Ціханоўская абмеркавала з міністрам замежных спраў Літвы становішча беларусаў


Міністр замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс 23 студзеня прыняў абраную прэзідэнтку Беларусі Святлану Ціханоўскую ў МЗС. Яны абмеркавалі сітуацыю з легалізацыяй беларусаў у Літве, а таксама магчымыя новыя абмежаванні, якія будуць абмяркоўвацца ў Сейме Літвы вясной, паведамілі ў Офісе беларускага палітыка.

Габрыелюс Ландсбергіс і Святлана Ціханоўская.
Фота: МЗС Літвы / Офіс Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская сказала, што разумее занепакоенасць Літвы ў пытаннях бяспекі і ў сувязі з патэнцыйнымі пагрозамі з боку рэжыму, але выказала спадзяванне, што Літва працягне выдаваць візы і віды на жыхарства беларусам. Яна падкрэсліла, што нельга ўраўноўваць абмежаванні супраць беларусаў і расейцаў, бо гэта толькі грае на руку рэжыму.

Ціханоўская падзякавала міністру за падтрыманне беларускай грамадзянскай супольнасці і беларусаў у Літве.

Таксама Ціханоўская перадала прапановы ад свайго Офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінету і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў пытаннях прыцягнення рэжыму да адказнасці і санкцыяў супраць памагатых рэжыму.

Літва не бачыць усіх беларусаў «пагрозай нацыянальнай бяспецы», але мае шмат падставаў непакоіцца і хоча змагацца з пагрозамі на раннім этапе, расказаў у каментары «Белсату» Кястуціс Будрыс – галоўны дарадца прэзідэнта Літвы ў пытаннях нацыянальнай бяспекі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў