Анатоль Котаў: У беларускіх вольных спартоўцаў з’явіўся шанец 


У Мумбаі (Індыя) 17 кастрычніка завершылася 141-я сесія Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Яе вынікі мы абмеркавалі з кіраўніком міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатолем Котавым, якому дапамагалі сачыць за хадою сесіі пэўныя інсайдары.

Публічная дыскусія, прысвечаная крытэрыям допуску беларускіх і расейскіх спартоўцаў на афіцыйныя міжнародныя спаборніцтвы, у варшаўскай студыі «Белсату». На здымку – кіраўнік міжнароднага аддзелу Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў. Варшава, Польшча. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

– Што б вы назвалі ў ліку найбольш адметных вынікаў?

– Па-першае, сесія прынесла пэўную палёгку самому спадару Томасу Баху, таму што акурат напярэдадні гэтага форуму Алімпійскі камітэт Расеі (АКР) прыняў рашэнне аб тым, што ў яго будуць уваходзіць і алімпійскія саветы акупаваных тэрыторый Украіны. Тым самым, з’явілася фармальная падстава прыпыніць членства АКР. На маю думку гэта быў наўмысны крок з боку Расеі, які падкрэслівае глупства і нахабства ўлады гэтай краіны. Вядома, што АКР не незалежны ад Крамля. Такі крок тлумачаць артыкулам Канстытуцыі РФ, якая на пяньках, вобразна кажучы, была прынятая год таму з улікам захопленых тэрыторыяў Украіны. І на гэтым – усё. З іншага боку, МАК увёў дзве папраўкі ў Алімпійскую хартыю, што тычацца павагі да агульнапрызнаных міжнароднай супольнасцю правоў чалавека, адным з якіх з’яўляецца права займацца спортам.  На маю думку, гэтыя папраўкі супярэчаць адна адной. Агульная фармулёўка прызнання правоў чалавека заўсёды дазваляе караць тых, хто гэтыя правы не паважае. Але асноўным лічыцца права на жыццё. А таксама права выбару. 

З аднаго боку, МАК узяўся  караць тыя краіны, у якіх масава парушаюцца правы чалавека, у тым ліку і правы спартоўцаў. З іншага – яны не могуць пазбавіць усіх уладальнікаў, як кажуць, расейскіх ці беларускіх пашпартоў удзелу ў Алімпіядзе, бо і гэта ёсць права: на заняткі спортам. 

Вось зараз такое ў хартыю прапісалі. Зрабілі крок наперад і адначасова – назад, апынуўшыся ў тым самы месцы, адкуль пачыналі. У гэтым відаць, яны бачаць універсальную юрысдыкцыю, якая, быццам бы, дазваляе больш гнутка падыходзіць да падобных сітуацыяў. Што важней: права на жыццё, ці права займацца спортам? На гэтае пытанне МАК упарта не хоча адказваць. 

– Што вы думаеце адносна рашэння, якое датыць перспектываў нейтральных спартоўцаў удзельнічаць ў спаборніцтвах? 

– Я лічу гэта пазітыўным вынікам сесіі ў Індыі. Хоць не вызначаны яшчэ сам механізм, але, прынамсі, кірунак ёсць. Права абіраць такіх атлетаў аддадзена міжнародным федэрацыям. Вельмі істотная рэч для тых, хто не можа разлічваць на нацыянальныя алімпійскія камітэты. Не магу сказаць як з боку Расеі, але для вольных беларусаў гэтая навіна вельмі добрая. Зараз нам трэба працаваць з міжнароднымі федэрацыямі па відах спорту, каб яны маглі каго-небудзь накіраваць у Парыж без умяшальніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК) Рэспублікі Беларусь з яе нелегітымным прэзідэнтам Віктарам Лукашэнкам. 

Агляд
«Пачала б біць ім морды». Удзельнікі дыскусіі на «Белсаце» заклікалі МАК не запрашаць беларусаў і расейцаў на Алімпіяду
2023.10.06 20:17

– Якое вашае меркаванне адносна прапановы не забараняць цяперашняму кіраўніку МАК балатавацца на пасаду прэзідэнта арганізацыі і ў трэці раз? Ці не вядома вам, адкуль «растуць ногі» у гэтай ініцыятывы?

– Унесці ў Алімпійскую хартыю папраўкі, якія гэта дазволяць, прапанавалі дэлегаты, што прадстаўляюць Афрыку, а менавіта Алжыр і Джыбуці, а таксама дэлегат ад Дамініканскай Рэспублікі. Як я ведаю з нашых крыніцаў у Мумбаі, гэта не знайшло паразумення, было сустрэтае без асаблівага ўздыму і самім Бахам і чальцамі МАК. Кіраўнік юрыдычнай камісіі МАК падкрэсліў, што такія папраўкі трэба ўносіць загадзя, як найменей за 30 дзён да правядзення мерапрыемства, а не на ім самім. Прапанова была фактычна пакінутая без увагі. Гэта самае прыгожае, што было зроблена на цяперашняй сесіі. То бок, галоўная ў свеце міжнародная спартовая арганізацыя адмовілася (прынамсі пакуль) ад вельмі ганебнай практыкі аўтарытарных дзяржаваў з пажыццёвым кіраўніцтвам адной асобай.

Томас Бах. Крыніца: inbusiness.kz

– Што гэта наогул было: нейкае жаданне ўслужыць Баху, ці пэўная правакацыя?

– На маю думку, гэта была правакацыя ў найлепшых традыцыях таталітарызму, калі такая прапанова льсціць і ад яе цяжка адмовіцца. Ініцыятыва прызнаць, што Бах непараўнальны і не змяняльны, які зрабіў шмат добрага для Алімпійскага руху, была высунутая краінамі, якія, фактычна, яшчэ два тыдні таму на Форуме атлетаў у швейцарскай Лазане выступалі за тое, каб вярнуць спартоўцаў Расеі на міжнародныя спаборніцтвы без усялякіх абмежаванняў і ўмоваў. Гэта ўсё ўпісваецца ў знаёмы сцэнар, калі праз трэція дзяржавы, карыстаючыся відавочнымі карупцыйнымі матывамі, Расея, на правах больш моцнага, усцяж спрабуе прасоўваць свае інтарэсы і ў спорце. 

– Але і Томас Бах лічыцца нямоцным менеджарам, выглядае слаба, трапіўшы ў сітуацыі, у якіх проста плавае…

– Беларускі Фонд спартовай салідарнасці кажа больш за два гады, што трэба загадзя, цвёрдым і валявым рашэннем, выпрацоўваць нейкія ўніверсальныя механізмы рэакцыі на падобныя рэальныя выклікі, калі пачынаецца вайна і калі ёсць відавочныя масавыя парушэнні правоў чалавека з боку асобных недэмакратычных уладаў. Там, дзе немагчыма аддзяліць спорт ад дзяржаўнай ідэалогіі і, як след, ад палітыкі, не павінна быць аніякіх кампрамісаў. 

Тое, што было агучана на гэтай сесіі МАК дае пэўную надзею на далейшае прасоўванне інтарэсаў і правоў спартоўцаў, якія не згодныя з палітыкай сваіх дзяржаваў, а значыць, не могуць быць заяўленыя ад нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, нацыянальных федэрацыяў, міністэрстваў спорту. 

З гэтым Беларусь сутыкнулася напярэдадні Алімпіяды ў Токіа ў 2021 годзе. Трэба яшчэ больш упарта і пільна працаваць над крытэрыямі, каб гэта былі менавіта тыя атлеты, якія не падтрымліваюць агрэсіўную палітыку дзяржслужбоўцаў, не жадаюць замоўчваць факт вайны, гвалт, парушэнне правоў чалавека. Сёння іх можна называць героямі. Затое менавіта для такіх моцных асобаў будуць адчыненыя дзверы на Алімпіяду – 2024 і наступныя Гульні, пра што, думаю, ужо неўзабаве можа афіцыйна абвесціць і МАК.

Каментар
Алімпійскія гульні ў ценю вайны ў Еўропе. Ці можна заставацца нейтральным?
2023.10.05 22:42

Алесь Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў