Ці папросяць прабачэння арганізатары канферэнцыі ў беларускіх даследнікаў?


Скандал у акадэмічнай супольнасці напярэдадні правядзення міжнароднай навуковай канферэнцыі – рэч цалкам нечаканая. Канферэнцыя пад назваю «Інавацыі ў філалогіі: меры засцярогі або патрэба часу» запланаваная на 6–7 снежня ў Акадэміі паланістыкі ў Чэнстахове. На першы погляд, усё як звычайна: даклады, абмеркаванні, праца ў секцыях. Мовы канферэнцыі – украінская, польская, англійская. Але з’явілася адное «але».

Ілюстрацыйны здымак. Беларускія кнігі на кніжнай выставе ў Беластоку.
Фота: Радыё Рацыя

Арганізатары у рассылцы запрашэння для ўдзелу ў канферэнцыі ўказалі літаральна наступнае: «забарона выкарыстання навуковых працаў краінаў-акупантаў: звяртаем увагу аўтараў, што тэзісы дакладаў прымаюцца выключна на ўкраінскай, польскай і англійскай мовах. Цытаванне ў тэксце і ўключэнне ў бібліяграфічныя спісы крыніцаў, апублікаваных на расейскай мове ў любой краіне, а таксама крыніцаў на іншых мовах, калі яны былі апублікаваныя на тэрыторыі расеі і беларусі, забараняецца». Пры гэтым арганізатары напісалі Расея і Беларусь з малой літары. Ясная рэч, што гэта не арфаграфічная памылка, тым больш што пісалі гэта не проста навукоўцы, а дыпламаваныя філолагі.

У каментары «Белсату» дырэктар рэктарату Акадэміі паланістыкі ў Чэнстахове Шыман Полаць паведаміў, што яны не з’яўляюцца арганізатарамі канферэнцыі, а эмблема і назва Акадэміі ў абвестцы выкарыстана незаконна.

Вяртаючыся да запрашэння, яно выклікала неадназначную рэакцыю ў асяроддзі перш за ўсё ўкраінскіх навукоўцаў.

Працаўнік Інстытуту філасофіі імя Рыгора Скаварады акадэміі навук Украіны, кандыдат навук Уладзімір Валкоўскі на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» напісаў: «Цэнтр украінска-еўрапейскай навуковай супрацы, і што гэта за праца для Расеі і расейскай прапаганды? Вы праводзіце канферэнцыю «Інавацыі ў філалогіі» з польскім абʼяднаннем, а працуеце на ворага? Чаму вы кідаеце беларускую мову і беларускі народ у рукі Расейскай імперыі?!

Вы, філолагі, не ведаеце, што ў Рэспубліцы Беларусь рэпрэсуюць беларускі народ і мову?! Што рэжым Лукашэнкі нішчыць беларускую мову, а беларускіх актывістаў катуюць у турмах? Вы не ведаеце, што беларускі полк імя Каліноўскага ваюе ў самых гарачых пунктах вайны?!

Вы маеце права вызначаць мову канферэнцыі, але вы не маеце права дыскрымінаваць беларускую мову і беларусаў. На расейскай мове выдадзеныя многія гістарычныя архіўныя дакументы, пачынаючы з летапісаў. Не цытаваць? Гэта плагіят і імітацыя навукі».

На гарачай лініі Міністэрства адукацыі і навукі Украіны, куды датэлефанаваліся некаторыя абураныя ўкраінскія навукоўцы, іх запэўнілі, што ніякай афіцыйнай забароны спасылацца на крыніцы на беларускай і расейскай мовах не было. Значыць, гэта ініцыятыва асобных арганізатараў?

Запрашэнне ўдзельнічаць у канферэнцыі прыйшло таксама прадстаўнікам духавенства. Сяргей Горбік, святар Праваслаўнай царквы Украіны і беларус паводле нацыянальнасці, таксама атрымаў запрашэнне. Наконт забароны выкарыстання крыніцаў на ягонай роднай мове ён выказаўся даволі катэгарычна: «Гэта не толькі абразліва для беларускіх навукоўцаў, якія пішуць свае працы на беларускай мове, але і антынавукова. Мы маем багата літаратуры, у тым ліку і акадэмічныя выданні, пра таго ж Францыска Скарыну, Сымона Буднага, мора ўнікальных даведнікаў накшталт «Кніга Беларусі. Зводны каталог», факсімільныя выданні. Нават няма сэнсу ўсё пералічваць. Апроч таго, багата мовазнаўчага матэрыялу ёсць толькі ды выключна расейскаю моваю, тое ж шматтомнае выданне «Рускіх летапісаў», апісанняў каталогаў. Усё гэта штучна выводзіцца з навуковага ўжытку. Але, на маю думку, тут ёсць і адкрытае парушэнне заканадаўства Еўрапейскага Звязу, а менавіта – дыскрымінацыя паводле моўнай прыкметы ды паводле месца выдання працы беларускамоўнага навукоўца».

Сітуацыя вельмі непрыемная. Згадваецца той маразм, калі расейцы пачалі выдаваць у Крыме пашпарты РФ, перарабляючы ненавісныя ім украінскія прозвішчы на расейскі лад. Тады цягам дня дзясяткі Шпакоўскіх ператварыліся ў Грачовых. Назвы вуліцаў напаткаў такі ж лёс. Але ў цяперашнім выпадку гаворка ж ідзе не пра цемрашалаў, а пра навукоўцаў, дый яшчэ філолагаў з навуковымі ступенямі.

Спрэчкі нарастаюць і могуць прывесці да сур’ёзнага скандалу. Хочацца спадзявацца, што адбылося непаразуменне з віны выпадковага ў акадэмічным асяроддзі чалавека, які, хутчэй за ўсё, працуе ў Цэнтры ўкраінска-еўрапейскай навуковай супрацы, і ў запрашэнні знікнуць патрабаванні дыскрымінацыйнага характару. Ну і, натуральна, прагучаць прабачэнні.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў