Радыё «Рацыя» са спасылкай на неафіцыйныя крыніцы паведамляе, што ва Узброеных сілах Беларусі не хочуць адпускаць салдатаў пасля заканчэння тэрміну службы. Такая сітуацыя насцярожвае ў сувязі з чуткамі пра магчымае ўступленне Беларусі ў вайну супраць Украіны.
Паводле інфармацыі радыё «Рацыя», вайсковае камандаванне прапаноўвае салдатам, у якіх сканчаецца тэрмін службы, падпісаць кантракт і працягваць служыць у арміі. Тым, хто не хоча прыняць такую прапанову армейскага начальства, паступаюць пагрозы. Ім паведамляюць, што ўсё роўна яны працягнуць служыць, але ўжо паводле мабілізацыйнага прадпісання, з магчымым удзелам у ваенных аперацыях з усімі наступствамі. То бок, трэба разумець, без гарантыяў грашовай дапамогі падчас службы і без выплатаў сям’і ў выпадку смерці або калецтва.
Журналісты сцвярджаюць, што гэтыя звесткі яны атрымалі «з неафіцыйных, але дакладных крыніцаў».
Нагадаем, падчас нарады з сілавікамі 10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка выступіў з рэзкімі абвінавачваннямі на адрас Украіны. Ён заявіў, што афіцыйны Кіеў нібыта плануе нанясенне ўдараў па тэрыторыі Беларусі. Ён таксама паведаміў, што яны супольна з Уладзімірам Пуціным пастанавілі разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і Расеі. Эшалоны з расейскімі вайскоўцамі пачалі прыбываць у Беларусь 15 кастрычніка. Афіцыйна заяўлена, з Расеі ў межах разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў прыбудуць 9 тысяч вайскоўцаў, 170 танкаў, да 200 бронемашынаў і каля 100 гарматаў і мінамётаў.
Раней, на нарадзе ў справе вайсковай бяспекі 4 кастрычніка, Лукашэнка загадаў праверыць працу мабілізацыйнай сістэмы ды «акуратна прызваць» людзей у раёнах, каб удакладніць усе матэрыялы і спісы. Міністр абароны Віктар Хрэнін 7 кастрычніка заявіў, што ягонае ведамства пры неабходнасці здольнае выставіць рэсурс з 500 тысяч. вайсковаабавязаных. Цяпер беларусам па ўсёй краіне прыходзяць позвы ў ваенкаматы: спачатку іх выклікаюць для ўдакладнення звестак, але потым некаторых забіраюць на зборы.
Украінскае камандаванне лічыць, што ў звязку з апошнімі падзеямі пагроза аднаўлення наступу расейцаў на Украіну з тэрыторыі Беларусі расце. 18 кастрычніка ў Генштабе ЗСУ заявілі, што ў Беларусі пад выглядам навучальных збораў праводзяцца мерапрыемствы схаванай мабілізацыі.
Глеб Нержын belsat.eu