«Каму як пашанцуе». Банкі выцэджваюць беларусам іхныя ўклады «па капейцы». Ці паспеюць усе атрымаць?


Перабоі з наяўнай валютай у беларускіх банках прывялі да даволі жорсткіх лімітаў на яе выдачу. Пры гэтым абмежаванні закранулі не толькі бягучыя рахункі, але і валютныя дэпазіты. Дый Нацбанк заступацца за ўкладчыкаў не спяшаецца. Хутчэй, наадварот. І пакуль у беларускіх банкаў расце рызыка банкруцтва, застаецца адкрытым пытанне, ці паспеюць беларусы вярнуць свае грошы.

Белорусские банки, деньги, Беларусбанк
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Як піша Myfin.by, не спяшаюцца банкі выдаваць грошы нават тым, у каго заканчваюцца тэрміны ўкладаў. Вяртаць іх, кажучы словамі кліентаў, абяцаюць «па капейках». У Нацбанку заяўляюць, што банкі заканадаўства не парушаюць. Паводле рэгулятару, банкі, нягледзячы на ўведзеныя абмежаванні, выконваюць «свае абавязкі перад укладчыкамі па вяртанні ўкладаў у поўным аб’ёме».

«Усталяванне банкамі абмежаванняў (лімітаў) не азначае адмову банкаў ад выканання абавязкаў. Пры выкананні абавязкаў перад укладчыкамі з улікам патрабаванняў заканадаўства банкі самастойна прымаюць рашэнні адносна парадку зняцця наяўнай замежнай валюты з банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) і бягучых (разліковых) банкаўскіх рахункаў», – растлумачылі ў Нацбанку.

Hавiны
Беларускія банкі ўводзяць ліміты на зняцце і продаж валюты. Чаго чакаць далей?
2022.03.15 16:16

А што Агенцтва кампенсацыі ўкладаў?

Ад агульнага развязання сітуацыі рэгулятар адмаўляецца і раіць праблемы, якія ўзнікаюць з банкамі, пераадольваць «індывідуальна ў кожным банку», паведамляе «Office Life». Ды папярэджваюць: зварот у Агенцтва гарантаванай кампенсацыі ўкладаў не дапаможа.

«Абавязкі кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) у Агенцтва гарантаванай кампенсацыі ўзнікаюць толькі ў выпадку прыняцця Нацыянальным банкам рашэння аб адкліканні ў канкрэтнага банку спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці. Сітуацыя, якая склалася, не зʼяўляецца выпадкам узнікнення такога абавязку ў агенцтва», – заявілі ў Нацбанку.

Такім чынам, калі немагчыма атрымаць уклад наяўнай валютай, асабліва ў выпадку буйной сумы, укладчыкам застаецца або здымаць грошы часткамі, або атрымаць суму ў рублях ці ў выглядзе аплаты за тавары ды паслугі, або працягваць трымаць сродкі на рахунку банку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Таксама ў Нацбанку раяць тым кліентам банкаў, якія лічаць свае правы парушанымі, «звярнуцца па іх судовую абарону» ў беларускі суд.

Нацбанк хлусіць?

Аднак, як адзначыў у Facebook беларускі эканаміст Вадзім Іосуб, у законе «Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асобаў» ёсць «выразны алгарытм дзеянняў ашуканых укладчыкаў банкаў (падача заявы ў Агенцтва), і абавязкі Агенцтва і Нацбанку, якія вынікаюць з гэтай заявы».

Паводле арт. 20 закону, укладчык можа падаць у Агенцтва заяву з прычыны адмовы банку вярнуць уклад у прапісаныя ў дамове тэрміны. У такім разе Агенцтва абавязанае запатрабаваць у такога банку інфармацыю пра прычыны невяртання грошай, хадайнічаць перад Нацбанкам аб праверцы дзейнасці банку, аб вынясенні яму прадпісання выправіць парушэнні ды ўжыць да яго захады ўздзеяння, прадугледжаныя заканадаўствам. Нацбанк цягам 14 дзён пасля атрымання хадайніцтва Агенцтва абавязаны прыняць адпаведнае рашэнне і паведаміць пра гэта Агенцтву.

Hавiны
«Яшчэ ёсць нармальны шанец». Эканаміст Львоўскі параіў беларусам забіраць грошы з банкаў
2022.02.24 16:07

«Як бачна, ніякага папярэдняга рашэння аб адкліканні ў банку ліцэнзіі для падачы такой заявы не патрабуецца», – кажа эканаміст, падкрэсліваючы, што ў Нацбанку не могуць пра гэта не ведаць.

Пры гэтым Вадзім Іосуб распавёў пра чуткі, што з пачатку красавіка могуць запрацаваць змены ў гэты закон, «і тады ўжо скарыстацца гэтай магчымасцю вярнуць свае грошы не атрымаецца».

«Застаўся тыдзень скарыстацца гэтым спосабам», – адзначыў эканаміст.

«Сумная рэчаіснасць»

Каментуючы «Белсату» супярэчлівасць пазіцыі Нацбанку і законаў, беларускі эканаміст Леў Львоўскі адзначыў:

«Законы Рэспублікі Беларусь разбіваюцца аб сумную рэчаіснасць».

«Можна, вядома, сказаць банкам, каб яны аддавалі ўклады. Але ад гэтага здольнасць зрабіць гэта, асабліва ў замежнай валюце, у іх не зʼявіцца», – падкрэсліў эканаміст.

Белорусские банки, деньги, Франсабанк
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Леў Львоўскі адзначыў, што нармальная дзейнасць банкаў у Беларусі цяпер ужо не магчымая. Для яе трэба, каб можна было спакойна заняць грошай у валюце пад стабільны адсотак і затым кудысьці інвеставаць. Але цяпер беларускія банкі самыя абмежаваныя ў доступе да крэдытаў, бо ёсць праблема фізічнага ўвозу валюты ў Беларусь. Больш за тое, у іх зніжаецца магчымасць якаснага інвеставання грошай. Таксама пагаршаецца якасць бягучых актываў банкаў – «тыя грошы, якія яны ўжо кудысьці інвеставалі, ім з меншай верагоднасцю вернуць».

«Банкі заўсёды бяруць уклады і іх часткова інвестуюць. Таму, калі ўсе ўкладчыкі адначасова захочуць забраць свае ўклады, то такіх грошай у банку папросту не будзе. Нават калі банк вёў адказную інвестыцыйную палітыку і ўкладваўся ў добрыя праекты», – адзначыў эканаміст.

Hавiны
«Самалётаў з валютай больш не будзе». Эканаміст распавёў, чаму Нацбанк увядзе абмежаванні на валюту
2022.03.09 16:54

«Нагадваюць фінансавую піраміду»

У выніку беларускія банкі вымушаныя ісці на «крайнія меры», мяркуе Леў Львоўскі.

«Яны, па-першае, даюць здымаць вельмі малыя часткі дэпазітаў – дзесьці 1000, дзесьці 5000, а дзесьці і 100 долараў за месяц. Па-другое, яны спрабуюць прыцягнуць долары ад насельніцтва, абяцаючы зусім ужо вялікія адсоткі. Такі адсотак, які яны прапаноўваюць на дэпазітах, азначае, што ў іх супервострая патрэба ў замежнай валюце. І яны хочуць прыцягнуць яе любым чынам. Ці змогуць яны потым вярнуць гэтыя грошы, добрае пытанне. Гэтыя грошы прыцягваюцца відавочна не для інвеставання, а для бягучых вострых патрэбаў. Мабыць, банк разлічвае на тое, што сітуацыя наладзіцца праз год-тры, і гэтыя грошы яны паспрабуюць вярнуць з уласнага прыбытку. А гэтыя грошы патрэбныя, каб не згалець проста цяпер», – заявіў эканаміст.

Такія паводзіны, на яго думку, «злёгку нагадваюць фінансавую піраміду». І застаецца адкрытым пытанне, ці наладзіцца ў будучыні сітуацыя і ці змогуць банкі нармальна існаваць, каб аддаць ужо ўклады, адкрываць якія яны прапаноўваюць цяпер.

Камісія на ўклады

Тым часам з’явілася інфармацыя пра тое, што банкі пачынаюць уводзіць камісію на захоўванне грошай на валютных дэпазітах. Пакуль толькі ў дачыненні юрыдычных асобаў. Гэтак, з 1 красавіка «Прыёрбанк» уводзіць камісію для юрасобаў за абслугоўванне бягучых рахункаў у валюце. Яна складзе 0,17 % ад сумы на рахунку за месяц (2,04 % гадавых).

Але ж тэлеграм-канал «Посмотри, брехня?» пісаў, што такое рашэнне прыняў не адзін «Прыёрбанк». Паводле звестак каналу, адпаведнае патрабаванне ўсім банкам давёў Нацбанк.

«Гэта сімптом таго, што банкі спрабуюць збіраць грошы, дзе могуць», – мяркуе Леў Львоўскі.

«Самі па сабе яны дакладна збанкрутуюць»

Таксама эканаміст лічыць «нармальнай» верагоднасць банкруцтва беларускіх банкаў. Магчыма, да гэтага наблізіўся ўжо, напрыклад, «БелВЭБ».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Самі па сабе яны дакладна збанкрутуюць. Пытанне толькі ў тым, наколькі і каго дзяржава будзе падтрымліваць», – заявіў эксперт.

Леў Львоўскі нагадаў, што банкі – гэта ключавая дэталь фінансавай сістэмы, «таму ўрады звычайна імкнуцца дапамагаць ім усім, чым могуць».

«Адпаведна, банкі, якім урад будзе дапамагаць, змогуць выжыць. Але заўсёды пытанне, каму ўрад будзе дапамагаць, як доўга і ў якіх абʼёмах», – падкрэсліў эканаміст.

А вось ці дачакаюцца людзі вяртання сваіх укладаў у выпадку банкруцтва банкаў, то тут, паводле Льва Львоўскага, «каму як пашанцуе».

Эканаміст адзначыў, што звычайна ўрады імкнуцца, каб большасць – людзі, у якіх невялікія дэпазіты, – атрымалі іх назад, «а з багатай меншасцю ўжо неяк па-іншаму дамаўляюцца ці проста не дамаўляюцца». Але ж застаецца пытанне, ці павядзе Лукашэнка Беларусь за цывілізаваным светам хоць бы гэтым разам.

Hавiны
Эканаміст: Улады добра ведаюць настроі і страхі людзей і карыстаюцца гэтым, каб выцягнуць валютныя зберажэнні
2022.03.23 17:39

ПС belsat.eu

Стужка навінаў