуальныя паведамленні Змітра Лупача ва Урад Рэспублікі Беларусь, якому прапанаваў агучыць свае на іх пярэчанні.

АШ, belsat.eu
Стужка навінаў