У Менску з’явіўся яшчэ адзін атрад спецназу


У Менску зʼявіўся чарговы атрад спецыяльнага прызначэння «Граніт». Ён створаны на базе вайсковай часткі 5448. Адкрыццё падраздзялення прайшло 23 лютага з міністрам МУС Іванам Кубраковым, паведамляе прэс-служба МУС. 

МУС паказвае, чым будзе займацца новы атрад спецназу.
Фота: mvd.gov.by

Сярод асноўных задачаў спецпадраздзялення – барацьба з незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі і дыверсійна-выведнымі групамі, сілавая дапамога аператыўнікам пры затрыманні небяспечных злачынцаў, узмацненне аховы дзяржаўнай мяжы, распавядае прэс-служба МУС.

«Сёння адкрытае новае спецыяльнае падраздзяленне “Граніт”, што будзе працаваць на тэрыторыі гораду Менску. Гэта падраздзяленне, што было неабходнае, бо ў гарадскіх умовах у нашай сталіцы неабходна выконваць спецыяльныя задачы. Сёння я бачу, што падраздзяленне ўжо гатовае, сфармаванае, яно цалкам укамплектаванае, маецца спецыяльная тэхніка, узбраенне», – кажа Кубракоў.

Міністр МУС Іван Кубракоў прыехаў віншаваць сілавікоў з 23 лютага і вітаць новы атрад спецназу.
Фота: mvd.gov.by

«Граніт» – гэта ўжо дзясяты атрад спецназу ў Беларусі. Кубракоў распавёў, што адзін з атрадаў – «Рысь» – нібыта абясшкодзіў дыверсанта ў Лельчыцкім раёне.

Таксама дзейнічаюць атрады «Тарнада», «Рысь», «Беркут», «Шторм», «Тайфун», «Буран», «Цыклон», «Смерч» і «Гонар».

Стварэннем усё новых атрадаў захоплены намеснік міністра МУС і камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. Паводле крыніцаў «Нашай Нівы», ён нават хоча вывесці спецназ са складу ўнутраных войскаў і зрабіць з яго аналаг«Росгвардыі».

Ствараюцца атрады часта з адною і тою ж мэтаю, калі верыць Карпенкову. Гэта «барацьба з дыверсійна-выведнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі». Прынамсі, такія мэты ён заяўляў у 2023 годзе, калі распавядаў пра фармаванне «Рысь», «Смерч», «Гонар» і «Беркут». Ён таксама казаў, што ягоны спецназ «не горшы за ПВК Вагнэра» і што ён гатовы супрацьстаяць палку Каліноўскага.

Hавiны
«Чэкісцкая ваенная аперацыя». Лукашэнка заявіў, што ў Лельчыцах затрымалі дыверсантаў
2024.02.16 13:15

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў