Прызыўніка, які ўцёк з Беларусі ад арміі, затрымалі ў Санкт-Пецярбурзе


Маладзёна, які ўцякаў з Беларусі ад арміі, затрымалі ў Санкт-Пецярбурзе аператыўнікі крымінальнага вышуку, паведамляе выданне «Фонтанка».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Восеньскі прызыў у Баранавічах, Беларусь. 29 лістапада 2018 года.
Фота: mil.by

22-гадовы маладзён хаваўся ад арміі з 2021-га. У Віцебскай вобласці, адкуль ён родам, на яго завялі крымінальную справу аб ухіленні ад праходжання вайсковай службы.

Паведамляюць, што на радзіме фігуранту абралі мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Нагадаем, што ў Расеі было шмат выпадкаў затрымання беларусаў за ўдзелы ў пратэстах 2020 года і наступнай экстрадыцыі ў Беларусь.

Гэтак, у ліпені 2021 года затрымалі ў Расеі, а пасля выслалі ў Беларусь чэмпіёна свету па кікбоксінгу Аляксея Кудзіна, у Менску ён атрымаў 2,5 года пазбаўлення волі за ўдзел у пратэстах. Палітзняволеную Яну Пінчук таксама затрымалі ў Санкт-Пецярбурзе ў лістападзе 2021 года, пасля таго як расейскі суд адмовіўся выдаць ёй часовы прытулак. На радзіме Яне прысудзілі 12 гадоў калоніі паводле пяці артыкулаў за адміністраванне трох пратэсных тэлеграм-каналаў.

Усяго ў Расеі са жніўня 2020 года затрымалі мінімум 20 грамадзянаў Беларусі, якія ў нашай краіне абвінавачваліся ва ўдзеле ў пратэстах.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў