Паўднёвая Асеція заявіла пра жаданне далучыцца да Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі


Часткова прызнаная ў свеце акупаваная Расеяй Паўднёвая Асеція хоча ўступіць у Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. Для гэтага ёй трэба прызнанне Менскам, заявіў дзяржаўны дарадца кіраўніка рэспублікі Вячаслаў Габозаў, піша «РИА Новости».

Паўднёвая Асеція.
Фота: russiantowns.livejournal.com

«У нас ёсць жаданне ўступіць у Саюзную дзяржавы Расеі і Беларусі, гэта адзін з нашых прыярытэтаў. Таму мы кажам пра важнасць прызнання нас Беларуссю, гэта адкрые дарогу ў Саюзную дзяржаву і новыя далягляды для рэспублікі», – сказаў Вячаслаў Габозаў.

Дарадца кіраўніка Паўднёвай Асеціі лічыць, што Аляксандр Лукашэнка рана ці позна прызнае суверэнітэт Цхінвалі, бо зразумее выгаду гэтага для Менску.

Паўднёвую Асецію прызнаюць Расея, Нікарагуа, Венесуэла, Науру, Сірыя, а таксама непрызнаныя Нагорны Карабах і Прыднястроўе. У 2006 годзе Паўднёвая Асеція і Абхазія ўзаемна прызналі незалежнасць адна адной.

Грузія лічыць Паўднёвую Асеція, як і Абхазію, сваёй тэрыторыяй, акупаванай Расеяй. У ноч на 8 жніўня 2008 года Расея ўвяла свае войскі ў грузінскія рэгіёны Паўднёвую Асецію і Абхазію. Напярэдадні грузінскія ўлады спрабавалі аднавіць кантроль над Паўднёвай Асеціяй праз артабстрэл яе сталіцы, аднак Расея ўмяшалася і падтрымала сепаратыстаў. Актыўныя баявыя дзеянні працягваліся чатыры дні і скончыліся выцясненнем грузінскай арміі з двух рэгіёнаў. На сённяшні момант 20 % тэрыторыі Грузіі акупаваныя расейскай арміяй.

Фота
Пятнаццаць гадоў таму пачалася расейска-грузінская вайна. Прыгадваем, як гэта было
2023.08.08 17:36

Беларусь не прызнала суверэнітэту ні Паўднёвай Асеціі, ні Абхазіі. Але ў верасні 2022 года Лукашэнка ўпершыню наведаў Абхазію з афіцыйным візітам.

Летась Паўднёвая Асеція паведамляла пра намер правесці рэферэндум аб далучэнні да Расеі, але ён так і не адбыўся.

Гісторыі
Паўзучая мяжа. Як жывуць людзі паміж Грузіяй і Расеяй
2023.07.30 16:03

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў