Пракурор запатрабаваў для старшыні БКДП Аляксандра Ярашука 4 гады калоніі


У Менскім гарадскім судзе працягваецца разбор крымінальнай справы, распачатай супраць актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП). Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў прысудзіць Аляксандру Ярашуку 4 гады зняволення, перадае «Вясна».

Прафсаюзных актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў – Аляксандра Ярашука, Сяргея Антусевіча і Ірыну Бут-Гусаім вінавацяць у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Ярашуку выставілі таксама абвінавачанне ў закліках да захадаў абмежавальнага характару, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК).

Пракурор просіць прызнаць актывістаў вінаватымі і пакараць Аляксандра Ярашука 4 гадамі зняволення, Сяргея Антусевіча – 2 гадамі, Ірыну Бут-Гусаім – пазбавіць свабоды на паўтара года. Працэс вядзе суддзя Валянціна Зянкевіч.

Абвінавачаныя застаюцца пад вартаю з 19 красавіка 2022 года. На судзе яны прызналі сваю віну. Раней Вярхоўны Суд спыніў дзейнасць Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў «у сувязі з фактамі парушэнняў патрабаванняў Канстытуцыі Беларусі».

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў