Колькасць загінулых пры землятрусе ў Афганістане вырасла да 1500 чалавек


Праз землятрус у Афганістане загінулі ўжо прынамсі 1500 асобаў, паведамляе тэлеканал «Al Jazeera», спасылаючыся на прадстаўніка талібаў.

Яшчэ больш за 2000 чалавек пацярпелі.

Фота: aljazeera.net

Землятрус адбыўся на паўднёвым усходзе краіны раніцай 22 чэрвеня і доўжыўся ўсяго некалькі хвілінаў. У выніку некалькі вёсак былі цалкам разбураныя, пад заваламі да гэтага часу застаюцца людзі. Закранула таксама некалькі правінцыяў.

Эпіцэнтр падземных штуршкоў месціўся недалёка ад мяжы з Пакістанам на глыбіні 10 кіламетраў.

Больш за ўсё пашкоджанняў у Пактыцы, Нангархары і Хосце. Толькі ў правінцыі Хост разбураны больш за 600 дамоў.

Паводле версіі спецыяліста, такая колькасць ахвяраў выкліканая тым, што землятрус адбыўся раніцаю. Людзі яшчэ спалі і не паспелі пакінуць дамоў.

Пасля землятрусу ўрад «Талібану» абяцаў вылучыць пацярпелым каля 11 млн долараў, а сем’і загінулых атрымаюць ад ураду 1100 долараў кожная, а пацярпелых – па 550 долараў. Акрамя гэтага, кіраўнік «Талібану» Хайбатула Ахундзада папрасіў міжнародныя структуры аб дапамозе.

«Мы заклікаем міжнародную супольнасць, дабрачынныя і гуманітарныя арганізацыі дапамагчы насельніцтву Афганістану ў сувязі з гэтай трагедыяй і прыкласці ўсе намаганні, каб максімальна дапамагчы тым, хто смуткуе», – гаворыцца ў ягонай заяве.

Гэта самы страшны землятрус, які адбыўся ў Афганістане за апошнія дваццаць гадоў.

Артыкулы
Муж Ірыны Слаўнікавай: Тое, што цяпер адбываецца, яе не зламае. Яна застанецца сабою, і стане яшчэ мацнейшая
2022.06.23 09:34

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў