«Пераатэстацыя – лёгкі шлях пазбаўлення ад нелаяльных адвакатаў»


Адвакат Сяргей Зікрацкі 24 сакавіка не прайшоў пазачарговую атэстацыю на паседжанні Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Міністэрстве юстыцыі. Пра супрацу са спадаром Сяргеем, а таксама пра тое, што думаюць з нагоды чарговай вайны дзяржавы з адвакатамі, «Белсату» распавялі калегі адваката і блізкія ягоных кліентаў.

Як пройдзе паседжанне, залежыць ад задачы – пакінуць цябе ў прафесіі або выгнаць

Алена Шынкарэвіч – адвакатка, адна з тых, хто не прайшоў пазачарговай атэстацыі, і цяпер ёй пагражае выключэнне з калегіі адвакатаў і пазбаўленне ліцэнзіі.

– Калі ты ідзеш на гэтую камісію, то маеш тры варыянты: цябе адпускаюць як адпаведнага кваліфікацыі, прызначаюць паўторную атэстацыю праз пэўны час, або цябе прызнаюць недастаткова кваліфікаваным. У апошнім выпадку запускаецца механізм выключэння з калегіі адвакатаў і пазбаўлення ліцэнзіі. Гэта такі лёгкі шлях пазбавіцца ад нелаяльных адвакатаў.

Даведка
Алена Шынкарэвіч. Фота з асабістага архіву

Як будзе праходзіць паседжанне, залежыць ад таго, якая стаіць задача: пакінуць чалавека ў прафесіі ці выгнаць. Задаюць пытанні па ўсім заканадаўстве. Калі не цытуеш даслоўна, перабіваюць. У той час як ніводны юрыст не можа ведаць усіх законаў напамяць. І не ў тым прафесіяналізм, каб памятаць усё даслоўна. Але ў іх стаіць задача: прынізіць і паказаць, што ты бездапаможны. Акрамя заканадаўства, мяне пыталі пра мае пасты ў «Фэйсбуку», проста паклалі перада мной раздрукоўку майго рэпосту петыцыі аб правядзенні новых выбараў, спыненні гвалту. Я сказала, што як падтрымлівала петыцыю і ўсё, што пісала, так і падтрымліваю.

Чалавек, для якога прынцыпы каштуюць больш за грошы

Алена Шынкарэвіч восем гадоў у адвакатуры, а цяпер яе прызналі недастаткова кваліфікаванай.

– Раней я была юрыстам-гаспадарнікам, працавала з юрыдычнымі асобамі, як і Сяргей Зікрацкі, але за зменамі ў закон і ўвядзеннем манаполіі на прадстаўніцтва ў судах для адвакатаў у 2012 годзе мы былі вымушаныя пайсці ў адвакатуру. На маёй пераатэстацыі намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў прама сказаў, што спрошчаны прыём гаспадарнікаў у адвакатуру быў вялікаю памылкай.

Інтэрв’ю
Сяргей Зікрацкі: «Калі пакласці на адну чашу шаляў ліцэнзію, а на другую – свабоду слова, я абяру другую»
2021.03.23 21:43

Сяргея я даўно ведала візуальна, але пазнаёміліся мы ў 2020 годзе. Калі ён напісаў, што гатовы дапамагаць у справах аб парушэнні выбарчага заканадаўства за адзін рубель, я да яго звярнулася, што гатовая падтрымаць. Так мы сталі працаваць разам над абскарджаннямі рашэнняў аб фармаванні ўчастковых камісіяў. Потым пачаліся працэсы над назіральнікамі. Мы перадавалі адзін аднаму справы, кліентаў. За кароткі час ён стаў для мяне надзейным сябрам і паплечнікам.

Я ўражаная тым, як ён вядзе працэсы. Падабаецца ягоная стрыманасць, як ён умее трымацца і заставацца ў межах нормаў маралі, этыкі ды настойваць на сваім, незалежна ад ціску. Ён аргументавана пераконвае ў сваёй пазіцыі. Гэта насамрэч адзін з лепшых адвакатаў у Беларусі. Калі б мне спатрэбіўся адвакат, Сяргей быў бы сярод першых, да каго я б звярнулася. Сяргей – той чалавек, для якога прынцыпы каштуюць больш за грошы. Такіх сёння мала. Я вельмі яго паважаю. Ён для мяне стымул працаваць далей у тых умовах, якія нам стварылі. Бо глядзіш на яго і думаеш: калі ён не баіцца, чаму я буду баяцца? Я іду за ягоным прыкладам.

Мама Кацярыны Андрэевай размаўляе з адвакатам Сяргеем Зікрацкім. 9 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Няма сэнсу трымацца за ліцэнзію, калі не працуе закон

Спадарыня Алена не згодная з тым, што адвакат не можа выказвацца пра сітуацыю ў краіне, і падкрэслівае, што праца абаронцы мае дзве мэты: абарона правоў кліентаў і прававая асвета.

– З гэтай пазіцыі казаць пра парушэнне закону – наш абавязак. Калі б нашая юрыдычная сістэма працавала як гадзіннік, і парушэнні былі б адзінкавымі, магчыма, не было б вялікай патрэбы паўсюль казаць пра іх, але калі на ўсіх інстанцыях самыя грубыя парушэнні прызнаюць нормаю, трэба ўжо не казаць, а крычаць пра гэта.

А тое, што цяпер узяліся за адвакатаў, сведчыць, што ўлада баіцца сапраўды кваліфікаваных спецыялістаў, прычым тых, хто не проста абараняе кліентаў, а адкрыта кажа пра парушэнні. Бо адвакат, якія пераканаўча і аргументавана даводзіць сваю пазіцыю ў судзе, небяспечны для сістэмы. На маю думку, бліскучая прафесійная праца ўздзейнічае ў тым ліку на супрацоўнікаў праваахоўных органаў, на суддзяў найперш – не думаю, што ім прыемна прымаць загадзя незаконныя рашэнні. Таму ад такога ціску на сумленне ў выглядзе адвакатаў і імкнуцца пазбавіцца.

Што да ліцэнзіі, ужо тады, летам, калі пачыналі абскарджваць рашэнні аб фармаванні ўчастковых камісіяў, мы рабілі выбар – ці заставацца на больш камфортнай пазіцыі, ці адстойваць закон. Мы ўсведамлялі рызыкі. А ў жніўні, калі я начамі забірала скалечаных людзей з Акрэсціна, ніякіх пытанняў больш увогуле не стаяла. Ужо тады мы разумелі, чым гэта можа для нас скончыцца, а таксама што не мае асаблівага сэнсу трымацца за ліцэнзію, калі не працуе закон.

Ігар Ільяш, муж палітзняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай. 19 сакавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У Беларусі выбітная абарона ў судзе цягне за сабой пераслед

Ігар Ільяш, журналіст, муж журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай – кліенткі Сяргея Зікрацкага з пачатку 2020 года.– На мой погляд, у працы адваката ёсць два складнікі: чыста юрыдычны, а таксама ўменне наладзіць асабістыя стасункі з падабаронным і ягонай сям’ёй. Дык вось, у абодвух гэтых складніках я б ацаніў працу Сяргея Зікрацкага як найвыбітнейшую. Мне ёсць з чым параўноўваць. Я шмат бываў на судах і ў звычайных крымінальных справах, і ў палітычных. І магу сказаць, што праца Сяргея, ягоныя выступы ў спрэчках уразілі мяне ўзроўнем аргументаванасці, паслядоўнасці. У Кацінай справе ён правёў каласальную працу, каб разбіць тэзісы следства. У любым нармальным судзе гэта прывяло б да апраўдання, і зрабіла б Сяргею кар’еру. У нас выбітная абарона цягне за сабою пераслед.

Другі ж складнік – асабістых стасункаў – у сённяшняй Беларусі, калі не працуюць законы, мне падаецца нават больш важным. Адвакат у нашых умовах – той чалавек, ад якога сям’я можна атрымаць самыя дакладныя звесткі пра маральны, эмацыйны стан свайго блізкага за кратамі. Нават лісты не заўсёды могуць усё дакладна перадаць, бо калі ты пішаш, то разумееш, што гэта будзе чытаць цэнзура. Таму важна, каб адвакат умеў знайсці кропкі сувязі з сям’ёй і падабаронным. Сяргей выдатна спраўляецца з гэтаю задачай. Ён вельмі інтэлігенты, далікатны, уважлівы да дэталяў, эмацыйнага стану, і гэта моцна дапамагае бесперапынна падтрымліваць кантакт з чалавекам за кратамі.

Адвакат Сяргей Зікрацкі падчас пасяджэння над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. 9 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Сяргей – безумоўна яскравая асоба, адзін з найвыбітнейшых адвакатаў Беларусі. Ён ніколі не баяўся адкрыта каментаваць сітуацыю, пры гэтым даючы дакладныя ацэнкі і не выходзячы за межы прафесійнай этыкі. Сумленна і прынцыпова публічна адстойваў сваю пазіцыю, за што цяпер можа пацярпець. Сяргею цалкам давярае Каця, давяраю я. Страціць такога абаронцу будзе балючым ударам для нас.

Дзяржава зноў выціскае лепшых

Андрэй Бастунец, старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», юрыст:

– Дзяржава зноў выціскае лепшых, у той час як наадварот, павінна даваць магчымасць грамадзянам самім выбіраць і якія медыі чытаць, і каго клікаць для абароны ў судзе. Мы ўжо праходзілі праз такія ж працэсы ў 2011 годзе, пасля Плошчы-2010.

Сяргея я ведаю вельмі даўно, з часоў, калі ён пачынаў працаваць як медыйны юрыст, яшчэ да статусу адваката. Тое, што сёння адбываецца, прыкра, але гэта не было нечаканасцю для нас і для самога Сяргея. Ён быў гатовы да такога сцэнару яшчэ пасля пераатэстацыі іншых адвакатаў. Відавочна, што беларуская дзяржава хоча пакінуць адвакацкую самастойнасць толькі на словах. Да поўнай падпарадкаванасці вядуць і гэтыя пазбаўленні ліцэнзіяў, і змены ў закон аб адвакатуры, якія нас чакаюць.

У Беларусі не так шмат адвакатаў, юрыстаў, якія спецыялізуюцца на медыях. Сяргей – адзін з лепшых у гэтай галіне. Ён займаўся і аўтарскім правам, і абараняў журналістаў у судах. Мне будзе вельмі шкада, калі з палітычных прычынаў яму будуць чыніць перашкоды для працягу адвакацкай дзейнасці.

Hавiны
Франак Вячорка: Рэпрэсіі дорага каштуюць. Рэжым пойдзе на саступкі, хоча ён таго ці не хоча
2021.03.24 00:05

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў