Страляніна ў Карлавым універсітэце: пацверджаныя больш за 15 загінулых і дзясяткі параненых


Колькасць ахвяраў страляніны ў Карлавым універсітэце ў Празе складае больш за 15 чалавек, паведамляе паліцыя Чэхіі. Стралок таксама загінуў.

Раніцаю 22 снежня да Карлавага ўніверсітэту ў Празе прыходзяць сотні людзей.
Фота: seznamzpravy.cz

«На гэты момант мы можам пацвердзіць больш за 15 загінулых і дзясяткі параненых. Цяпер у нас няма інфармацыі, што злачынец звязаны з якой-небудзь тэрарыстычнай арганізацыяй. Мы ўсё яшчэ высвятляем асобы ахвяраў. Аднак нападнік быў зліквідаваны», – напісала прэс-служба паліцыі ў X увечары 21 снежня.

Раніцаю 22 снежня праца на месцы страляніны працягнулася. Да таго моманту былі апазнаныя 11 загінулых.

Страляніна адбылася 21 снежня. Адзін з выкладчыкаў універсітэту Сяргей Мядзведзеў напісаў у сацыяльных сетках, што быў сведкам здарэння:

«У гэта складана паверыць, але мы ў найцішэйшай Празе пад абстрэлам. Я чытаў лекцыю ва ўніверсітэце, калі ў будынку пачуліся стрэлы, дрыжалі шыбы. Затым было шмат крыкаў, у аўдыторыю ўварваўся спецназ і праверыў памяшканне. Паводле першых паведамленняў паліцыі, невядомы адкрыў страляніну ў будынку факультэту, ёсць забітыя і параненыя. Уся плошча Яна Палаха і квартал Ёзэфаў ачэпленыя паліцыяй. Мы са студэнтамі забарыкадаваліся ў аўдыторыі».

Нападнік быў студэнтам Карлавага ўніверсітэту, ён меў ліцэнзію на зброю.

Чэшская паліцыя ўзмацніла бяспеку каля школаў ды іншых грамадскіх будынкаў па ўсёй краіне, а Карлаў універсітэт адмяніў усе лекцыі.

Каментар
Нехта забарыкадаваўся, нехта ратаваўся праз дах. Навучэнец пра страляніну ў Празе
2023.12.21 20:04

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў