У Польшчы адмянілі фэст украінскай музыкі праз сувязь спонсара з Расеяй


«Океан Ельзи», «The Hardkiss» і іншыя ўкраінскія выканаўцы мелі выступіць у Варшаве на «Easy Busy Fest» 26 жніўня, а частку выручкі планавалі перадаць на дапамогу Украіне. Але фестываль адмянілі пасля абурэння ўкраінцаў тым, што адзін са спонсараў гандлюе расейскімі таварамі.

«Easy Busy Fest»
Афіша адмененага «Easy Busy Fest». Выява: Easybusyfest.pl

Што за скандал?

Актывістка ўкраінскай дыяспары ў Польшчы, лідарка ініцыятывы «Євромайдан Варшава» Наталля Панчанка 22 жніўня абурылася на Facebook тым, што спонсарамі планаванага фестывалю «Easy Busy Fest» у Варшаве ёсць нямецкія кампаніі «Mix Markt» і «Monolith», якія належаць выхадцам з Расеі і Казахстану і гандлююць у краінах Еўразвязу прадуктамі з Усходняй Еўропы, у тым ліку расейскімі.

Панчанка заявіла, што крамы гэтых сетак гандлююць расейскімі таварамі нават у Польшчы, хоць на сайтах пра такія тавары не згадваюць і называюць іх проста ўсходнееўрапейскімі. На думку актывісткі, кампаніі вырашылі выйсці на ўкраінскую аўдыторыю ў Польшчы, бо расейцаў у гэтай краіне мала.

«А чаго ж людзям потым не ламіцца ў крамы з “нашымі” таварамі, калі на іхным фестывалі выступалі “Океан Ельзи”, Kola і alyona alyona. Добрая, значыць, крама», – разважае Панчанка.

На думку актывісткі, расейцы збіраліся выкарыстаць украінцаў «як тупых бараноў» і зрабіць так, каб украінскія музыкі «скакалі пад дудку тэрарыстаў».

Праз гадзіну пасля публікацыі Панчанкі ў каментарах пад допісам афіцыйная старонка гурта «Океан Ельзи» – гэдлайнераў фэсту – напісала, што гурт не будзе выступаць там, дзе ёсць «хоць нешта расеепадобнае», але чакае тлумачэнняў ад арганізатараў. Неўзабаве пра адмову выступаць заявіў і гурт «The Hardkiss». Следам за імі гурт «Yaktak» паведаміў, што ў выпадку праўдзівасці допісу адмовіцца ад выступу. Затым спявак Dantes напісаў, што арганізатары мусяць выбраць між ім і названымі спонсарамі, а спявачка Kola паабяцала адмовіцца ад выступу, калі інфармацыя Панчанкі пацвердзіцца.

Што адказалі арганізатары?

Арганізатары фестывалю – кампанія ўкраінцаў у Польшчы «Vpiska» – заявілі на старонцы фэсту, што група «Monolith» толькі часткова аплаціла вонкавую рэкламу фэсту ў Варшаве і не мае ніякага іншага дачынення да фэсту. Звесткі з допісу Панчанкі праверылі і вырашылі спыніць усю супрацу з кампаніямі «Monolith» і «Mix Markt», пісалі арганізатары, але заклікалі зберагчы фэст і не спыняць дапамогі Украіне.

Заява арганізатараў «Easy Busy Fest»
Заява арганізатараў «Easy Busy Fest» на закіды аб расейскім спонсарстве фестывалю. Скрыншот: Easybusyfest.pl

Гэтага аказалася недастаткова. У хуткім часе паведамленне на сайце фэсту дапоўнілі: фэст адмяняецца. Арганізатары прасілі прабачэння «за фатальную памылку» і «недасканалае правяранне спонсараў». Грошы за квіткі абяцалі вярнуць.

Адным з медыяпартнёраў фэсту меўся быць тэлеканал «Белсат».

«Канцэрт мусіў стаць найважнейшай культурнай падзеяй года для ўкраінцаў і беларусаў, якія жывуць у Польшчы, і таму мы прынялі прапанову медыяпатранажу. Больш за тое, у межах імпрэзы планавалася сабраць грошы на дапамогу ваюючай Украіне. Застаецца спадзявацца, што неўзабаве зноў будзе магчымасць пачуць заяўленыя гурты ўжывую, а гэтая прыкрая сітуацыя нагадае людзям, што з дзяржавай, адказнай за вайну, ніякіх інтарэсаў быць не можа», – кажа Мілаш Дабжыньскі, PR-менеджар «Белсату».

Спонсар праўда прарасейскі?

Кампаніі «Mix Markt» і «Monolith» на момант публікацыі не каментавалі скандалу. Мяркуючы паводле старонак гэтых крамаў, яны сапраўды прадаюць прадукты, так ці іначай звязаныя з Усходняй Еўропай, у тым ліку расейскія брэнды. Аднак са старонак незразумела, ці маюць самі тавары расейскае паходжанне: некаторыя віды тавараў і некаторыя брэнды вырабляюцца ў Еўразвязе (напрыклад, прадукты расейскага брэнду «Моя семья» вырабляліся ў Польшчы).

Тавары з асартыменту крамаў «Monolith». Скрыншот: monolithgermany / Instagram

Сетку «Mix Markt» заснавалі ў 1997 годзе ў Нямеччыне Артур Штайнгаўэр і Александэр Вагнэр – выхадцы з колішняга нямецкага паселішча ў Казахстане. Кампанію «Monolith» годам раней заснавалі разам са Штайнгаўэрам Пэтэр Шую і Вальдэмар Фёлькер – іх называюць «расейскімі немцамі».

Сетка крамаў разраслася да трох сотняў кропак у больш як тузіне краінаў Еўразвязу, а таксама ў Злучаным Каралеўстве і Ізраілі.

Разбор
Польскі «Лідскі квас» перасталі вырабляць. Дзе цяпер у Польшчы купіць беларускія прадукты?
2022.11.18 08:00

Штайнгаўэр – самы вядомы з заснавальнікаў кампаніяў. На яго звярнуў увагу ўкраінскі праект «Миротворець». На сайце сцвярджаецца, што Штайнгаўэр спансуе «прарасейскую» газету «Aussiedlerbote»: на момант публікацыі гэтая газета відавочна не падтрымлівае палітыкі Крамля, але «Миротворець» сцвярджае, што раней там публікаваліся абвесткі пра збор гуманітарнай дапамогі жыхарам акупаваных тэрыторыяў Данбасу.

Які з «Ляпісаў» збіраўся выступаць?

Адметная блытаніна з беларускімі выступоўцамі на адмененым фэсце: анансавалі выступ гурта «Ляпіс Трубяцкі». Гэты беларускі гурт распаўся ў 2014 годзе на праект Сяргея Міхалка «Brutto» і праект былых удзельнікаў «Ляпісаў» (без Міхалка) «Trubetskoy». На афішы фэсту выкарысталі старое фота гурта – да распаду.

Гурт «Lyapis Trubetskoy» у складзе да распаду на афішы «Easy Busy Fest»
Гурт «Lyapis Trubetskoy» у складзе да распаду на афішы «Easy Busy Fest». Скрыншот: Easybusyfest.pl

Свой удзел у фэсце анансаваў «Ляпис 98» – праект Міхалка са старымі песнямі «Ляпісаў», які з нядаўняга часу выступае пад назвай «Lyapis Trubetskoy» і вядзе публічную камунікацыю на ўкраінскай мове.

«Trubetskoy» жа працягвае выступаць у Беларусі, а ўдзелу ў фэсце, на афішах якога фота і ягоных удзельнікаў, не анансаваў.

Ні «Ляпісы» Міхалка, ні «Trubetskoy» на момант публікацыі не пісалі пра скандал з фэстам.

Агляд
Што мы слухалі ў 2022 годзе: ад «Стэфаніі» да «Rammstein»
2023.01.01 11:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў