Машына ДАІ, якая суправаджала спецтэхніку, збіла двух чалавек. Пешаходаў за гэта пакаралі


Восенню на праспекце Жукава ў Менску машына ДАІ, за якой ехала спэцтэхніка сілавікоў, збіла двух пешаходаў. Жанчына трапіла ў шпіталь з моцна выцятай нагой, мужчына не пацярпеў. Вінаватымі ў ДТЗ прызналі пешаходаў, паведамляе TUT.by.

У той дзень, 22 лістапада, у Менску праходзілі дэцэнтралізаваныя акцыі пратэсту, і сілавікі ездзілі па сталіцы. У месцы, дзе здарыўся наезд, пратэстоўцаў не было. На праспекце Жукава машына ДАІ з уключанымі мігалкамі і сірэнай, суправаджаючы аўтазакі, збіла на зебры мужчыну і жанчыну – яны пераходзілі дарогу на зялёны сігнал святлафора. Пешаход-мужчына не пацярпеў, а жанчыну даставілі ў лякарню – яна правяла на бальнічным два тыдні.

Па факце ДТЗ ДАІ праводзіла праверку, у выніку Алене і Сяргею абвясцілі, што яны парушылі пункт 20 Правілаў дарожнага руху. Яны былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці: мужчыну аштрафавалі на 29 рублёў, а жанчыне вынеслі папярэджанне.

Жанчына не лічыць, што яна была вінаватая.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў