Рэферэндум у Беларусі трэба толькі Пуціну


Прыхільнікі дэмакратычных пераменаў дасюль спрачаюцца на тэму ўдзелу ці няўдзелу ў рэферэндуме. Часу не засталося зусім, а пытанняў усё больш. На некаторыя адказвае Анатоль Лябедзька ў новым ток-шоу «План Б».

Офіс Святланы Ціханоўскай прапаноўвае беларусам актыўны байкот: прыйсці на рэферэндум і паставіць у бюлетэні два крыжыкі, гэтак сапсаваўшы яго, а пасля адзначыцца ў сістэме «Голас», каб мець доказ непраўдзівасці афіцыйных вынікаў. Некаторыя моцна крытыкуюць гэты варыянт і заклікаюць проста не ісці на выбарчыя ўчасткі.

Анатоль Лябедзька дасціпна адказвае на крытыку пра стратэгію галасавання на так званым рэферэндуме:

«Мы з вамі крутыя, мы можам не пайсці на рэферэндум. А што будзе рабіць сярэднестатыстычны грамадзянін Беларусі, які працуе на МАЗе, БелАЗе ці жыве ў інтэрнаце? Не пойдзеш – на заўтра не будзеш працаваць. Таму гэтая падказка патрэбная ў першую чаргу ім».

Беларусы ўжо прызвычаіліся, што галасуй ці не галасуй, усё роўна даўно ўсё палічана. Анатоль Лябедзька мяркуе, што гэты рэферэндум нікому не трэба, нават Лукашэнку:

«Адзіны, каму гэта выгадна, – Уладзімір Пуцін, якому Лукашэнка праз канстытуцыйную рэформу дае магчымасць размяшчаць ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі».

Таксама ў праграме:

  • Санкцыі. Чаму Беларусь пад санкцыямі зарабіла ў разы большыя грошы, чымся да іх увядзення?
  • Палітычны крызіс. Апазіцыя ў стане знайсці з яго выйсце?
  • Небяспека. Ці адбудзецца вайна паміж ядравымі дзяржавамі?

Глядзіце ток-шоу «План Б» што другі аўторак на YouTube-канале «Белсат News», у дадатку «Belsat Smart» для тэлевізараў з функцыяй «Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS і «Android», a таксама ў эфіры «Белсату».

Стужка навінаў