Міліцыя паведаміла пра масавыя затрыманні падчас дваровога маршу ў Малінаўцы


Сярод затрыманых – мянчук Сяргей Міронаў, які стаў вядомы на ўсю Беларусь дзякуючы мему «хлопотное дельце», і яго маці.

Дваравы марш, які адбыўся ўчора ўвечары ў Малінаўцы, скончыўся затрыманнямі. Паводле праваабаронцаў, сёння суды караюць удзельнікаў маршу адміністратыўнымі арыштамі.

ГУУС Менгарвыканкаму паведамляе, што агулам было затрымана 30 чалаввек. Як сцвярджаюць у міліцыі, каля 22:00 яны атрымалі інфармацыю, што група грамадзян у раёне праспекта Любімава нібыта парушае грамадскі парадак.

«Па прыбыцці працаўнікі міліцыі ўбачылі грамадзян, якія гучна выкрыквалі розныя лозунгі і былі пазначаныя незарэгістраванай сімволікай. Для высвятлення ўсіх абставінаў 30 чалавек былі дастаўлены ў тэрытарыяльныя РУУС. У ходзе разглядаў устаноўлена, што шмат хто з затрыманых раней неаднаразова прымалі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», – адзначаецца ў прэс-рэлізе ГУУС.

Затрыманні праходзілі даволі жорстка, некаторых пратэстоўцаў паклалі тварам на зямлю. У РУУСах на менчукоў склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», а на некаторых яшчэ і за «непадпарадкаванне міліцыі» па арт. 24.3 КаАП. Паводле пратаколу, яны крычалі «Жыве Беларусь», свяцілі ліхтарыкамі і шлі ў групе асобаў з БЧБ-сцягамі. Шэсць чалавек, паводле праваабаронцаў, ужо атрымалі за дваравы марш па 15 содняў арышту.

Сярод затрыманых падчас «хапуну» у Малінаўцы быў Сяргей Міронаў (вядомы па мему «хлопотное дельце») і яго маці. Сяргею далі 30 содняў арышту, а справу маці адправілі на дапрацоўку.

Паводле звестак тэлеграм-каналу «Списки Окрестина», агулам колькасць затрыманых у Менску 22 красавіка склала 36 асобаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў