Рост эканомікі і інфляцыя. Як вайна ва Украіне паўплывала на Еўропу, Сярэднюю Азію і Каўказ


Пасля ўварвання Расеі ва Украіну 24 лютага 2022 года асноўную плынь уцекачоў з Украіны прыняла Польшча. У сваю чаргу, расейцы ды беларусы, нязгодныя з вайной, паехалі пераважна ў Грузію, Арменію, Казахстан ды іншыя краіны Сярэдняй Азіі. Яшчэ больш эмігрантаў з Расеі ў гэтыя краіны дадалося ў верасні, пасля абвяшчэння частковай мабілізацыі. Вялізныя плыні людзей, вайна, а таксама санкцыі ў дачыненні Расеі паўплывалі на эканоміку ўсіх гэтых краінаў. Мы паглядзелі, як там змянілася жыццё за апошні год.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Andrzej Hulimka / Forum

Грузія

Небывалы рост эканомікі 

Паводле МУС Грузіі, цягам 2022 года грузінскую мяжу перайшлі амаль 1,5 мільёна грамадзянаў Расеі. Гэта ў 4 разы больш, чым у 2021 годзе. Большасць з іх не засталася ў Грузіі – вярнулася назад у Расею ці паехала далей. Стала застаюцца ў Грузіі 110 тысяч расейцаў – 3 % ад насельніцтва краіны. З Украіны ў Грузію прыехалі больш за 30 тысяч уцекачоў.

Як такая колькасць мігрантаў адбілася на эканоміцы? З аднаго боку – небывалым ростам – 10 % за 2022 год. Паводле Нацыянальнага банку Грузіі, замежныя грамадзяне ў 2022 годзе патрацілі $ 3,5 млрд. Гэта на $ 300 млн больш, чым нават у дапандэмійным 2019 годзе.

Найбольш даходаў Грузія атрымала ад расейцаў – $ 891 млн. На другім месцы – Турцыя – $ 399 млн. Ад грамадзянаў Беларусі Грузія атрымала $ 244 млн.

За 2022 год у Грузію прыйшоў рэкордны ў гісторыі краіны лік грашовых пераводаў – $ 4,4 млрд. З Расеі было пераведзена больш за $ 2 млрд, што склала 47,29 % ад агульнай сумы трансфераў.

Нягледзячы на вайну і падтрыманне Украіны, у 2022 годзе Грузія на 50 % пашырыла гандлёва-эканамічную супрацу з Расеяй, якая заняла другое месца сярод партнёраў краіны пасля Турцыі – абарот склаў каля $ 2,5 млрд. Паводле арганізацыі «Transparency International Georgia», толькі за першыя паўгода 2022 года расейцы зарэгістравалі ў Грузіі 6400 кампаніяў, што ў 7 разоў перавышае паказнікі за ўвесь 2021 год.

У 2022 годзе амаль на 20 % умацавалася грузінская валюта – лары.

Мясцовыя жыхары не могуць дазволіць сабе арэнды жытла

Адначасова з эканомікай у Грузіі растуць цэны – найбольш на нерухомасць і харчы.

Цэны на арэнду кватэраў з лютага 2022 года да лютага 2023 года выраслі ў 2-4 разы. Зімой 2022 года кватэру-студыю плошчай 30 квадратных метраў у Батумі побач з морам можна было зняць за 400 лары (паводле тагачаснага курсу гэта нават менш, чым $ 150). Цяпер такая ж кватэра каштуе $ 400–500. Цэны арэнды двух- і трохпакаёвых кватэраў пачынаюцца ад $ 600, сустракаюцца прапановы $ 2500. У Тбілісі цэны на арэнду нават вышэйшыя, чым у Батумі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Эксперты прагназуюць павелічэнне цэнаў на арэнду і на продаж нерухомасці. Прадстаўнік Асацыяцыі нерухомай маёмасці Грузіі Отар Качкачышвілі кажа, што падаражэння можна чакаць ужо ў сакавіку 2023 года – цэны могуць вырасці яшчэ на 30 %.

Такі рост цэнаў на арэнду прыводзіць да таго, што мясцовыя жыхары не могуць арандаваць кватэры.

«Мясцовыя цяпер амаль не арандуюць кватэраў, – кажа батумскі рыэлтар Дата. – Не ведаю, як уладкоўваюць гэтае пытанне студэнты, хутчэй за ўсё, ці з бацькамі жывуць, ці кампаніяй здымаюць. Бо гэтыя цэны для грузінаў непад’ёмныя. Але што зробіш – такі рынак цяпер, таму так і здаём. Шмат для каго гэта стала добрай крыніцай заробку».

Заробкі і пенсіі ў Грузіі застаюцца нізкімі. Так, у Тбілісі з патрабаваннем падвышэння заробкаў пратэставалі лекары і кіроўцы службы хуткай дапамогі. Яны распавядалі, што каб пракарміць сям’ю, ім даводзіцца падпрацоўваць кур’ерамі. Мінімальны заробак медычных сёстраў у 2023 годзе складае 752 лары ($ 278), а лекараў – 1260 лары ($466). Пры гэтым заробкі дзяржслужачых у 2023 годзе паднялі на 10%, супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і вайскоўцаў – на 20%.

Пенсія па ўзросце да 70 гадоў цяпер будзе складаць 300 лары ($111), для асобаў, старэйшых за 70 гадоў – 365 лары ($ 135).

Хачапуры падаражэў больш чым на 20 %

Гадавая інфляцыя ў студзені 2023 года ў Грузіі склала 9,4 %. Харчы падаражэлі на 16,3 %, камунальныя паслугі – на 15,8 %, алкагольныя напоі і тытунь – на 9,3 %, цэны ў рэстаранах і кавярнях выраслі на 14,8 %. З харчоў найбольш падаражэлі: гародніна – на 27 %, хлеб – на 22 %, малако і яйкі – на 17 %, рыба – на 13 %.

У Грузіі ёсць свой аналаг «індэксу аліўе» – «індэкс хачапуры». Паводле інфармацыі Міжнароднай школы эканомікі Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэту (ISET), у снежні 2022 кошт прыгатавання аднаго імэрэцінскага хачапуры склаў 6,99 лары. Гэта на 21,7 % больш, чым у снежні 2021 года. Справа ў тым, што цягам года значна падаражэлі інгрэдыенты хачапуры – сыр, малако, масла, дрожджы, мука, яйкі.

Паводле вынікаў апытання Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту (NDI), на канец 2022 года 48 % жыхароў Грузіі адказалі, што лічаць стан эканомікі кепскім. Паводле гэтага ж апытання, у краіне сур’ёзнае беспрацоўе – 20 % рэспандэнтаў адказалі, што яны не працуюць.

Арменія

Развіццё ІТ-сектару і галіны гасціннасці

Арменія таксама стала адным з галоўных кірункаў, куды паехалі расейцы пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, а асабліва – пасля абвяшчэння мабілізацыі. Агульны лік мігрантаў з Расеі тут большы за 100 тысяч. Сярод іх значная колькасць – ІТ-спецыялісты, таму ў 2022 годзе армянскі ІТ-сектар стаў галіной, што расце найхутчэй.

Адначасова ад прытоку мігрантаў выйгралі і іншыя галіны эканомікі, пераважна тыя, што арыентаваныя на гасціннасць – гатэльны і рэстаранны сектар, паслугі і гандаль на канец 2022 года паказалі рост 30 %. Прыезд расейцаў паўплываў і на сектар будаўніцтва – паводле інвестыцыйнага банку «Renaissance Capital», у канцы 2022 года аб’ёмы будаўніцтва выраслі на 15–20 %.

Агульны рост эканомікі Арменіі ў 2022 годзе – 14,2 %, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту краіны. Сусветны банк ацаніў рост ВУП Арменіі ў 2022 годзе на 10,8 % і назваў гэта найлепшым паказнікам у рэгіёне.

Адначасова, гэтак жа, як і ў Грузіі, вырасла інфляцыя – у студзені 2023 года яна склала 8,1 %. Пік інфляцыі прыйшоўся на верасень – 9,9 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

Нацыянальная валюта Арменіі – драм – у 2022 годзе ўмацавалася адносна долара, аднак гэта не прывяло да аслаблення інфляцыі.

Эканамічны рост – часовы

Харчы за год падаражэлі на 10 %, алкагольная і тытунёвая прадукцыя – на 8,9 %, адзенне і абутак – на 7,2 %, камунальныя паслугі – на 8,2 %. Найбольш цэны падняліся на побытавую тэхніку і тавары хатняга карыстання – на 13,1 %.

Даражэйшымі сталі медычныя паслугі – на 3,1 %, транспартныя – на 6,1 %, адукацыйныя – на 4,7 %, культуры і адпачынку – на 9,8 %.

Значна падаражэла арэнда жытла. Эмігранты, якія спачатку паехалі ў Арменію, а потым пераехалі ў Грузію, распавядаюць, што ў Ерэване арэнда нават даражэйшая, чым у Тбілісі, і двух-трохпакаёвыя кватэры танней за 1000 $ цяпер цяжка знайсці.

У 2023 годзе «Renaissance Capital» чакае, што эканоміка Арменіі вырасце ад 5 да 7 %. У той жа час эксперты лічаць, што эканамічны ўсплёск у Арменіі часовы. Ёсць імавернаць, што расейцы з цягам часу будуць з’язджаць, а гэта запаволіць эканамічны рост. Сусветны банк таксама чакае запавольвання тэмпаў росту ВУП у 2023 годе – да 4,1 %. Запаволіцца рост эканомікі ўвогуле па ўсім Паўднёвым Каўказе, паводле Сусветнага банку, у сярэднім да 3,3 %.

Казахстан

Транспартна-лагістычная залежнасць ад Расеі

Тэмпы эканамічнага росту ў Казахстане не так уражваюць, як у Арменіі ды Грузіі, хоць гэтая краіна таксама стала адным з галоўных кірункаў для расейцаў, асабліва пасля абвяшчэння мабілізацыі. Да 27 верасня 2022 года, паводле дадзеных МУС Казахстану, у краіну заехалі амаль 100 тысяч расейцаў, а за ўвесь трэці леташні квартал мяжу прайўлі 1,25 мільёна грамадзянаў Расеі.

Расейцы прывезлі ў Казахстан грошы – да 10 кастрычніка сума сродкаў расейцаў у мясцовых банках павялічылася ў 3,5 разу.

Рост эканомікі Казахстану ў 2022 годзе склаў 3,1 %. Такая павольнасць тлумачыцца тым, што ў Казахстане эканоміка мае іншую структуру, чым малыя эканомікі выразна сэрвіснага тыпу Грузіі і Арменіі. У Казахстане няма такога турыстычнага сектару, як у гэтых краінах, і акрамя таго, улады Казахстану робяць стаўку на прамысловасць і імкнуцца залучаць буйны бізнес.

Пасля ўварвання Расеі ва Украіну і накладзеных на Расею санкцыяў Казахстан чакаў добрых умоваў для экспарту нафты, піша газета «Актобе Таймс». Аднак праз транспартна-лагістычную залежнасць ад Расеі даходы нафтаздабывальнай сферы засталіся на ранейшым узроўні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: CFOTO / ddp images / Forum

Балючы момант для казахскай эканомікі – блакаванне транзіту казахстанскіх энергарэсурсаў праз тэрыторыю РФ. Казахстан экспартуе больш за 90 % нафты з выкарыстаннем транспартна-транзітнай інфраструктуры Расеі, з іх толькі пра Каспійскі трубаправодны кансорцыум праходзіць каля 80 % казахстанскай нафты, 70 % экспартуецца ў краіны ЕЗ. Цягам 2022 года Расея тройчы спыняла Каспійскі трубаправодны кансорцыум, што негатыўна адбівалася на Казахстане, бо даходы ад нафты забяспечваюць каля траціны бюджэту Казахстану.

Пераезд міжнародных кампаніяў

Санкцыі супраць Расеі неадназначна ўплываюць на Казахстан. З аднаго боку, яны правакуюць цяжкасці праз чалецтва ў ЕАЭС, агульную сухапутную мяжу, супольную інфраструктуру, шчыльныя эканамічныя сувязі і ўвогуле праз рэсурсную эканоміку, што ёсць вынікам каланіяльнай палітыкі Расеі. З іншага боку, цяперашняя сітуацыя можа стаць трамплінам для Казахстану ў развіцці.

Расея – асноўны гандлёвы партнёр Казахстану. Цягам студзеня – жніўня 2022 года Казахстан імпартаваў тавараў з Расеі на $ 11 млрд, што больш, чым у даваенныя часы ($ 10,7 млрд у 2021 годзе). Транзіт з Еўропы і ЗША ў выніку геаграфічнага становішча Казахстану таксама ідзе праз Расею. На долю Расеі раней прыходзілася каля 40 % агульнага імпарту Казахстану. У некаторых пазіцыях імпарт з Расеі дасягае 80 %. Калі Расея ўвяла забароны на экспарт цукру і збожжа, гэта таксама паўплывала на цэны на харчы. Як і ў іншых краінах, куды масава паехалі расейцы, у Казахстане моцна выраслі цэны на арэнду жытла – у вялікіх гарадах у два разы.

Пасля таго, як казахская нафтавая галіна скараціла пастаўкі на ўнутраны рынак удвая, у тым ліку, для вытворчасці дызельнага паліва, яно падаражэла на 42 %. Гэта выклікала рост выдаткаў у аграпрамысловым комплексе, што прымусіла фермераў браць крэдыты. Усё гэта паўплывала на рост цэнаў на харчы – у 2022 годзе яны падаражэлі на 24,1 %. Цукар цягам 2022 года падаражэў на 77 %, макарона – на 36 %, мяса птушкі – на 25 %, пшанічны хлеб – на 25 %, малако – на 21 %.

Казахстан, тым не менш, спрабуе выкарыстаць сітуацыю сабе на карысць, а менавіта – скарыстаць адыход замежных кампаніяў з Расеі. Краіна актыўна запрашае іх да сябе, і, як паведамляў прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў, 56 міжнародных кампаніяў пераехалі з Расеі ў Казахстан.

Мігранты спрыяюць развіццю ІТ-сектару

Прыток расейцаў станоўча паўплываў на развіццё ІТ-галіны ў Казахстане, зазначаў у канцы лістапада міністр нацыянальнай эканомікі Алібек Куантыраў. У казахскую юрысдыкцыю пераехалі некалькі міжнародных тэхналагічных гігантаў з агульнай капіталізацыяй больш чым $ 27 млрд. Аднак за ІТ-сектар Казахстан канкуруе з іншымі краінамі рэгіёну – Арменіяй, ОАЭ, Кіпрам, Узбекістанам, Грузіяй і Турцыяй. Адначасова з прыездам высокакваліфікаваных спецыялістаў расце канкурэнцыя на ўнутраным рынку працы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: tadviser.com

Казахстан імкнецца скарыстаць санкцыі супраць Расеі і стаць пунктам уваходу міжнародных кампаніяў на рынак ЕАЭС і краінаў Цэнтральнай Азіі, а таксама заняць месца Расеі на рынках, з якіх яе выцясняюць санкцыі. У 2022 годзе Казахстан павялічыў экспарт у краіны ЕЗ пшаніцы, газу, нафтапрадуктаў.

Адначасова казахскія эксперты непакояцца, што краіна можа апынуцца пад пагрозай эканамічнай экспансіі расейскіх тавараў і зніжэння долі мясцовай прадукцыі на рынку, гэта можа стаць магчымым праз імкненне Расеі захаваць і ўмацаваць свае нішы ў тых краінах, дзе яна яшчэ мае доступ да рынку.

Польшча

Фірмы згубілі дасведчаных працаўнікоў-украінцаў, бо яны вярнуліся бараніць радзіму

Польшча прыняла найбольшую колькасць уцекачоў з Украіны, якія пайшлі пешшу праз мяжу адразу ж 24 лютага 2022 года. Паводле дадзеных польскай Памежнай аховы, з 24 лютага 2022 года да 12 лютага 2023 года ўкраінска-польскую мяжу прайшлі 9,797 мільёнаў украінцаў, пераважна жанчыны і дзеці. За гэты ж перыяд з Польшчы ва Украіну вярнуліся 7,867 мільёнаў асобаў.

Цяпер у Польшчы застаюцца 950 тысяч уцекачоў з Украіны, а акрамя іх – 1,2–1,3 мільёна грамадзянаў Украіны, якія прыехалі ў Польшчу яшчэ да пачатку вайны. Агулам атрымліваецца каля 2,3 мільёна асобаў. Польскі фонд развіцця (PFR) паведамляе, што каля 60-70 % уцекачоў з Украіны працуюць – то бок, каля 320-450 тысяч асобаў маюць працаздольны ўзрост.

Значная колькасць украінцаў, найперш мужчынаў, якія да вайны працавалі ў Польшчы, вярнуліся дамоў, каб пайсці на фронт. Негатыўныя наступствы гэтага адчулі на сабе будаўнічыя фірмы – яны страцілі дасведчаных працаўнікоў, а новых знайсці цяпер няпроста, бо выезд мужчынам з Украіны забаронены.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Adam Chelstowski / Forum

Пасля пачатку вайны шматлікія польскія фірмы сутыкнуліся з парушэннем ланцугоў паставак тавараў з Украіны і РФ – у Польшчу імпартавалі алей, кукурузу, ячмень, а таксама металы. Таксама Украіна пастаўляла ў Польшчу і Еўразвяз угнаенні. Адначасова паўсталі праблемы з экспартам на ўсход.

Рэкордная інфляцыя ўпершыню за 27 гадоў

Інфляцыя ў Польшчы расла яшчэ да вайны, праў пандэмію ковіду, а пасля ўварвання Расеі ва Украіну разагналася яшчэ больш, у той час як рост ВУП за 2022 склаў 4,9 % (у 2021 годзе гэты паказнік быў 6,8 %).

Польскія аналітыкі папярэджваюць, што пасля невялікага спаду цэнаў у снежні 2022 года цяпер варта чакаць далейшага падаражэння, і інфляцыя можа дасягнуць нават 19 % – апошні раз такія лічбы былі 27 гадоў таму. Галоўнай прычынай інфляцыі з пачаткам года будзе магчымы рост цэнаў на энерганосьбіты, асабліва пасля ўвядзення чарговых санкцыяў супраць Расеі 5 лютага. Хоць польскія эксперты пераконваюць, што паліва на еўрапейскім рынку будзе ставаць і без расейскага, цалкам магчыма, што яно стане даражэйшым.

Цэны на тавары, што набываюцца найчасцей , выраслі ў студзені 2023 года ў сярэднім на 20 % у параўнанні з 2022 годам. Паводле індэксу аналітычна-даследчай платформы «UCE Research» i Вышэйшай банкаўскай школы (WSB), на 59 % падаражэлі папяровыя ручнікі, на 50 % – маргарын. Сярод рэкардсменаў у падаражэнні таксама – туалетная папера, якая стала на 47 % даражэйшай, бананы – цана вырасла на 45 %, яйкі – падаражэлі на 41 %. На 40 % вырасла цана мыла і пральнага парашку. Цана на туалетную паперу і ручнікі тлумачыцца двухразовым падаражэннем цэлюлозы.

Таксама агульная сітуацыя паўплывала на рынак іпатэчных крэдытаў і нерухомасці – стаўкі ў крэдытах сур’ёзна выраслі.

У той жа час аналітыкі прадказваюць, што ў чацвёртым квартале 2023 года можна чакаць змяншэння маштабаў інфляцыі да адналічбавых паказнікаў.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў