news
Аналітыка
Захаванне карупцыі і падтрыманне «зомбі». Што за закон аб банкруцтве прынялі ў Беларусі
Новы закон не дае падставаў думаць, што сітуацыя будзе змяняцца.
25.01.202407:40

У Беларусі ўжо амаль чатыры месяцы дзее новы закон аб банкруцтве. Улады краіны кажуць пра кардынальныя змяненні і новую ідэалогію дакументу, а незалежныя эксперты бачаць у ім адно кансервацыю найгоршых практык з невялікімі пазітыўнымі навацыямі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міністэрства эканомікі Беларусі.
Фота: sb.by

З 1 кастрычніка 2023 года ў Беларусі набыў моц закон «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці». Як адзначыў намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Юрый Кобец, гэты закон «кардынальна адрозніваецца» ад свайго папярэдніка, бо істотна змяняе працэдуры, прававое становішча і ролю ўдзельнікаў ды ў цэлым вылучаецца «сваёй ідэалогіяй і новымі падыходамі».

Дырэктар дэпартаменту санацыі і банкруцтва Міністэрства эканомікі Юрый Тараканаў назваў ключавой функцыяй закону забеспячэнне своечасовага аднаўлення стабільнай працы прадпрыемстваў, што гарантавала б тым самым «здароўе» эканомікі. А адзін з ягоных падначаленых Анатоль Сайчук увогуле заявіў, што асноўная мэта закону – «перадухіленне банкруцтва». Старшыня пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі ў пытаннях эканомікі, бюджэту і фінансаў Таццяна Рунец патлумачыла гэта тым, што нярэдка «праз нейкія няправільныя крокі, няправільныя разлікі, змяненне кан’юнктуры рынку і шмат якія іншыя эканамічныя параметры гаспадарчы субʼект можа аказацца на мяжы банкруцтва».

Паводле яе, закон, па-першае, стымулюе добраахвотнае і своечасовае абвяшчэнне субʼектамі гаспадарання сваёй неплацежаздольнасці, па-другое, павялічвае магчымасці захавання бізнесу і аднаўлення плацежаздольнасці і, па-трэцяе, павышае гарантыі вяртання інвестыцыяў і задавальнення патрабаванняў крэдытораў.

Што ў законе

Новы закон прадугледжанае поўнае суправаджэнне дзяржаўнымі і мясцовымі органамі ўлады судовага ўрэгулявання неплацежаздольнасці або ліквідацыі падведамных прадпрыемстваў. Больш за тое, мясцовыя ўлады абавязаныя папярэджваць на сваёй тэрыторыі неплацежаздольнасць і банкруцтва нават прыватных прадпрыемстваў.

Органы ўлады, «узгадняючы прапанаваныя планы, павінны разумець наступствы для даўжніка, рэгіёну, працоўнага калектыву, якія надыходзяць у сувязі з гэтым, тым самым узяўшы на сябе адказнасць» за гэта, сказаў Кобец.

Суд жа адыходзіць ад поўнага суправаджэння ўсіх працэдураў урэгулявання неплацежаздольнасці, займаючыся толькі прыняццем рашэнняў і разглядам спрэчак.

Адна з асаблівасцяў закону – неўжыванне банкруцтва да стратэгічных прадпрыемстваў, натуральных манаполіяў і прадпрыемстваў ВПК. Аднак да іх могуць ужываць захады дасудовага аздараўлення. Такім чынам запэўніваюцца бяспека краіны, захаванне індустрыяльнага характару эканомікі і нацыянальнага капіталу ў крытычных сферах, заявіў Тараканаў.

Аб’ектыў
«Горадаўтваральныя» прадпрыемствы апынуліся на мяжы банкруцтва
2023.10.23 22:15

Кобец адзначыў, што адной з цэнтральных фігураў ва ўрэгуляванні неплацежаздольнасці прадпрыемства робіцца антыкрызісны кіраўнік, які атрымлівае дадатковыя паўнамоцтвы. Таму, сказаў прадстаўнік Вярхоўнага Суда, узмацняюцца патрабаванні да ягонай працы і ўзнагароды за вынікі.

Акрамя таго, прапісанае абавязковае сяброўства прадстаўнікоў работнікаў у камітэце крэдытораў, незалежна ад памеру завінавачанасці за заробкі. Паводле Кобца, «гэта важна з гледзішча абароны інтарэсаў работнікаў».

Дакумент стымулюе прадпрыемствы ініцыяваць сваю санацыю пры першых крызісных зʼявах, не чакаючы, калі крэдыторы паставяць пытанне аб банкруцтве. Як заявіў Кобец, у такіх выпадках «не патрабуюцца гады такога падтрымання, дастаткова працягнуць руку дапамогі на працягу 4-6 месяцаў», каб паправіць сітуацыю.

Згодна з законам, максімальны тэрмін санацыі складае тры гады з магчымым прадаўжэннем на два гады для аднаўлення плацежаздольнасці або разліку з крэдыторамі. Калі санацыяванае прадпрыемства не гатовае вярнуцца да нармальнай працы, яму могуць даць яшчэ адно адтэрміноўванне. Падчас санацыі прадпрыемства будзе працаваць «у ашчадным рэжыме», падкрэсліў Тараканаў. У прыватнасці, замарожваюцца яго даўгі, акрамя выплатаў у ФСАН і заробкаў, спыняюцца штрафы, пені і адсоткі, адмяняюцца прымусовыя і бясспрэчныя спагнанні, памяншаецца адсоткавая стаўка за карыстанне замарожанымі сродкамі.

Прадпрыемствы, выдаткі на падтрыманне якіх перавышаюць аддачу, падлягаюць «кіраванай ліквідацыі». Іх будуць прадаваць інвестарам або цалкам перадаваць крэдыторам для пагашэння патрабаванняў. Ліквідацыя даўжнікоў без маёмасці будзе фінансавацца ініцыятарам банкруцтва, а не за кошт бюджэту, як раней. Дый у цэлым першасныя выдаткі правядзення працэдуры ўскладаюцца на ініцыятара банкруцтва (акрамя дзяржаўнага органу).

«Калі адзін з крэдытораў пачынае гэтую працэдуру, то мусіць пралічыць усе выдаткі. Гэта, на наш погляд, будзе вельмі сурʼёзна дысцыплінаваць заяўнікаў», – сказаў Кобец.

З прадпрыемстваў у працэсе ліквідацыі будуць спаганяць запазычанасць перад ФСАН і на выплату заробкаў за кошт продажу закладной маёмасці. А рэшту сродкаў будуць накіроўваць закладному крэдытору (акрамя 20 % для бюджэту і на аплату судовых выдаткаў). Змяніліся і нормы прыцягнення да субсідыярнай адказнасці паводле абавязкаў даўжніка.

Дакумент рэгулюе перадачу актываў, якія былі ў выключнай уласнасці дзяржавы або адносіліся да інфраструктуры, на баланс іншага дзяржпрадпрыемства.

Таксама закон вызначае, што ад імя дзяржавы ў якасці крэдытора можа выступаць падатковы орган, а не шырокае кола субʼектаў, як было раней.

«Падатковыя органы бяруць на сябе дадатковую нагрузку, але ўсе дакладна ведаюць, што ў кожнай справе будзе адзін прадстаўнік дзяржавы, не будзе мытных органаў, фінансавых органаў, падатковых органаў», – сказаў Кобец, адзначыўшы, што гэта «вельмі сурʼёзна» патанніць працэс.

Амаль усе звесткі пра працэдуры ў справах аб неплацежаздольнасці або банкруцтве і спрэчкі, звязаныя з імі, павінны публікавацца ў Адзіным дзяржаўным рэестры звестак аб банкруцтве. Як заявіў Тараканаў, гэта дазволіць мінімізаваць выдаткі і завяршыць ліквідацыю своечасова.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

Таксама прадугледжваецца перавод рэалізацыі маёмасці выключна на электронны гандаль. Паводле Кобца, гэта «здымае вельмі шмат карупцыйных рызыкаў, робіць працэдуру максімальна празрыстай, зручнай і выніковай».

Як будуць змагацца са злоўжываннямі

Чыноўнікі прызнаюць, што нядобрасумленныя даўжнікі і крэдыторы могуць паспрабаваць злоўжываць правам на санацыю. Таму, паводле Тараканава, для яе ініцыявання ад прадпрыемства патрабуецца скласці папярэдні план з апісаннем мэтаў, задачаў, тэрмінаў і механізмаў, якія дазволяць аднавіць плацежаздольнасць, задаволіць патрабаванні крэдытораў, прыцягнуць інвестыцыі, дзяржпадтрыманне, вызначыць лёс маёмасці. Праблему злоўжывання мусіць спыніць права Эканамічнага суда перавесці санацыю ў ліквідацыю. А права падатковага органу бясспрэчна праз паўгода спаганяць назапашаныя бягучыя плацяжы ў бюджэт мусіць уплываць на «гавані неэфектыўнасці» ў выглядзе працяглых безвыніковых санацыяў, сказаў Тараканаў.

Апроч таго, узмоцнены парадак ініцыявання крэдыторамі працэдуры ліквідацыі, каб не «парушыць вытворчага працэсу». Але пашыраныя магчымасці заключэння міравых пагадненняў. Як сказаў Тараканаў, усё гэта закліканае «стымуляваць крэдытораў знаходзіць кампрамісы ў падтрыманні плацежнай дысцыпліны».

Ніводнае пытанне не развязанае

Тым не менш, нягледзячы на хвалебныя заявы чыноўнікаў, юрыст Міхаіл Кірылюк, які сам раней працаваў антыкрызісным кіраўніком, скептычна ставіцца да новага закону. Да 2020 года ён з шэрагам сваіх калегаў на запрашэнне Мінэканомікі браў удзел у распрацоўванні праекту закону аб банкруцтве. У прыватнасці, чыноўнікаў цікавілі прапановы ўдзельнікаў рынку адносна развязання карупцыйных пытанняў, праблемы прызначэння антыкрызіснага кіраўніка і ягонага ўзнагароджання.

Паводле Кірылюка, адной з галоўных прычынаў карупцыі ў сферы банкруцтва ёсць нізкія заробкі антыкрызісных кіраўнікоў. Але пасля таго як юрыст прапанаваў зрабіць кіраўніку «вялікі белы заробак», на які б пагадзіліся крэдыторы, а не прывязваць яго да базавых велічыняў ці сярэдняга заробку, у Мінэканомікі Кірылюка больш не запрашалі.

«Крэдыторы – гэта тыя людзі, каму належаць грошы. Калі яны хочуць яму плаціць 10 тысячаў, хай плацяць, каб ён прадаў за гэта завод за мільён, а не шукаў хабар па дварах. А калі вы гэтага не робіце, вы карупцыйнага складніку не знішчаеце, а наадварот, утвараеце», – сказаў Кірылюк у каментары «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У выніку цяпер закон усё ж прынялі, але ніводная з праблемаў так і не развязаная. У прыватнасці, засталося пытанне пра тое, як прызначаць антыкрызісных кіраўнікоў, каб зменшыць рызыкі карупцыі. Не падвысілі і іхных заробкаў.

«Ёсць інавацыя добрая, якую трэба пахваліць. Цяпер умовай падачы заявы на банкруцтва ёсць дэпазіт ад таго, хто заяўляе гэты пазоў, у памеры каля 6000 рублёў. Гэта лепш, чым тое, што было раней. Але толькі для часткі справаў. Калі гэта банкруцтва шапіка, то гэтага дастаткова. Але праблемы будуць пачынацца там, дзе вядзецца пра банкруцтва буйных дзяржаўных прадпрыемстваў», – адзначыў юрыст.

Агулам Кірылюк не разумее, чаму так і не было развязанае карупцыйнае пытанне. На ягоную думку, гэта можна было б зрабіць, проста даўшы крэдыторам права самастойна распараджацца ўласнымі грашыма. Часткова адмову ад гэтага юрыст бачыць у тым, што ўлады з 2020 года «перасталі з бізнесам увогуле размаўляць». Дый сярод тых, хто спрабаваў развязаць праблемы, «шмат хто ў турме, а хто – у выгнанні».

У прыватнасці, дагэтуль не развязаная праблема карупцыйнай звязкі антыкрызіснага кіраўніка і суддзі, які яго прызначае. На думку Кірылюка, найлепш было б легалізаваць практыку, калі антыкрызісным кіраўніком прызначаўся б той, каму давярае найбуйнейшы крэдытор.

Дрэнна інвестару, дрэнна і эканоміцы

Агулам, адзначыў юрыст, заканадаўства пра банкруцтва наўпрост уплывае на інвестыцыйную прывабнасць і праз гэта на эканоміку Беларусі. Ён падкрэсліў, што адным з параметраў якасці ўмоваў для вядзення бізнесу ёсць тое, наколькі хутка можна забраць свае ж грошы і сваю пазыку ў выпадку банкруцтва.

«У новым законе я, на жаль, не бачу падставаў для таго, каб вырасла хуткасць працэдуры банкруцтва. Я не бачу радыкальных зменаў, якія маглі б паказаць замежным інвестарам тое, што яны будуць атрымліваць свае грошы хутчэй», – заявіў Кірылюк.

Пры гэтым ён адзначыў са спасылкай на размовы з профільнымі чыноўнікамі, што для большасці беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў есць 100% падставы ў законе пачынаць адносна іх працэдуру банкруцтва. Каштоўнасць іх «актываў», сказаў Кірылюк, істотна штучна перабольшаная і існуе па вялікім рахунку на паперы. Яны гадамі не плацяць свае даўгі і жывуць фактычна за кошт крэдытораў.

«І тое, што яны цяпер не ў працэдуры, – гэта рашэнне не эканамічнае, а палітычнае», – падкрэсліў юрыст.

Паводле яго, Мінэканомікі «проста вынішчыла» з інструкцыі каэфіцыенты, з дапамогай якіх антыкрызісны кіраўнік мог бы вылічваць, ёсць прадпрыемства банкрутам ці не.

«Цяпер гэтых каэфіцыентаў няма. Цяпер трэба вельмі прымітыўна параўноўваць памер маёмасці і даўгоў. А калі замест трох каэфіцыентаў з формуламі ўводзяцца два і без формулаў – гэта не развіццё, а спрашчэнне. А эканоміка і аўдыт – гэта не тыя рэчы, якія любяць спрашчэнні», – дадаў Кірылюк.

Hавiны
Лукашэнка прыгразіў інвестарам, каб не «шукалі нажывы» ў Беларусі
2024.01.18 13:58

На ягоную думку, гэта можа спрычыніцца да таго, што беларуская эканоміка будзе працягваць фінансаваць «зомбі-прадпрыемствы», якія не маюць прыбыткаў і якім нельга будзе банкрутаваць, каб утрымліваць сацыяльную базу Лукашэнкі. Хоць, падкрэсліў суразмоўца, выгадней было б працаўнікам такіх прадпрыемстваў выплаціць іхны заробак за два гады, каб яны за гэты час знайшлі сабе іншую спецыяльнасць, а само прадпрыемства закрыць, каб яно не генеравала больш выдаткаў і не спажывала больш падаткаў.

«Гэта б было карысна для ўсіх беларускіх падаткаплатнікаў. А тое, што цяпер адбываецца, карысна для кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ездзяць на добрых машынах, жывуць за падаткі, нічога не робяць, але банкрутамі іх ніхто не прызнае», – заключыў Кірылюк.

І новы закон, паводле яго, не дае падставаў думаць, што сітуацыя будзе змяняцца. Наадварот, дадаў юрыст, падобна, што дакумент напісаны для таго, каб сённяшняе становішча зафіксаваць.

Каментар
Гучнае адкрыццё заводу ў 2013-м і яго банкруцтва ў 2023-м. Але вінаватых у марнатраўстве няма
2023.04.19 07:30

Макар Мыш belsat.eu