Яшчэ сем еўрапейскіх краін далучыліся да пятага пакета санкцый супраць беларускага рэжыму


Чатыры краіны-кандыдаты на ўступленне ў Еўразвяз і тры краіны Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (ЕАСГ) далучыліся да апошніх санкцый Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі.

Да санкцый далучыліся Паўночная Македонія, Сербія, Албанія і Чарнагорыя, паведамілі ў прэс-службе Еўрасавета.

Таксама да санкцый далучыліся краіны ЕАСГ: Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія, якія ўваходзяць у Еўрапейскую эканамічную прастору. Швейцарыя ўвяла санкцыі яшчэ 20 снежня.

«Еўрапейскі саюз прымае да ведама гэтае абавязацельства і вітае яго», – гаворыцца ў паведамленні.

У пяты санкцыйны пакет Еўразвязу ўвайшлі 11 кампаній і 17 фізічных асоб. Так, пад санкцыі патрапілі кампаніі «Белавія» і «Цэнтркурорт», турыстычнае агенцтва «Оскартур», гатэлі «Менск» і «Планета», Асобная служба актыўных мерапрыемстваў, сірыйская авіякампанія «Cham Wings Airlines» і пашпартна-візавы цэнтр «VIP Grub» (Турэччына). Таксама санкцыі ўведзеныя супраць прадпрыемства «Горадня Азот» (у тым ліку супраць яго філіялу «Горадня Хімвалакно»), «Белшыны» і «Беларуснафты».

Пад персанальныя санкцыі трапіла кіраўніцтва Дзяржаўнага памежнага камітэту, суддзі, працаўнікі ДФР і пракуроры, а таксама прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз і кіраўнік тэлеканалу ОНТ Марат Маркаў.

Эканоміка з Чалым
Пад шум беларускіх санкцыяў запланавалі перадзяліць рынак
2021.12.16 19:30

АД, belsat.eu

Стужка навінаў