Сілавікі затрымалі старшыню Саюзу палякаў Анджэліку Борыс

У Горадні затрыманая старшыня Саюзу палякаў Анджэліку Борыс. У міліцыі кажуць, што яе затрымалі ў межах адміністратыўнага працэсу.

Гарадзенскі журналіст і сябра Саюзу палякаў Анджэй Пачобут паведаміў belsat.eu, што сілавікі забралі Анджэліку Борыс з яе кватэры.

Афіцыйны прадстаўнік УУС Гарадзенскага аблвыканкама Ігар Белазёраў так пракаментаваў сітуацыю у размове з Onliner:

«Грамадзянка Барыс дастаўлена ў Ленінскае РАУС. Распачаты адміністратыўны працэс. Нагодай для пачатку адміністратыўнага працэсу паслужылі пэўныя дзеянні, учыненыя некалькі дзён таму. Яны ўтрымліваюць прыкметы адміністратыўнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 24.23 КаАП РБ «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».

Увечары стала вядома, што Борыс застанецца за кратамі да суду. Судзіць яе будуць за правядзення «Гарадзенскіх Казюкоў» – традыцыйнага кірмашу рамёстваў, арганізаванага Саюзам палякаў.

У сакавіку паміж Менскам і Варшавай адбыўся дыпламатычны канфлікт. 9 сакавіка МЗС Беларусі заявіла пратэст у сувязі з удзелам польскага консула ў Берасці Ежы Цімафеюка ў імпрэзе, прысвечанай Дню «выклятых жаўнераў» і прапанавала пакінуць тэрыторыю Беларусі. На наступны дзень Польшча прызнала персонай нон грата дыпламата беларускай амбасады ў Варшаве. Пазней афіцыйны Менск паведаміў пра высылку польскага консула ў Горадні Ярослава Ксёнжэка.

Паралельна пракурор Берасця распачаў крымінальную справу паводле ч.3 арт.130 Крымінальнага кодэксу за імпрэзу памяці «выклятых жаўнераў», якая адбылася 28 лютага ў памяшканні, арандаваным «Форумам польскіх лякальных ініцыятываў» і «Польскай школай». 11 сакавіка сілавікі затрымалі аднаго з сузаснавальнікаў «Польскай школы» Аляксандра Н., а 12 сакавіка – дырэктарку школы Ганну Панішаву.

ІІ belsat.eu

Hавiны