«Вяртанне да СССР». Юрыст – пра дазвол на сталае пражыванне за мяжою


Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк пракаментаваў «Белсату» пастанову ўрада, якая абавязвае беларусаў атрымліваць дазвол на выезд за мяжу на сталае пражыванне. Ён адзначыў, што гэты дакумент уваходзіць у супярэчнасць з Канстытуцыяй і «папахвае вяртаннем да часоў СССР».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі / Telegram

Згодна з пастановаю ўрада, каб атрымаць дазвол на выезд за мяжу на сталае пражыванне, патрабуецца запоўніць анкету з персанальнымі звесткамі і адказаць на пытанні:

  • Ці маеце нявыкананыя падатковыя абавязанні ў Рэспубліцы Беларусь?
  • Ці ажыццяўляеце дзейнасць індывідуальнага прадпрымальніка на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь?
  • Ці маеце вы аліментныя абавязанні?
  • Ці маеце абавязанні ў кампенсацыі выдаткаў дзяржавы на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні?
  • Ці падлягаеце вы прызыву на тэрміновую ваенную службу?

Ілжывыя адказы стануцца падставаю для адмовы. Акрамя таго, выезд забароняць у наступных выпадках:

  • Калі не пагодзіцца ваенкамат;
  • Калі асобе часова забаранілі выязджаць за мяжу згодна з 7-м артыкулам закона «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь»;
  • Калі маецца падатковая і аліментная запазычанасць або не кампенсаваныя выдаткі на дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні;
  • Калі дзейнічае статус ІП;
  • Калі выезд прывядзе да таго, што дзіця застанецца без законнага прадстаўніка або ў Беларусі, або за мяжою.

У выніку станоўчага рашэння асобе, якая эмігруе, ставяць адпаведны штамп у пашпарце і анулююць рэгістрацыю па месцы жыхарства ў Беларусі.

Hавiны
Пастанова ўраду: беларусы павінны прасіць дазволу, каб выехаць на сталае месца жыхарства за мяжу
2023.11.23 11:06

Юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк у размове з «Белсатам» канстатаваў, што шмат хто падпарадкуецца гэтаму патрабаванню, бо быць законапаслухмяным – гэта цалкам натуральна:

«Для большасці беларусаў, як і людзей ва ўсім свеце, выконваць законы, нават калі яны абсурдныя і нелагічныя, – гэта нармальныя паводзіны. Будзе шмат людзей, для якіх важна ўсё зрабіць паводле закона, і яны будуць так рабіць, бо так напісана ў законе».

Праўнік упэўнены, што беларуская бюракратыя разумее: адсачыць усіх немагчыма.

«Ты можаш узяць візу на лекаванне або на турызм – і паехаць. Бюракратыя робіць тое, што можа. Калі рабіць, як было ў Савецкім Саюзе, – атрымліваць дазвол на любы выезд, – да гэтага яны не гатовыя, можа, і праз тое, што і для сябе не жадаюць такога. А такі прамежкавы варыянт – чаму не? Чыноўнікі наверх адсправаздачыліся, што захады прынятыя. А насамрэч зроблена «на адчапіся», – адзначыў Кірылюк.

Hавiны
Улады прапісалі, як і ў каго чыноўнікі мусяць адпрошвацца за мяжу
2023.11.22 10:30

Суразмоўца «Белсату» не выключыў, што адказнасць, якой пакуль няма за невыкананне пастановы, усё ж некалі з’явіцца. Пры гэтым да адной умовы, якая б стымулявала беларусаў да атрымання дазволу, улады не дадумаліся:

«Вось я з’ехаў, і мне патрэбна некія паслугі атрымліваць у консульствах, а яны зараз увогуле нічога не робяць. Калі б зрабілі так, што, калі ты аформіў гэты дазвол на сталае жыхарства, то табе можна атрымаць, напрыклад, даверанасць у консульстве ці замяніць пашпарт, – у гэтым быў бы сэнс. А так які сэнс бегаць і запаўняць анкету?»

Кірылюк падкрэсліў, што атрыманне дазволу на выезд на сталае жыхарства супярэчыць Канстытуцыі: «Уваходзіць у супярэчнасць і з Канстытуцыяй, і з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, і з Пактам аб міжнародных і палітычных правах, але гэта не тое, на што яны арыентуюцца».

Юрыст падсумаваў, што сітуацыя з магчымасцю беларусаў выехаць за мяжу пагаршаецца:

«Тэндэнцыя, натуральна, дрэнная. Папахвае вяртаннем да часоў СССР, на жаль».

Агляд
Як рэжым спрабуе спаскудзіць жыццё беларусаў за мяжою. Што ўжо зроблена і што можа быць
2023.11.20 07:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў