«Жаночы дзень» у беларускіх палітзняволеных, з’яўленне персанальнай партыі ў Лукашэнкі і Дзень Волі ў Беларусі. Галоўныя падзеі ў малюнках


У адзін сакавіцкі дзень пасля святкавання Міжнароднага жаночага дня ў Беларусі былі вынесеныя жахлівыя прысуды чатыром беларускім палітвязням-жанчынам – 44 гады на ўсіх. На фоне гэтага трывожна і недружалюбна прагучалі планы суседняй Літвы не выдаваць беларусам візы і не прымаць ад іх заяўкі на грамадзянства. Улады ў Беларусі тым часам цэментуюць свае пазіцыі – грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» пасля шматгадовых разваг нарэшце стала партыяй.  Свядомыя беларусы адзначылі Дзень Волі. За гэтымі ды іншымі гучнымі падзеямі разам з «Белсатам» сочыць мастак Дэ Лёс.

25 сакавіка ўсе свядомыя беларусы ва ўсіх краінах свету адзначылі 105-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Традыцыйна ў Дзень Волі святочныя мітынгі, шэсці, сустрэчы з вядомымі людзьмі і проста раскіданых па ўсім свеце беларусаў аднаго з адным прайшлі ў Варшаве, Беластоку, Вільні….

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Прысуды фігуранткам «справы TUT.by» – колішняй галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай і былой генеральнай дырэктарцы выдання Людміле Чэкінай і эксперткам Валерыі Касцюговай і Таццяне Кузінай былі вынесеныя ў адзін дзень. Супрацоўніцы партала атрымалі па 12 гадоў калоніі, эксперткі – па 10.

Марыну Золатаву абвінавацілі ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры, распальванні варожасці і закліках да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Людмілу Чэкіну – яшчэ і ў «наўмыснай» арганізацыі ўсіх гэтых дзеянняў.

Беларуская асацыяцыя журналістаў назвала прысуд Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай «жорсткай помстай прафесіяналам за праўду, якую TUT.by даносіў да мільёнаў людзей».

Агляд
Пратэстаў не было – іх выдумаў TUT.by. Прапагандысты «павесілі» на партал яшчэ і дэвальвацыю ды COVID
2023.03.17 07:00

Заснавальніцу і рэдактарку сайту экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарку і аўтарку «Беларускага штогодніку» і кіраўніцу групы экспертаў у справе маніторынгу «Беларусь у фокусе» Валерыю Касцюгову і сузаснавальніцу школы маладых менеджараў публічнага адміністравання «Sympa», экспертку даследчага праекту «bipart», магістарку паліталогіі Таццяну Кузіну абвінавацілі ў змове з мэтаю захапіць уладу, закліках да санкцыяў і распальванні варожасці.

«Я зʼяўляюся на сённяшні момант, напэўна, самым пераацэненым прадстаўніком экспертнай супольнасці ў Беларусі, таму што за 340 слоў – «значных слоў», выяўленых у чаце абвінавачваннем, – запытана 120 месяцаў пазбаўлення волі. Гэта значыць, за кожнае слова ёсць запыт на 2,5 месяца, у прынцыпе, жыцця», – сказала ў сваім апошнім слове на судзе Таццяна Кузіна.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» было створана яшчэ ў 2007 годзе. Добрую палову часу свайго існавання абʼяднанне абмяркоўвала магчымасць перафарматавацца ў партыю, але ў пэўны момант сваё важкае «не» казаў Аляксандр Лукашэнка. Таму, калі ў пачатку гэтага года прадстаўнікі «Белай Русі» зноў падзяліліся такімі планамі, то 100-адсоткавага даверу да іх таксама не было. Аднак гэтым разам спраўдзілася і цяпер« Белая Русь » ужо партыя. Прычым, цікава, што гэта будзе не партыя ўлады, а партыя падтрымлівае асабіста Лукашэнку.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Літва ў 2020 годзе адной з першых прыняла беларусаў, якія ў жаху ад катаванняў і здзекаў уцякалі са сваёй краіны. Менавіта гэтая краіна дала прытулак абранай прэзідэнтцы Беларусі Святлане Ціханоўскай. Потым тамтэйшыя чыноўнікі з гонарам распавядалі, колькі грошай бюджэту іх краіны прынёс беларускі бізнес, які пераехаў, і ў прыватнасці рэлакаваныя ІТ-кампаніі. Таму планы Літвы не выдаваць беларусам візы і не прымаць у іх заяўкі на грамадзянства (нараўне з грамадзянамі Расеі)  прагучалі, як гром сярод яснага неба.

«Каб змяніць іхныя паводзіны, мэтазгодна ўвесці абмежавальныя захады, звязаныя з магчымасцю грамадзянаў Расеі і Беларусі наведваць Літву і заязджаць на тэрыторыю Еўразвязу», – аргументавала рашэнне  намесніца міністра замежных справаў Літвы Ёвіта Нялюпшыене на пасяджэнні парламенту.

Праўда, ужо на другі дзень дэпутаты літоўскага Сейму ўнеслі праўкі ў нашумелы праект закону. Беларусаў выкрэслілі з ліку тых, хто не зможа атрымаць літоўскае грамадзянства, але пра візы ніякай новай інфармацыі не паступала. Пакуль дакумент яшчэ не прыняты.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Аб тым, што аэрапорты Турцыі перастануць абслугоўваць і запраўляць самалёты з Беларусі і Расеі паведаміла турэцкае профільнае выданне AirportHaber. Гэта звязана з амерыканскімі санкцыямі, якія ўведзены з-за таго, што Беларусь падтрымлівае Расею ў вайне з Украінай, і датычыцца тых паветраных суднаў, якія ўтрымліваюць больш за 25% амерыканскіх камплектуючых. У выпадку з авіякампаніяй «Белавія» забарона тычыцца сямі самалётаў Boeing.

«Пад забарону падпадае як мінімум запраўка самалёта палівам, уборка, тэхнічнае суправаджэнне, бартавое харчаванне па неабходнасці. Калі забарона не будзе знятая, то гэта моцна ўдарыць па бюджэце «Белавія». Турцыя ледзь не галоўная крыніца даходаў. Любая авіякампанія добра зарабляе на чартарах», – сказаў выданню «Зеркало» на ўмовах ананімнасці адзін з працаўнікоў кампаніі «Белавіа».

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Дэ Лёс belsat.eu

Стужка навінаў