ГУБАЗіК мог рэалізаваць у Беларусі «казахстанскі сцэнар»


Наркаманы і былыя зэкі – ядро паслявыбарчых дэманстрацыяў у Беларусі. Так казаў Лукашэнка і сцвярджалі дзяржаўныя тэлеканалы. Прадстаўнік «ByPol» Аляксандр Азараў кажа, што ў часе пратэстаў улады маглі вывесці на вуліцу зэкаў, каб дыскрэдытаваць пратэстоўцаў.

Аляксандр Азараў, былы кіраўнік аддзелу 3-га ўпраўлення ГУБАЗіКу ў размове з «Белсатам» дзеліцца меркаваннем, што ў 2020-м годзе ўлады маглі выкарыстаць прадстаўнікоў крымінальнага свету для дыскрэдытацыі ўдзельнікаў мірных акцый пратэстаў і лідараў дэмакратычнай супольнасці.

Александр Азаров, представитель инициативы BYPOL
Аляксандр Азараў, прадстаўнік ініцыятывы «ByPol», былы кіраўнік 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК і былы выкладчык акадэміі МУС.
Фота: Аліса Ганчар

– Калі пачыналіся пратэсты, той жа КДБ прыходзіў у ГУБАЗіК і прасіў вербаваць сярод тых, хто быў пад судом, асобаў, якія будуць нападаць на міліцыянтаў падчас акцыяў пратэсту. Схема была такая: чалавеку, які на кручку ГУБАЗіКу, які падпісаў з ім пагадненне, даецца заданне пад выглядам грамадзяніна браць удзел у мірнай акцыі пратэсту, прыйсці на мітынг і здзейсніць напад на супрацоўніка міліцыі, каб ачарніць пратэсты, а міліцыя магла б ужыць сілу альбо зброю ў дачыненні пратэстоўцаў. Яны павінны былі кідаць у іх камяні, бутэлькі альбо фізічна на іх нападаць.

Артыкулы
Былы следчы ГУБАЗіКу Азараў – пра тое, як гэтае падраздзяленне ваюе з беларускім народам
2021.10.12 13:42

У былых сілавікоў ёсць інфармацыя, што гэтую справу меўся зарганізаваць Уладзімір Ціхіня – экс-намеснік начальніка ГУБАЗіКу, адзін з найстарэйшых супрацоўнікаў упраўлення, які з 1990-х гадоў вынішчаў арганізаваную злачыннасць у Беларусі.

– Ціхіню арыштавалі ў «цукровай справе» і адпусцілі перад самымі пратэстамі з СІЗА КДБ. Быў пад хатнім арыштам паводле месца жыхарства. Яго адпусцілі не проста так, а пад абавязальніцтвам дапамагчы КДБ. Ён павінен быў сабраць злачынных аўтарытэтаў і намовіць іх браць удзел у пратэстах на баку дэмакратычных сілаў. Каб пры затрыманні можна было паказаць карцінку беларускаму грамадству, як казаў Лукашэнка: крымінальнікі, наркаманы і прастытуткі бяруць удзел у пратэстах.

Адзіны, з кім Уладзімір Ціхіня мог дамовіцца наконт шчыльнай супрацы, – гэта Аляксандр Кушняроў на мянушкі Кушнер, «злачынец у законе», вядомы сярод крымінальнікаў як у Беларусі, так і за межамі. Усе кажуць, што паміж ім і Ціхінем даўно існуе сувязь. Кушнера шматразова затрымлівалі па сур’ёзных абвінавачаннях, але заўсёды вызвалялі. У 1995 годзе нават пазбегнуў смяротнага пакарання за забойства. Вярхоўны Суд тады замяніў яму расстрэл на 15 гадоў пазбаўлення волі. А потым Кушнер трапіў пад амністыю і яшчэ на год раней вызваліўся з-пад арышту. Аляксандр Азараў лічыць, што так шчасціць злодзею можа, толькі калі ён патрэбен аператыўнікам і мае іхнае падтрыманне.

– У канцы 1990-х гадоў Кушнер быў у турме № 1 у Горадні, у штрафным ізалятары. Паводле нашай інфармацыі, ён вельмі баіцца закрытых памяшканняў. Перабываючы ў іх, ён звярнуўся ў адміністрацыю з прапановаю супрацоўнічаць. Туды выклікалі Ціхіню, які прыехаў з Менску. І такім чынам Кушнер падпісаў пагадненне. І цяпер ён дзеіць па ўказанні ГУБАЗіКу, выконвае яго загады. Задача таго ж ГУБАЗіКу – вербаваць прадстаўніка злачыннага свету, якія павінны былі выконваць нейкія іх указанні. Такім чынам ГУБАЗіК варыўся ў гэтай сферы злачыннасці.

Аналітыка
Казахстан: надзвычайнае становішча скасавалі, расейцаў няма, але ва ўладзе неспакойна
2022.01.20 10:54

У першыя дні студзеня ў Казахстане ўспыхнулі масавыя пратэсты, якія пачаліся пад эканамічнымі лозунгамі, людзі патрабавалі зніжэння коштаў на звадкаваны газ (паліва для аўтаў), але хутка пратэсты набылі палітычны характар. Акцыі адбываліся па ўсяму Казахстану і праходзілі пад лозунгамі «Шал кет» («Стары сыходзь»), казахстанцы заклікалі першага прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева адмовіцца ад улады. Кульмінацыяй пратэстаў сталі масавыя закалоты ў Алматы, там адбыліся захопы адміністрацыйных установаў, у прыватнасці будынку мясцовага Камітэту нацыянальнай бяспекі, адміністрацыі гораду і аэрапорту. Паводле ўладаў у захопах адміністрацыйных будынкаў удзельнічалі, сярод іншых, замежныя тэрарысты. Эксперты ў сваю чаргу кажуць, што прыхільнікі Назарбаева маглі скарыстацца з дапамогі крымінальных аўтарытэтаў, каб такім чынам паспрабаваць перадухіліць канцэнтрацыю ўлады ў руках дзейнага прэзідэнта Такаева.

АМ belsat.eu

Стужка навінаў