«Я абсалютна згодны з прэзідэнтам Пуціным». Лукашэнка назваў вайну ва Украіне непазбежнай


Аляксандр Лукашэнка 23 лютага ў інтэрв’ю кітайскім медыям заявіў, што канфлікт ва Украіне быў непазбежны і яго першапрычыны ляжаць не ў Расеі.

Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв’ю кітайскім медыям.
Фота: president.gov.by

«Я абсалютна згодны з прэзідэнтам Пуціным, які гаворыць аб тым, што першапрычыны не ляжаць у Расеі. Здзекі з расейскамоўных, з расейскай мовай. Яны да 2014 года былі. І гэта ўсё нагняталася заходнімі дзяржавамі. Натуральна, ні адна краіна, ні Амерыка, ні Кітай, не дазволілі б здзекавацца са сваіх суайчыннікаў. З людзей, якія гавораць проста на расейскай мове і жывуць паводле расейскіх звычаяў, прымаюць расейскую культуру. Тым больш абразы з боку Украіны даходзілі да самога прэзідэнта Расеі і ўсяго расейскага кіраўніцтва. Там цэлы клубок», – заявіў Лукашэнка.

Таму, паводле яго, «канфлікт ва Украіне быў непазбежным».

«Калі б Расея не апярэдзіла гэтую вайну з боку Украіны (цяпер зразумела, хто быў зацікаўлены ў гэтай вайне і хто яе пачаў), не апярэдзіла дзеянні Украіны, ды і ўсяго Захаду з тэрыторыі Украіны, наступствы былі б больш цяжкімі», – сказаў ён.

Лукашэнка заявіў, што ў выпадку агрэсіі адносна Беларусі з тэрыторыі Украіны «ў ваенным плане мы гатовыя адказаць».

«Крый божа будзе развязаная агрэсія з тэрыторыі Украіны на тэрыторыю Беларусі – мы адкажам, але гэта будзе зусім іншая вайна. Яна набудзе імгненна іншы характар. І тут мы будзем супраціўляцца і адстойваць нашу зямлю і змагацца з агрэсарам у тым ліку войскамі Расейскай Федэрацыі. Разам», – заявіў ён.

Праўда, дадаў, што «ні з тэрыторыі Польшчы, ні з тэрыторыі Літвы, тым больш Украіны канцэнтрацыі войскаў для таго, каб уцягнуць нас у вайну, мы не заўважаем».

Што адказала Ціханоўская?

На словы Лукашэнкі пра непазбежнасць вайны адрэагавала абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская:

«Адзінае, што было непазбежна – гэта ўцягванне ў вайну Лукашэнкі, які не можа сказаць «не» свайму «старэйшаму брату». Гэтую вайну было вельмі проста пазбегнуць: не пачынаць яе. І ўжо сапраўды не станавіцца саўдзельнікамі. Не даваць тэрыторыю Беларусі для ракетных стрэлаў па мірных жыхарах ва Украіне. Не забяспечваць Расею матэрыяламі і лагістыкай. Не сяліць расейскіх салдат у нас дома, дазваляючы ім прыносіць свае парадкі. Не станавіцца плячом да пляча з Пуціным, каб зрабіць краіну мішэнню для новых санкцыяў за саўдзел у вайне. Не саджаць у турму смелых беларусаў, якія спрабавалі перадухіліць гэтую катастрофу, і не страляць у іх».

Паводле яе, не рабіць гэтага «і ёсць сапраўднае выратаванне краіны ад вайны».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў