У Беларусі за 2022 год затрымалі ў крымінальных справах 12 жыхароў Латвіі


Цягам 2022 года ў Беларусі паводле падазрэння ва ўчыненні крымінальных злачынстваў былі затрыманыя 12 жыхароў Латвіі, піша «Delfi» са спасылкаю на прэс-сакратарку латвійскага МЗС Дыяну Эгліце.

Колькасць затрыманых латвійцаў рэзка вырасла з 15 красавіка 2022 года – з моманту ўвядзення Беларуссю бязвізавага рэжыму для жыхароў Латвіі.

Рыжская крымінальная паліцыя ў сакавіку 2022 года шукала дзвюх жанчын, зніклых без вестак, якія не вярнуліся ў Латвію пасля паездкі ў РБ. Потым стала вядома, што адна з іх была затрыманая ў Беларусі і трапіла за краты. Консульства Латвіі ў Віцебску спрабуе аказваць ёй індывідуальную консульскую дапамогу «ў межах магчымасцяў».

МЗС Латвіі настойліва заклікае латышоў не ездзіць у Беларусь, дзе ўжо заявілі, што бязвізавы рэжым для жыхароў Латвіі будзе дзеяць і налета. Міністэрства не раіць карыстацца гэтым бязвізам праз «праблемы з забеспячэннем законнасці ў Беларусі». Папярэджвае таксама, спасылаючыся на выведкі Латвіі і краінаў NATO, што беларускія службы могуць вербаваць латышоў.

«У дачыненні латышоў могуць адбывацца правакацыі з боку беларускіх спецслужбаў, выстаўляцца ілжывыя абвінавачанні ў парушэнні законаў Беларусі. У выніку людзей могуць арыштоўваць», – тлумачыць прэс-сакратар МЗС.

Як перадае Памежны камітэт Беларусі, з пачатку ўвядзення бязвізавага рэжыму ў 2022 годзе нашую краіну наведалі каля 370 тысяч жыхароў краінаў Еўразвязу, з іх каля 110 тысяч чалавек прыязджалі з тэрыторыі Латвіі.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў