Літва прыпыняе выдачу грамадзянства і віз беларусам і расейцам?


Сейм Літвы ўхваліў у першым чытанні законапраект аб новых абмежаваннях у звязку з расейскай агрэсіяй ва Украіне. Ад грамадзянаў Беларусі і Расеі перастануць прымаць заявы на візы ў літоўскіх візавых службах, акрамя выпадкаў, калі пасярэднікам выступае МЗС рэспублікі. Таксама прыпыняецца прыём заяваў на атрыманне грамадзянства Літвы, паведамляецца на сайце парламенту краіны.

Літоўска-беларуская мяжа.
Фота: EPSO-G

«Пераважная большасць грамадзянаў Расеі падтрымлівае ваенныя дзеянні сваёй краіны, яны не робяць крокаў, каб спыніць агрэсію рэжыму сваёй краіны, таму адказнасць кладзецца і на іх», – заявіла намесніца міністра замежных справаў Літвы Ёвіта Нялюпшыене на пасяджэнні парламенту. Яна мяркуе, што новыя абмежаванні «зменяць паводзіны» прыхільнікаў вайны.

«Каб змяніць іхныя паводзіны, мэтазгодна ўвесці абмежавальныя захады, звязаныя з магчымасцю грамадзянаў Расеі і Беларусі наведваць Літву і заязджаць на тэрыторыю Еўразвязу», – сказала чыноўніца.

Законапраект, ухвалены дэпутатамі Сейму ў першым чытанні, прадугледжвае шэраг абмежавальных захадаў. Беларусы і расейцы часова не змогуць прасіць літоўскага грамадзянства і дазволу на часовае пражыванне (за выняткам тых, у каго ўжо ёсць шэнгенская або нацыянальная віза або від на жыхарства ў Літве ці іншай краіне ЕЗ).

Hавiны
У Літве пацвердзілі адмовы беларусам ва ўездзе праз анкету аб вайне ва Украіне
2023.01.09 15:40

Таксама прыпыняецца прыём візавых заяваў ад грамадзянаў Расеі і Беларусі ў літоўскіх візавых службах за мяжою, акрамя выпадкаў, калі Міністэрства замежных справаў рэспублікі выступае пасярэднікам у падачы візавай заяўкі. Нельга будзе атрымаць і нацыянальную візу праз вонкавага пастаўніка паслугаў за мяжою.

Яшчэ закон прадугледжвае абнародаванне звестак аб эканамічных сувязях юрыдычных асобаў, што кіруюцца літоўскімі палітыкамі, з беларускімі або расейскімі партнёрамі.

Гэтыя захады тлумачацца пытаннямі нацыянальнай бяспекі.

Законапраект ухвалілі ў першым чытанні галасамі 113 дэпутатаў, 9 устрымаліся, супраць не галасаваў ніхто.

Чакаецца, што закон набудзе моц 15 красавіка і будзе дзеяць год з магчымасцю працягу.

Hавiны
У Літве захацелі забараніць беларусам і расейцам валодаць зброяй
2022.12.08 10:52

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў