Ва Украіне пачалі абмяркоўваць касаванне байкоту спаборніцтваў, у якіх удзельнічаюць беларусы або расейцы. Пра гэта паведаміў міністр моладзі і спорту Вадзім Гутцайт, перадае «РБК-Україна». Плануецца, што ўкраінскія спартоўцы не будуць адмаўляцца ад удзелу, калі Беларусь і Расею не запросяць на Алімпіяду 2024 года ў Парыжы.
Міністр моладзі і спорту Украіны Вадзім Гутцайт не выключыў, што будзе скасаваны байкот спаборніцтваў, у якіх удзельнічаюць беларусы або расейцы. Ужо распачаліся перамовы на гэты конт з нацыянальнымі спартовымі федэрацыямі ды спартоўцамі, паведаміў міністр. Ён, праўда, назваў адну ўмову:
«Мы мусім зараз браць удзел ва ўсіх кваліфікацыйных спаборніцтвах. Калі Расея і Беларусь не будуць афіцыйна запрошаныя на Алімпійскія гульні-2024, мы разглядаем пытанне аб вяртанні нашых спартоўцаў да кваліфікацыйных спаборніцтваў».
У сёлетнім красавіку міністэрства спорту Украіны адмысловым загадам забараніла сваім спартоўцам выступаць на спаборніцтвах разам з беларусамі і расейцамі.
У сакавіку Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў дапускаць беларусаў і расейцаў да сусветных спаборніцтваў, аднак толькі ў індывідуальных відах спорту і ў нейтральным статусе. Забарона захавалася ў дачыненні асобаў, якія актыўна падтрымоўваюць вайну, а таксама спартоўцаў на кантракце з Узброенымі сіламі і МУС.
26 ліпеня Міжнародны алімпійскі камітэт мусіць разаслаць краінам запрашэнні на Алімпіяду-2024. Як паведамляецца на сайце МАК, Беларусь і Расея гэтыя запрашэнні не атрымаюць.
Сяргей Крот belsat.eu