Еўрадэпутаты: Раман Пратасевіч – уцякач, выдаваць яго было нельга


Раман Пратасевіч.
Фота: Раман Пратасевіч/ Telegram.me

Дэлегацыя для сувязяў з Беларуссю Еўрапейскага парламенту заявіла, што Раман Пратасевіч як уцякач мусіў заставацца пад абаронаю артыкулу 19 Еўрапейскай хартыі асноўных правоў.

Заяву падпісалі еўрадэпутаты Еўрапарламенту Дэйвід МакЭлістэр (David McAllister), Робэрт Бедрань (Robert Biedroń) і Пятрас Аўштравічус (Petras Auštrevičius).

«Як уцякач спадар Пратасевіч абаронены артыкулам 19 Хартыі Еўрапейскага Звязу ў галіне правоў чалавека, які катэгарычна абвяшчае, што «ніхто не можа быць выдалены, высланы або выдадзены дзяржаве, у якой існуе сур’ёзная рызыка таго, што ён ці яна будуць падвергнутыя смяротнаму пакаранню, катаванням або іншаму бесчалавечнаму ці прыніжальнаму абыходжанню або пакаранню», – гаворыцца ў заяве еўрадэпутатаў.

Hавiны
Маці Рамана Пратасевіча: Пра сына дасюль нічога невядома
2021.05.24 13:36

Дэпутаты заклікалі прэзідэнта Рады Еўропы, прадстаўнікоў дзяржаваў – чальцоў ЕЗ і вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі развязаць гэтае пытанне падчас найбліжэйшага саміту, а таксама прыступіць да прыняцця чацвёртага пакету санкцыяў супраць службовых асоб, якія ўдзельнічаюць у фальсіфікацыях выбараў і ў парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

Еўрадэпутаты таксама заклікалі Еўрапейскую службу замежнапалітычнай дзейнасці і нацыянальныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Беларусі сачыць за сітуацыяй з Раманам Пратасевічам, прапанаваць яму любое падтрыманне, якая можа спатрэбіцца, і супольна працаваць над яго хуткім вызваленнем.

Hавiны
Абвешчаны збор на адваката і дапамогу сям’і Рамана Пратасевіча
2021.05.24 10:04

Праваабаронцы прызналі Пратасевіча палітвязнем

Сваю заяву аб сітуацыі з Раманам Пратасевічам прынялі і беларускія праваабарончыя арганізацыі. Яны падкрэслілі, што «публічная дзейнасць Рамана Пратасевіча з’яўляецца не чым іншым, як мірнай рэалізацыяй свабодаў, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека – свабоды пошуку і распаўсюду інфармацыі, выказвання свайго меркавання».

Праваабаронцы адзначылі, што ніхто не можа падвяргацца любога роду абмежаванням, пазбаўленню правоў ці санкцыям з прычыны ўласных меркаванняў ці перакананняў. Яны падкрэслілі, што масавыя стыхійныя сходы грамадзянаў пасля прэзідэнцкіх выбараў, у арганізацыі якіх вінавацяць Пратасевіча, насілі пераважна мірны характар і не суправаджаліся дзеяннямі, якія можна кваліфікаваць як масавыя беспарадкі.

Артыкулы
Аперацыя супраць самалёта Ryanair і затрыманне Рамана Пратасевіча. Галоўнае
2021.05.23 23:49

А абвінавачванне Рамана Пратасевіча ў распальванні сацыяльнай розні ў дачыненні чыноўнікаў, міліцыі і іншых службовых асобаў, паводле заявы, – гэта «не што іншае, як пераслед за крытыку дзейнай улады». Праваабаронцы падкрэслілі таксама, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў улады не ёсць асобнай сацыяльнай групай.

Таксама, дадалі яны, «недапушчальна пакаранне за крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы ці яе сімвалаў, ураду, дзяржаўных устаноў ці дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, калі толькі гэтая крытыка ці абразы не скіраваныя на падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў ці можа пацягнуць такія дзеянні».

Таму праваабаронцы назвалі пераслед Рамана Пратасевіча палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а яго самога – палітвязнем. Яны патрабуюць неадкладнага вызвалення Рамана Пратасевіча і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні яго.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў