Сёння дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму. Сабралі 10 фактаў пра Пакт Молатава – Рыбэнтропа


23 жніўня адзначаецца Еўрапейскі дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму. Ён уведзены Еўрапейскім парламентам у 2009 годзе на ўспамін пра масавыя дэпартацыі ды знішчэнне людзей, зладжаныя таталітарнымі рэжымамі. Нагодаю стала падпісанае ў гэты дзень у 1939 годзе пагаднення паміж нацысцкай Нямеччынай і сталінскім СССР. Дакумент увайшоў у гісторыю як Пакт Молатава – Рыбэнтропа і папярэднічаў Другой сусветнай вайне.

Вячаслаў Молатаў (справа) падпісвае Пакт Молатава – Рыбэнтропа ў Маскве. 23 жніўня 1939 года.
Фота: Courtesy Everett Collection / Everett / Forum

1. СССР вёў перамовы з Англіяй і Францыяй супраць Нямеччыны

У траўні 1939 года ў Маскве распачаліся трохбаковыя перамовы СССР, Англіі ды Францыі для заключэння канвенцыі на выпадак нямецкай агрэсіі ў Еўропе. Аднак 21 жніўня савецкі бок нечакана для прадстаўнікоў Англіі ды Францыі перапыніў перамовы, бо паралельна на ініцыятыву Гітлера, які рыхтаваўся да нападу на Польшчу, разгортваліся перамовы паміж СССР і нацысцкай Нямеччынай. Сталін дзякуючы выведцы выдатна ведаў пра падрыхтоўку будучай вайны.

2. Першапачаткова Нямеччына прапаноўвала СССР дамову аб ненападзе на 25 гадоў

Таксама прапаноўваліся супольныя з СССР гарантыі [якія гарантыі?] краінам Прыбалтыкі ды дапамога ў паляпшэнні адносінаў Савецкага Саюзу з Японіяй. Такія ўмовы перадалі ад Гітлера Сталіну праз нямецкага пасла ў Маскве Шуленбурга 17 жніўня 1939 года. Аднак савецкі дыктатар вырашыў дамову «дапрацаваць».

3. Дамове папярэднічала гандлёвае нямецка-савецкае пагадненне

Яно было падпісанае ў Берліне 19 жніўня і прадугледжвала таварны крэдыт СССР на 200 млн райхсмарак для фінансавання паставак варштатаў, абсталявання і ўзбраення. СССР, у сваю чаргу, меўся пагасіць крэдыт сыравінаю. Да канца траўня 1941 года СССР паставіў Нямеччыне 1 млн тонаў нафтапрадуктаў, 1,6 млн тонаў збожжа, 111 тыс. тонаў бавоўны, 1,8 тыс. тонаў нікелю, 185 тыс. тонаў марганцавай руды, 23 тыс. тонаў хромавай руды і іншых. СССР атрымаў ад нацыстаў варштаты для рэзкі металу(6430 адзінак), а таксама 35 узораў самалётаў ды іншыя віды ўзбраення, сярод якіх крэйсер «Лютцаў» («Петрапаўлаўск»), які ўдзельнічаў у абароне Ленінграду.

4. Савецкі бок прапаноўваў сустрэчу і абмеркаванне пакту аб ненападзе на 26–27 жніўня

На ініцыятыву Гітлера, які даслаў асабістае паведамленне Сталіну, было вырашана арганізаваць сустрэчу 23 жніўня ў Маскве. Падчас палёту ў Маскву самалёт міністра замежных справаў нацысцкай Нямеччыны Ёахіма Рыбэнтропа каля Вялікіх Лукаў абстралялі савецкія зенітчыкі, не папярэджаныя пра прылёт нямецкага госця. А нацысцкі сцяг для сустрэчы прыйшлося ўзяць на студыі «Мосфільму», дзе здымаліся антыфашысцкія стужкі, бо да гэтага цягам некалькіх гадоў СССР і нацысцкая Нямеччына пазіцыянаваліся як непрымірымыя ворагі, пра што сведчаць, для прыкладу, тагачасныя карыкатуры часопісу «Кракадзіл».

5. Сакрэтны пратакол аб падзеле сфераў уплыву паміж СССР і Нямеччынай быў прыкладзены да дамовы на ініцыятыву Сталіна

На Нюрнбэргскім працэсе над нацысцкімі злачынцамі па выніках вайны Рыбэнтроп адзначаў, што Сталін падчас перамоваў выразна даў зразумець, што ён не зацікаўлены ў «мірным урэгуляванні нямецка-польскага канфлікту», і што «калі ён не атрымае паловы Польшчы і прыбалтыйскіх краінаў яшчэ без Літвы з портам Лібава [не разумею сэнсу, мо наадварот, «з Літвой», а не «без Літвы?» І Лібава – не Літва. Трэба нармальна перакласці], то я магу адразу ж вылятаць назад». Пацвярджаў гэта і перакладчык Сталіна Уладзімір Паўлаў, які адзначыў, што Сталін разумеў складанае становішча Гітлера, які рыхтаваўся да вайны з Польшчай, і вырашыў гэтым скарыстацца.

Злева направа – міністр замежных справаў нацысцкай Нямеччыны Ёахім фон Рыбэнтроп, намеснік міністра Гаўс, Іосіф Сталін і Вячаслаў Молатаў пасля падпісання Пакту Молатава – Рыбэнтропа ў Маскве. 23 жніўня 1939 года.
Фота: Scherl / SZ-Photo / Forum

6. Пакт падпісаны 24 жніўня 1939 года, але датуецца папярэднім днём

Па прылёце ў Маскву Рыбэнтроп цягам трох гадзін абмяркоўваў са Сталіным і наркамам замежных справаў СССР Молатавым будучае пагадненне. Папярэднія перамовы завершыліся а 20-й гадзіне, пасля чаго Рыбэнтроп накіраваў тэлеграму Гітлеру. Усё, здаецца, выглядала добра, але Сталін вырашыў дадаткова ўключыць у сферу інтарэсаў СССР Лібаву (Ліепая) і Віндаву (Вэнтспілс). Праз тры гадзіны прыйшоў адказ ад Гітлера: «Так, згодны». Нягледзячы на тое, што пад дакументам стаіць дата 23 жніўня, ён быў падпісаны каля 2-й гадзіны ночы ўжо 24 жніўня.

7. Пакт Молатава – Рыбэнтропа – гэта не дакумент аб саюзе паміж СССР і Нямеччынай

Ён прадугледжваў нейтралітэт і недалучэнне да звязаў, скіраваных адзін супраць аднаго. Дамова заключалася на 10 гадоў з магчымасцю далейшага працягнення кожныя пяць гадоў.

8. У сакрэтным дадатковым пратаколе Нямеччына і СССР дзялілі паміж сабою Прыбалтыку і Польшчу, а Бесарабія трапляла ў сферу ўплыву Савецкага Саюзу

Цікава, што згодна сакрэтнаму пагадненню і СССР, і Нямеччына прызнавалі за Літвой Віленскую вобласць, якая на той час была ў складзе Польшчы. Мяжа сфераў уплыву мелася прайсці па паўночнай мяжы Літвы, а на тэрыторыі Польшчы – «па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан».

9. У СССР пратакол лічыўся «падробкай», прыдуманай на Захадзе

Пра заключаны пакт і сакрэтныя пратаколы Рыбэнтроп казаў падчас Нюрнбэргскага трыбуналу, па выніках якога Рыбэнтропа павесілі, ягонае цела крэміравалі, а прах развеялі. Нямецкі арыгінал пакту быў знішчаны падчас бамбавання Берліна, але ён захаваўся на мікрафільме дакументаў Міністэрства замежных справаў Трэцяга Райху. Гэты мікрафільм трапіў да амерыканцаў, якія ў 1948 годзе і апублікавалі пратакол і сакрэтныя дапаўненні да яго. У СССР існаванне крыніцы адмаўлялі (выстаўлялі, як сёння модна казаць, «фэйкам»). Аднак з пачаткам перабудовы да пакту Молатава – Рыбэнтропа вярнуліся пад ціскам уладаў Польшчы, і 24 снежня 1989 года на паседжанні ІІ З’езду народных дэпутатаў СССР былі асуджаныя сакрэтныя дамоўленасці з Нямеччынай, а таксама прызнаныя «несапраўднымі з моманту іх падпісання». Тады ж дамова і сакрэтныя пратаколы да яе былі апублікаваныя паводле нямецкай версіі дакументаў у часопісе «Вопросы истории» (№ 6, 1989).

10. Савецкае факсіміле пагаднення было апублікаванае ўжо пасля распаду СССР

Пра існаванне сакрэтнага пагаднення ведаў Міхаіл Гарбачоў яшчэ з 1987 года і нават намякаў на магчымасць яго знішчэння. Пасля распаду СССР арыгінальны дакумент «знайшлі», а яго факсіміле апублікавалі ў кастрычніку 1992 года. У 2019 годзе Пакт Молатава – Рыбэнтропа быў выкладзены ў электронным выглядзе. Нягледзячы на гэта, у Расеі і сёння хапае тых, хто лічыць дакумент падробкай.

Гісторыі
Змовы ў беларускай гісторыі – удалыя і няўдалыя
2022.08.23 10:53

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў