Міжнародны кангрэс даследнікаў Беларусі стартаваў у Гданьску


У Гданьску 22 верасня распачаўся 11-ы Міжнародны кангрэс даследнікаў Беларусі. Навуковым досведам і сваймі распрацоўкамі абменьваюцца прадстаўнікі даследніцкіх цэнтраў нашай краіны і замежжа. На форуму прысутнічаюць эксперты ў палітычных, сацыяльных і гуманітарных навуках. Усіх іх яднае адно: у цэнтры іхнай увагі – Беларусь, яе ўзаемадзеянне з суседзямі, бяспека, культура, навука, пытанні беларускага бізнесу, а таксама сучаснасць і будучыня нашай краіны.

Міжнародны кангрэс даследнікаў Беларусі ў Гданьску.
Фота: reform.by

Сёлета праца Кангрэсу будзе адбывацца ў 14-ці даследчых кірунках (панэлях), што лучаць усе асноўныя сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны: гісторыя, міжнародныя стасункі і паліталогія, сацыялогія, лінгвістыка, літаратуразнаўства ды іншыя.

Форум працягнецца тры дні, з 22 да 24 верасня.

Міжнародны кангрэс даследнікаў Беларусі ў 2023 годзе праходзіць на трох пляцоўках Гданьску: Музей Другой сусветнай вайны, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Нацыянальны марскі музей.

Музей Другой сусветнай вайны ў Гданьску, дзе ладзяць Міжнародны кангрэс даследнікаў Беларусі. Крыніца: Міжнародны кангрэс даследнікаў Беларусі / Facebook

На адкрыцці форуму прысутнічала мэр Гданьску Александра Дулькевіч, адмысловы прадстаўнік МЗС Польшчы ў справе ўзаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі, дырэктар Музею Другой сусветнай вайны Гжэгаж Бэрэнт, дырэктар Нацыянальнага марскога музею Робэрт Домжал, кіраўнік Еўрапейскага цэнтру салідарнасці ў Гданьску Басіль Керскі ды іншыя навукоўцы і прадстаўнікі знаных беларускіх, літоўскіх і польскіх інстытуцыяў.

«У жніўні 2020 года беларусы паказалі свету, але перш за ўсё самі сабе, што яны хочуць, каб да іх ставіліся як да паўнавартаснага суб’екту, хочуць мець уласную, незалежную, дэмакратычную дзяржаву, хочуць быць гаспадарамі ў сваёй краіне. [Беларусы] паказалі, што дэспатычны стыль кіравання глыбока архаічны, што ў іх ёсць годнасць, і яны хочуць, каб іх голас улічваўся. Але гэты голас быў цалкам праігнараваны. Тым не менш Беларусь пасля тых сфальсіфікаваных выбараў стала іншаю. Шматлікая эмігранцкая супольнасць у ладзе мыслення выразна абапіраецца на нацыянальную ідэнтычнасць, гісторыю, адмяжоўваецца ад савецкага этнасу, добра разумее свае еўрапейскія карані і ўсё больш гучна заяўляе пра свае еўрапейскія памкненні», – заявіў на адкрыцці адмысловы прадстаўнік МЗС Польшчы ў справе ўзаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі, перадае Reform.by.

Міжнародны кангрэс даследнікаў Беларусі – штогадовая акадэмічная захада, адно з найважнейшых заданняў якой – умацаваць інтэграцыю даследнікаў і экспертаў у палітычных, сацыяльных і гуманітарных навуках. Кангрэс спрыяе лепшаму разуменню Беларусі ў акадэмічнай і грамадскай сферах у рэгіянальным і сусветным кантэксце.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў