«Пасля пачатку вайны ва Украіне Беларусі як незалежнай дзяржавы фактычна не існуе». Першыя рэакцыі экспертаў


Мяркуючы з інфармацыі медыяў, Беларусь бярэ ўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны. Пакуль маштабы гэтага ўдзелу няясны, але ў любым выпадку Беларусь пераўтвараецца ў патэнцыйную мішэнь для контрудараў.

Ачакаўскі марскі порт у агні.
Фота: УНИАН – новости Украины / Telegram

Беларусам не варта хвалявацца, што могуць бамбіць Менск ці іншыя буйныя гарады. У гэтым няма патрэбы. Дый наагул Кіеў асцярожна падыходзіць да любых захадаў супраць Беларусі, бо там імкнуцца аддзяляць беларускі народ ад рэжыму Лукашэнкі. Але ўдары па вайсковай інфраструктуры Гомельшчыны ці Берасцейшчыны (якія выкарыстоўваюцца як адзін з плацдармаў уварвання) цалкам магчымыя. Людзям, якія жывуць побач з такімі аб’ектамі, варта быць асцярожнымі.

На фоне трывожных навінаў сабралі першыя рэакцыі экспертаў на пачатак вайны Расеі з Украінай.

Палітолаг Павел Усаў у каментары «Белсату» пракаментаваў пачатак вайны ва Украіне: «Апошнія падзеі сведчаць пра тое, што Беларусь перайшла пад вонкавае кіраванне. І фактычна ўсе ключавыя рашэнні прымаюцца ў Крамлі і навязваюцца Лукашэнку. Можна казаць, што ён стаўся выключна выканаўцам вонкавапалітычных інтарэсаў Пуціна. І той факт, што Беларусь уцягнулася ў вайсковы канфлікт супраць Украіны, можа сведчыць пра тое, што як незалежнай дзяржавы Беларусі не існуе.

Як і Расея, Беларусь нясе адказнасць за пачатак вайны. А беларускае кіраўніцтва – вайсковыя злачынцы».

Гісторык Аляксандр Фрыдман: «Хто змагаецца, можа прайграць. Хто не змагаецца, ужо прайграў». Гэтыя словы Брэхта маюць асаблівае значэнне: Украіна змагаецца, Украіна не здаецца, Украіна не капітулявала перад чумою ХХІ стагоддзя, імя якой – пуцінская дыктатура.

Цяпер вельмі важна без хітрыкаў, адкрыта называць рэчы сваймі імёнамі: Расея развязала вайну супраць Украіны. Пуцінская Расея – вораг усяго цывілізаванага свету. Уладзімір Пуцін і ягонае асяроддзе – ваенныя злачынцы. Расейская армія ва Украіне – акупанты. Усе, хто ў той ці іншай ступені падтрымліваюць Расею, дапамагаюць злачынцам. Усе тыя, для каго свабода, дэмакратыя, гонар, годнасць і мараль не пустыя словы, – мы ўсе сёння УКРАІНА».

Hавiны
Міхаіл Кірылюк: Лукашэнка зрабіў Беларусь краінай-агрэсарам
2022.02.24 10:25

belsat.eu

Стужка навінаў