Прысуд у справе былога следчага СК Яўгена Юшкевіча агучаць 26 снежня


Палітвязня і былога следчага СК Яўгена Юшкевіча з 15 лістапада судзяць у закрытым рэжыме. Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», Менскі гарадскі суд абвесціць вырак у панядзелак, 26 снежня.

Былы следчы і ініцыятар праекту «ByChange» Яўген Юшкевіч быў затрыманы 19 красавіка 2021 года і застаецца ў СІЗА № 1 у Менску. Яму выставілі абвінавачанне адразу паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Вінавацяць сярод іншага ў абразе Аляксандра Лукашэнкі і распальванні сацыяльнай варожасці. Праваабаронцы пішуць, што Юшкевічу пагражае да 15 гадоў калоніі.

Ягоную справу ў Менскім гарадскім судзе разбірае Алена Ананіч. Прысуд будзе агучаны а 9:45 у зале № 8.

Палітвязень Яўген Юшкевіч застаецца за кратамі 1 год і 8 месяцаў. У 2020 годзе ён быў распрацоўнікам і ініцыятарам праекту «ByChange», што дапамагаў у навучанні і перападрыхтоўцы дзяржаўных службоўцаў і людзей, якіх звольнілі з працы з палітычных матываў.

Паводле «Вясны», на 23 снежня ў Беларусі палітычнымі вязнямі прызнаныя 1443 асобы. Ініцыятыва «Dissidentby» лічыць, што ў Беларусі за кратамі цяпер 1725 палітвязняў.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў