Украінскія дыверсанты, ФСБ або французскі філосаф? Хто стаіць за забойствам дачкі Дугіна


У Падмаскоўі быў узарваны аўтамабіль, у якім ехала дачка адыёзнага расейскага філосафа і прыхільніка вайны з Украінай Аляксандра Дугіна. Дар’я падзяляла і распаўсюджвала погляды свайго бацькі. І амаль адразу з’явілася некалькі версіяў таго, хто мог стаяць за замахам. Карэспандэнты «Белсату» вывучылі асноўныя з іх.

Дачка Аляксандра Дугіна Дар’я.
Фота: РИА Новости

30-гадовая Дар’я Дугіна займалася журналістыкай, філасофіяй і паліталогіяй. Яна мела шчыльныя сувязі з ультраправымі рухамі ў Еўропе, наведвала акупаваныя раёны Украіны і ў ліпені 2022 года была ўключаная ў санкцыйныя спісы Вялікай Брытаніі.

20 жніўня актывістка ехала з фестывалю «Традыцыя», які праходзіў у падмаскоўным Захараве. Ейны бацька таксама быў на імпрэзе, але паехаў дамоў іншаю машынаю. Аўтамабіль Дугінай узарваўся а 21:30 падчас руху на Мажайскай шашы каля паселішча Балльшыя Вязёмы. Пасля выбуху аўта загарэлася. Жанчына загінула на месцы.

Аналітыка
Фашызм, «руский мир» і «мазгі Пуціна». Што трэба ведаць пра забітую Дар’ю Дугіну і ейнага бацьку
2022.08.22 17:12

Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную спрауа паводле факту забойства, учыненага агульнанебяспечным спосабам (арт.105 КК РФ). Старшыня СК Аляксандр Бастрыкін загадаў перадаць справу «для далейшага аператыўнага, усебаковага і абʼектыўнага расследавання» ў вядзенне Галоўнага следчага ўпраўлення СК. Следства мяркуе, што злачынства было загадзя спланаваным і носіць заказны характар.

Пры гэтым да канца не зразумела, хто быў мэтай падрыву: ці то філосаф, якога лічаць адным з ідэолагаў «русского мира» і еўразійства і які меўся ехаць разам з дачкой, ці то загінулая.

Версія 0. Французскі філосаф

Пасля забойства Дугінай з’явілася некалькі – часам супрацьлеглых – версіяў таго, хто мог стаяць за выбухам. Некаторыя – даволі экзатычныя. Гэтак, беларускі прапагандыст Рыгор Азаронак звінаваціў у здарэнні французскага філосафа Бэрнара-Анры Леві (Bernard-Henri Lévy), з якім Дугін некалькі гадоў таму вёў дэбаты.

«Што, ваўкалак крывавы, вырадак, пакрыўдзіўся тады? Дугін вырабіў твае ўбогія думкі пад арэх. Кат Лівіі, Сірыі, ідэолаг майдана, ён першы ў Літве сустрэўся з Ціханоўскай. Арыгінальную ты помсту абраў, сука паганая», – піша вядоўца дзяржаўнага каналу.

Машына Дар’і Дугінай пасля выбуху.
Фота: iz.ru

Але сур’ёзна разглядаць гэтую некантраляваную плынь свядомасці наўрад ці варта. Таму звернемся да іншых версіяў здарэння.

Версія 1. Украінскія дыверсанты

Мноства дзеячаў «русского мира» амаль адразу абвінавацілі ў выбуху аўтамабіля Дугінай украінскі ўрад. Гэтак, кіраўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін заявіў, што «тэрарысты ўкраінскага рэжыму, спрабуючы ліквідаваць Аляксандра Дугіна, узарвалі ягоную дачку». А кіраўніца «Россия сегодня» Маргарыта Сіманьян запатрабавала нешта рабіць з «цэнтрамі прыняцця рашэнняў».

Сябра Грамадскай палаты і дачка расейскай сенатаркі Алены Мізулінай Кацярына заклікала «ачысціць» украінскія гарады:

«Гэта звёны аднаго ланцуга і сістэмная праца супраць тых, хто паслядоўна выступае за ідэю «русского мира» і падтрымвае правядзенне спецаперацыі. Адказам на гэты выклік ворага ў самым цэнтры нашай краіны можа быць толькі больш хуткае ачышчэнне ад тэрарыстаў і забойцаў Кіева, Мікалаева, Харкава, Адэсы ды іншых расейскіх гарадоў».

Былы расейскі апазіцыянер, а цяпер актыўны прыхільнік вайны з Украінай Сяргей Удальцоў піша, што «паколькі сурʼёзных поспехаў на фронце ва ўкраінскага войска з абʼектыўных прычынаў сёння дабіцца не атрымліваецца, непазбежна пачынаюць актыўна ўжывацца дыверсійныя (выбухі, падпалы, пашкоджанне камунікацый) і тэрарыстычныя метады». Пры гэтым поспехаў расейскага войска таксама не бачна.

Дар’я Дугіна (справа) побач са сваім бацькам Аляксандрам Дугіным.
Фота: Аким Акопов/Telegram

«Мне на 100 % відавочна, што забойства ягонай дачкі – гэта ўсвядомлены і мэтанакіраваны ўдар менавіта супраць Расеі і расейцаў», – напісаў расейскі нацыяналіст Уладзімір Тор (Кралін).

Тым не менш, украінскія ўлады адмаўляюць сваю датычнасць да забойства. Напрыклад, дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк падкрэсліў, «што Украіна, безумоўна, да гэтага не мае дачынення». На ягоную думку, забойства сведчыць пра барацьбу за ўладу і ўплыў розных груповак унутры Расеі.

«Мы не крымінальная дзяржава, як Расейская Федэрацыя, і тым больш не тэрарыстычная дзяржава», – сказаў Падаляк.

Але затым версію пра ўкраінскі след агучыла і расейскае ФСБ. Як заявілі ў спецслужбе, забойства арганізавалі ўкраінскія спецслужбы, а непасрэднай выканаўцай была 43-гадовая грамадзянка Украіны Наталля Воўк.

Hавiны
ФСБ заявіла аб раскрыцці забойства Дар’і Дугінай
2022.08.22 16:04

Паводле ФСБ, Воўк прыехала ў Расею 23 ліпеня разам з дачкой Сафіяй Шабан. Яны знялі жыллё ў доме, дзе жыла Дугіна, і сачылі за ёй на аўтамабілі «Mini Cooper», тройчы змяніўшы нумары за гэты час. У дзень забойства Воўк з дачкой былі на фестывалі «Традыцыя», дзе, маўляў, і замініравалі аўтамабіль Дугінай, а адразу пасля падрыву зʼехалі ў Эстонію.

Версія 2. Расейскія партызаны

Сваю версію высунуў расейскі апазіцыянер Ілля Панамароў, які цяпер жыве ва Украіне. Ён заявіў, што адказнасць за падрыў аўтамабіля ўзяла на сябе «Нацыянальная рэспубліканская армія» (НРА) у межах супраціву крамлёўскаму рэжыму.

У маніфесце НРА, які агучыў Панамароў, арганізацыя абвясціла Уладзіміра Пуціна «ўзурпатарам улады і вайсковым злачынцам, які зламаў Канстытуцыю, развязаў братазабойчую вайну паміж славянскімі народамі і адправіў расейскіх жаўнераў на бессэнсоўную смерць». Чыноўнікі ды сілавікі абвяшчаюцца  ў маніфесце «памагатымі ўзурпатара».

Hавiны
Адказнасць за смерць Дар’і Дугінай узяла на сябе расейская «Нацыянальная рэспубліканская армія»
2022.08.22 08:37

«Нашая мэта – спыніць знішчэнне Расеі і яе суседзяў, спыніць дзейнасць купкі крамлёўскіх дзялкоў, якія прысмакталіся да багаццяў нашага народу і чыняць злачынствы ўнутры краіны і за яе межамі», – заяўляюць чальцы «Нацыянальнай рэспубліканскай арміі».

Паводле Панамарова, за апошнія месяцы НРА правяла ў Расеі «многія іншыя партызанскія акцыі беспасярэдняга дзеяння», аднак не ўдакладніў, пра якія вядзецца гаворка. Дый пра гэтую арганізацыю нічога раней не было вядома.

Версія 3. Расейскія спецслужбы

Нагодай для гэтай версіі стала тое, што машыны забітай актывісткі перад апошнім выездам стаяла на «элітнай» стаянцы, доступ да якой у шараговых людзей быў закрыты, а камеры там апошнія два тыдні не працавалі. А вось прычыны забойства называюць розныя.

Беларускі тэлеграм-канал CYNIC піша, што спецслужбы РФ адчулі слабасць Пуціна і вырашылі зрабіць «наўпроставае пасланне элітам», прычым у два бакі. Гэтак, «партыя міру» нібы атрымлівае мэсідж, што прыхільнікаў вайны могуць прыбіраць свае, а «партыя вайны» – «ахвяру на сваім алтары: ахвяру, якая гаворыць пра тое, што неабходна яшчэ большая радыкалізацыя, на якую Пуцін не здольны».

«Сілавая вертыкаль адчула пах крыві. Гэта вынік пуцінскага правалу [ва Украіне. – Рэд. Belsat.eu]», – адзначае CYNIC.

На «рахунак Крамля» запісвае смерць дачкі Дугіна і тэлеграм-канал «Ник и Майк», бо «Украіне гарадскі варʼят, які лічыць сябе прафесарам, зусім не цікавы». Пры гэтым ягоныя аўтары мяркуюць, што «расейскі рэжым будзе планамерна адпраўляць выкарыстаны матэрыял у расход».

Аб’ектыў
Каму выгадная смерць Дар’і Дугінай?
2022.08.21 23:41

Аглядальнікі ж з Расеі бачаць спробу закрыць рот крытыкам пуцінскага рэжыму.

«Сёння нярэдка можна сустрэць меркаванне, што для Крамля небяспечнейшыя не лібералы, а радыкальныя патрыёты. Дугін з яго кабалістыкай не мог бы стаць лідарам народных сімпатыяў. А вось прыгажуня Дарʼя відавочна рыхтавалася ім на ролю расейскай Ле Пэн», – піша апазіцыйны багаслоў Андрэй Кураеў.

Дый палітолаг Андрэй Піянткоўскі мяркуе, што «жорсткае забойства Дарʼі Дугінай – папярэджанне пуцінскіх сілавікоў духоўнаму правадыру ультрафашысцкай партыі, якая часам крытыкуе Пуціна як недастаткова прынцыповага фашыста-карупцыянера».

Таксама і ўкраінскі тэлеграм-канал «Сито Сократа» піша, што ў Крамлі ўсвядомілі: Дугін і да яго падобныя прапагандысты «псуюць паветра настолькі моцна, што нават сяброўства з Казахстанам і Беларуссю трашчыць па швах. Пуцін паставіў Лубянцы дакладную задачу зачысціць інфаполе ад падобных непаразуменняў». Аўтар каналу мяркуе, што «Пуцін абдумвае крокі, як вылезці з пасткі «СВА», а таму яму трэба і далей глушыць пагарэлую Z-партыю і бардаў «спецаперацыі».

Дар’я Дугіна.
Фота: kp.ru

Аднак палітолаг Таццяна Станавая, наадварот, мяркуе, што гэтае здарэнне павысіць напружанасць у стасунках расейскай улады і больш радыкальна настаўленых колаў, «якія лічаць, што Крэмль не там малюе чырвоныя лініі ды займае занадта нерашучую пазіцыю што да іх парушэння». На думку Станавой, «забойства Дугінай стварае ўмовы, у якіх фармуецца палітычны попыт на больш радыкалізаванае палітычнае лідарства за самога Пуціна. І Крэмль не зможа яго задаволіць».

Прапагандыстам страшна

Расейскі палітолаг Сяргей Маркаў адзначае, што падрыў машыны – гэта пасланне расейскім элітам: «бойцеся, вы можаце быць наступнымі». Тым больш і здарыўся выбух побач са знакамітай Рублёўкай, дзе жывуць топавыя чыноўнікі, кіраўнікі карпарацыяў і медыяў.

«Сёння ў семʼях усіх вялікіх начальнікаў, усіх чальцоў ураду сямейныя нарады. Як засцерагчы аўтамабіль ад мініравання? Як сачыць, каб падчас старту быў толькі адзін чалавек у кабіне? Як зрабіць так, каб тэрарыст не пракраўся ў хату пад выглядам электрыка ці дэлівэрынгу? Дзецям даюць строгія інструкцыі, як паводзіць сябе, каб зменшыць пагрозу тэрарыстычнага нападу», – мяркуе Маркаў.

На страх і дэмаралізацыю, што растуць сярод прадстаўнікоў расейскага рэжыму, указвае і палітолаг Абас Галямаў.

«Здарэнне чарговы раз пераканаўча сведчыць пра тое, што калі начальства кажа, што ўсё ідзе «паводле плану», яно хітруе. У чым план? У тым, каб ворагі ў Падмаскоўі вашых прапагандыстаў узрывалі?» – адзначае ён і раіць прапагандыстам для бяспекі хаця б «крыху радзей заклікаць забіваць украінцаў».

Месца тэракту. 21 жніўня 2022 г.
Фота: Russian Investigative Committee / Russian Look / Forum

Новая хваля тэрору?

Але ў Расеі, наадварот, чакаюць узмацнення тэрору супраць нязгодных.

«Мала сумневаў у тым, што гэты выбух будзе выкарыстаны для легітымацыі новай хвалі тэрору, у тым ліку – адносна сваякоў тых, хто Пуціну непажаданы», – піша расейскі апазіцыянер Леанід Волкаў.

І заклікі да закручвання гаек ужо гучаць. Маргарыта Сіманьян прапаноўвае арыштаваць усіх, хто «практыкуецца ў сарказме і тролінгу» з нагоды смерці Дугінай. Распаўсюдзіць «дзейныя прававыя нормы на гэты інфармацыйны гвалт» заклікала і прэс-сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава.

«Я не разумею, чаму б не арыштаваць усіх стварэнняў, што здзекуюцца са смерці Дашы», – піша муж Сіманьян, прапагандыст Тыгран Кеасаян.

Як адбываецца такое закручванне гаек, беларусы ўжо ведаюць на падставе «справы Зельцара», калі сілавікі затрымалі тых, хто «няправільна» выказваўся аб смерці супрацоўніка КДБ.

«Дзверы ў новую порцыю вялікага тэрору з грукатам адчыненыя. Апрычнікі гатовыя. Сістэма думае, што гэта ўратуе яе ад хаосу. Дарэмна, вядома», – адзначае татарскі палітолаг Руслан Айсін.

Назад у ліхія 90-я

У сваю чаргу беларускі тэлеграм-канал «Кукловод и овца» піша, што забойства Дугінай «у сённяшняй Расеі – гэта нічым не цікавая гісторыя», бо «кожны тыдзень, а то і па некалькі разоў за тыдзень у Расеі забіваюць чарговага топ-менеджара чарговай дзяржкарпарацыі».

«Выбух пазадарожніка з дачкой Дугіна выглядае як тыпова бандыцка-чэкісцкая (прабачце за таўталогію) разборка, і не трэба надаваць ёй палітычнага значэння. Звычайная грызня павукоў у вялікім крамлёўскім слоіку. З важнага тут толькі тое, што паветра ў гэтым слоіку становіцца ўсё менш. І павукі грызуць адзін аднаго ўсё больш жорстка», – пішуць аўтары каналу.

Таксама і расейскі блогер Максім Кац бачыць у забойстве Дугінай вяртанне ў крымінальны свет 90-х гадоў:

«Пачаўшы захопніцкую вайну, расейскае кіраўніцтва зняло ўсе маральныя бар’еры на вырашэнне пытанняў грубай сілай. Прапаганда ж, пачаўшы ўсхваляць знішчэнне ўкраінскіх жаўнераў, якія абараняюць сваю Радзіму, прыбрала табу на здзяйсненне забойстваў».

Цяпер, паводле блогера, «калі рамкі дазволенага разбураныя, калі ўсе дзяржаўныя медыі тлумачаць, чаму правільна бамбіць мірныя гарады, забойцам можа быць хто заўгодна». І такіх забойцаў, падкрэсліў Кац, вайна «вырабляе ў індустрыяльных колькасцях».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў