Сыход легенды пакуль адмяняецца? «McDonald's» працягвае працу ў Беларусі


Наведаліся ў «McDonaldʼs» і даведаліся, што там адбывалася апошнія дні на фоне звестак пра сыход сеткі з Беларусі.

Што здарылася

Інфармацыя пра тое, што «McDonaldʼs» пакідае Беларусь, зʼявілася ў афіцыйных акаўнтах кампаніі. У заяве паабяцалі захаваць працоўныя месцы (а іх больш за 2000), узровень сэрвісу і смак страваў. Заяўлялі, што рэстараны хуткага харчавання пад кіраўніцтвам «КСБ Віктары Рэстараны» з 22 лістапада будуць працаваць пад брэндам «Вкусно – и точка».

У Беларусі працуюць 25 рэстаранаў «McDonaldʼs» у шасці гарадах, якія штогод абслугоўваюць больш за 10 мільёнаў гасцей. Летась у снежні «McDonaldʼs» адзначыў 25 гадоў працы ў Беларусі. Спачатку «McDonaldʼs» падпарадкоўваўся беспасярэдне офісу карпарацыі ў ЗША, потым – яго рэгіянальнаму падраздзяленню ў Маскве. Паводле франчайзінгавай мадэлі працаваў з 2015 года.

«McDonaldʼs» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 
Фота: Белсат

Інфармацыя пра сыход кампаніі з Беларусі не выглядала дзіўна: «McDonaldʼs» яшчэ ў сакавіку паведаміў, што пакідае расейскі рынак. Гэтак кампанія адрэагавала на гуманітарны крызіс ва Украіне, выкліканы расейскаю ваеннай агрэсіяй. Ужо ў чэрвені ў будынках «McDonald’s» у Расеі пачалі працаваць установы пад назваю «Вкусно – и точка». Наведнікам прадавалі ўпакоўкі і кубкі без малюнкаў, старыя соусы, проста зафарбаваўшы на іх лагатыпы «McDonaldʼs». Прыходу «Вксуно – и точка» чакалі і ў Беларусі.

Смак дзяцінства

Мы наведаліся ў «McDonald’s» у анансаваныя апошнія дні працы брэнду. За некалькі дзён да 22 лістапада з будынку знялі шыльду, але вялікія белыя літары радасна паведамляюць: «Мы адкрытыя!».

Каля ўваходу сядзіць работнік, які толькі што дэмантаваў шыльду. Абед. Ён замовіў сабе бургер, жуе і разглядае наведнікаў. У апошнія дні працы «McDonaldʼs» сюды прыходзіць шмат бацькоў з дзецьмі. Дзяўчынка гадоў 12 з радасцю на поўны рот есць чызбургер, трымаючы яго ў левай руцэ. Праваю дастае з чырвонай скрынкі «Happy Meal» цацку. Насупраць яе сядзіць мужчына, яму каля 50. Усміхаецца і нешта ёй кажа, перыядычна сцягваючы з папяровага канверта фірмовую бульбу фры.

За іншым столікам сядзяць маладзенькія студэнткі. Смяюцца і смакуюць знакаміты макдоналдскі дэсерт: мяккае марозіва ў папяровым кубачку – макфлары. З 22 лістапада яно мелася знікнуць з продажу. Кажуць, што прыйшлі адмыслова па гэта.

«McDonaldʼs» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 
Фота: Белсат

У залу заходзіць высокі мужчына, замаўляе сабе біг-мак, які таксама хутка знікне з меню. Яму 36, займаецца штукавальнымі працамі.

«Заўсёды выкарыстоўваў «McDonaldʼs», каб забегчы ў прыбіральню. А вось цяпер вырашыў закрыць гештальт – паспрабаваць мясцовую ежу», – кажа ён. Дзіця сюды не водзіць, бо лічыць фаст-фуд некарысным.

Шмат для каго «McDonaldʼs» звязаны з успамінамі дзяцінства, таму цяпер «Вкусно – и точка» ўспрымаецца проста як новы пункт харчавання.

«Заўсёды, калі былі за мяжою з бацькамі, наведвалі «McDonaldʼs» і набывалі «Happy Meal». Гэта была традыцыя. Ці калі мама ездзіла ў камандзіроўку ў Менск, заўсёды прывозіла з сабою «Happy Meal». А я чакала гэтага як сапраўднае свята. Але раней цацкі былі цікавейшыя, у мяне нават была калекцыя. Напрыклад, музычныя Шэлбі, Фэрбі, ці мяккія цацкі з серыі пра Віня-Пыха – Парсючок, Тыгра. Цяпер прыйшла ў «McDonaldʼs», каб згадаць дзяцінства, а вось у «Вкусно – и точка» хадзіць не буду», – кажа жанчына 30 гадоў.

Работнікі сеткі ветлівыя, усмешлівыя. Кажуць, што да 18:00 21 лістапада будуць працаваць як «McDonaldʼs», а потым працягнуць працаваць у штатным рэжыме.

«У нас нічога асабліва не зменіцца, таму абавязкова прыходзьце да нас», – кажа ў касе працаўніца сеткі і працягвае жанчыне з хлопчыкам «Happy Meal».

Рэбрэндынг адмяняецца?

Анансавалася, што, на прыклад Расеі, у меню «Вкусно – и точка» застануцца стравы ад «McDonaldʼs», але пад іншымі назвамі, без прыстаўкі «мак»: гранд замест роял, падвойны гранд і гранд-дэ-люкс, фішбургер замест філе-о-фіш, чыкен-хіт замест мак-чыкен, біг-спэшʼял замест біг-тэйсці, нагетсы замест чыкен-макнагетс ды іншыя. Біг-мак і макфлары меліся знікнуць наагул. У выпадку біг-мака ўзніклі праблемы з пастаўкамі прадуктаў, а пры гатаванні марозіва макфлары «McDonaldʼs» выкарыстоўвае запатэнтаваную тэхналогію фларынг («праварочванне лыжкі ў марозіве»). Замест яго анансавалі марозіва айс-дэ-люкс.

«McDonaldʼs» на плошчы Бангалор. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Аднак 22 лістапада рэбрэндынгу не адбылося. У меню ўсё засталося па-старому, праўда, цяпер там няма біг-мака. На будынках у Менску нават вярнулі старыя шыльды.

– А што, гэта пакуль «McDonaldʼs»? – пытаюць, заходзячы ў будынак, дзве студэнткі.

– Так, мы працуем як «McDonaldʼs», – адказвае ім адміністратарка ў зале.

Праўда, настрой у работнікаў не такі пазітыўны, як быў некалькі дзён таму: «Пакуль працуем як працавалі, а што будзе далей – невядома».

Вялікага ажыятажу 22 лістапада мы не назіралі. Сюды традыцыйна забягалі бацькі з дзецьмі і студэнты. Праўда, дзяцей цяпер чакае расчараванне: «Happy Meal» на ранак 22 лістапада практычна не засталося.

«Ну вось, раней хоць міньёны былі, а гэта што? Проста кардонка», – расчаравана кажа дзяўчынка 10 гадоў, круцячы ў руках апошні кардонны лабірынт на матывы кампʼютарнай гульні з сінім антрапаморфным вожыкам Сонікам.

Наведнікі заходзяць, здзіўляюцца адсутнасцю зменаў і замаўляюць звыклыя макдоналдскія стравы. У топе традыцыйна бульба фры, бургеры і піражкі з вішнямі.

Паводле неафіцыйных звестак, прынамсі бліжэйшыя тыдні сетка будзе працаваць у Беларусі без зменаў. Як звычайны грамадзянін, карэспандэнт «Белсату» звярнуўся па каментар у кампанію, каб высветліць як доўга «McDonaldʼs» плануе яшчэ працаваць у Беларусі. Нам адказалі, што «рэстарацыі пакуль працуюць у ранейшым рэжыме», без удакладнення, як доўга яшчэ можна будзе іх наведваць.

Аналітыка
На развітанне з «McDonald’s»: склалі міні-індэкс біг-маку для Беларусі і суседзяў
2022.11.21 09:00

СП belsat.eu

Стужка навінаў