«Яшчэ ёсць нармальны шанец». Эканаміст Львоўскі параіў беларусам забіраць грошы з банкаў


На фоне пачатку вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі імкліва абясцэніўся беларускі рубель у дачыненні еўра і долара. Разбіраемся з эканамістам Львом Львоўскім, што рабіць беларусам у гэтай сітуацыі.

Курсы ў абменніках на дзень 24 лютага.
Фота: Белсат

На гандляваннях 24 лютага курс долара ў Беларусі вырас на 5,9 % (15 капеек) да 2,7997 рубля, еўра – на 4,78 % (14 капеек) да 3,1375 рубля. Расейскі рубель патаннеў на 3,1 % да 3,2391 беларускага рубля за 100 расейскіх.

Курсы ў камерцыйных банках яшчэ вышэйшыя. Да некаторых з іх ужо выстраіліся чэргі з грамадзянаў, ахвочых купіць валюту.

«Купляць долары проста цяпер, напэўна, не трэба. Цяпер самая вострая рэакцыя. Але я думаю, што большасць беларусаў і без маіх парадаў традыцыйна большую частку лішніх грошай або ашчаджэнняў абменьваюць на долары і еўры. З гэтым у нас усё спакойна», – заявіў у каментары «Белсату» эканаміст Леў Львоўскі.

Hавiны
Долар на продаж – 2,95. Вырас курс і з’явіліся чэргі. Паглядзелі, што адбываецца каля абменнікаў
2022.02.24 12:06

А вось зняцце ўкладаў і грошай з рахункаў, на ягоную думку, «цяпер гэта добрая стратэгія».

«Пакуль што ў нас усе банкі дзеюць і працуюць. Крызіс, які здарыўся, выйшаў з расейскіх вайсковых ведамстваў, а не з нашай банкаўскай сістэмы. Але тым не менш трэба разумець, што цяпер, калі Беларусь таксама бярэ ўдзел у атацы на Украіну, на яе могуць быць накладзеныя самыя сур’ёзныя санкцыі», – адзначыў эканаміст.

Паводле адмыслоўца, у плане ўвядзення санкцыяў Беларусь цяпер у самым уразлівым становішчы:

«З аднаго боку, яна таксама бярэ ўдзел у атацы на Украіну, а з другога – яна не такі важны вытворца і дастаўца нафтапрадуктаў для Еўропы, як Расея. Так што мы можам чакаць самую жорсткую рэакцыю на Беларусь. Гэта азначае, што могуць пачацца праблемы з банкаўскімі пераводамі і гэтак далей. Нашыя банкі, хутчэй за ўсё, не згалеюць, але праблемы з выкарыстаннем банкаўскай сістэмы пачнуцца ці ўжо пачаліся. Я думаю, што ў беларусаў яшчэ ёсць нармальны шанец, асабліва калі гаворка не пра мільёны долараў, а пару сотняў ці тысячаў. Такія грошы ў банках яшчэ могуць знайсціся».

Hавiны
У Расеі абваліліся рубель і рынак акцыяў. Долар можа сягнуць 90 расейскіх рублёў
2022.02.24 08:43

Пры гэтым эксперт не бачыць сэнсу ў тым, каб закупляцца прадуктамі.

«Беларусь сама сябе забяспечвае харчамі. Але калі пачнецца нейкая паніка, то грэчка і туалетная папера могуць знікнуць з паліцаў крамаў на нейкі час. Але наўрад ці Беларусь пагрузіцца ў гуманітарны крызіс», – мяркуе эканаміст.

Набываць тэхніку ён таксама раіць толькі тым, хто і так думаў яе набыць.

«Калі вы пра гэта не думалі, а цяпер хочаце купіць халадзільнік як сродак ашчаджэння грошай, то гэта, напэўна, не найлепшы варыянт. Вам няма чаго будзе рабіць з двума халадзільнікамі і трыма тэлевізарамі. Такая стратэгія звычайна прайграе», – сказаў на заканчэнне Леў Львоўскі.

Раней эканамісты ўжо раілі беларусам забраць свае грошы з банкаў, якія трапілі пад амерыканскія санкцыі.

Hавiны
«Лепш долары адтуль забраць». Як заходнія санкцыі супраць Крамля ўдарылі па Менску
2022.02.23 18:13

ПС belsat.eu

Стужка навінаў