«Старонка не перагорнутая». Як у Беластоку жывуць сёстры з Горадні, якіх у Беларусі асудзілі завочна


На вулічныя акцыі ў Беларусі ў 2020 годзе сёстры выходзілі да глыбокай восені, а пасля падтрымлівалі людзей у судах, пакуль іх саміх не пачалі судзіць. Жанчын абвінавацілі ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ў збіцці 11 супрацоўнікаў АМАПу. Прысудзілі так званую хімію ў калоніі адкрытага тыпу. Жанна і Надзея прынялі рашэнне бегчы з краіны, бо падпарадкоўвацца і працаваць на рэжым Лукашэнкі больш не збіраліся. Праз лясы і балоты сёстры сышлі ў Літву. Сёння Надзея Сцепанцова і Жанна Захаркевіч адныя з самых актыўных удзельніц беларускай дыяспары ў Беластоку. А нядаўна жанчыны даведаліся, што іх завочна асудзілі, замяніўшы «хімію» на калонію.

«Белсат» пагаварыў з Надзеяй і Жаннай.

Надзея Сцепанцова і Жанна Захаркевіч.
Фота: Белсат

Да 2020 года Надзея Сцепанцова і Жанна Захаркевіч, як сотні тысяч сем’яў у Беларусі, жылі спакойным жыццём і не бралі ўдзелу ў грамадска-палітычнай дзейнасці. Але падзеі двухгадовай даўніны назаўжды змянілі іхнае жыццё. Жанчыны выйшлі на пратэст 9 жніўня і не змаглі ўжо сысці, як кажа ў размове з «Белсатам» Жанна: «Калі б засталася ў хаце, не змагла б сабе дараваць».

– Хачу перадаць вялікае прывітанне так званым суддзям і пракурорам. Калі мы з сястрой не даем вам спакою нават за мяжой, гэта гаворыць аб адным – ім вельмі страшна. Калі мы даведаліся аб гэтым завочным судзе, мы нават жартавалі: напэўна, знімуць з нас абвінавачанне. Але ў выніку прысуд змянілі, зрабілі больш жорсткім, а гэта кажа пра тое, што мы ўсё зрабілі правільна, – кажа Жанна Захаркевіч.

Жанна Захаркевіч трымае партрэт забітага Аляксандра Тарайкоўскага.
Фота: Белсат

«Хімію» замянілі на калонію, але для рэжыму жанчыны недасяжныя

Надзея і Жанна ўжо больш за год жывуць за мяжою. Надзеі 50 гадоў, Жанна на 2 гады маладзейшая, абедзве жанчыны нарадзілі і выхавалі дваіх дзяцей. Цяпер сёстры жывуць разам, працуюць у Беластоку і не могуць вярнуцца дадому. Надзея была інжынерам на будоўлі, Жанна – юрыстка, працавала спецыялісткай у кадрах. У лістападзе 2020 года жанчыны страцілі працу, у студзені 2021-га іх пачалі судзіць, а ўжо ў сакавіку яны былі вымушаныя пакінуць краіну. Але сёстры кажуць, што ні аб чым не шкадуюць, бо праўда на іхным баку. У сакавіку 2021 года суд Ленінскага раёну Горадні прысудзіў Жанне 3 гады «хіміі», а Надзеі – 3,5 года «хіміі». Жанчыны мусілі ехаць адбываць пакаранне ў Шклоў і Віцебск, але абралі іншы шлях. Гарадзенская пракуратура не спынілася, ініцыявала новы судовы разбор. На пратэст намесніка генпракурора Вярхоўны Суд накіраваў крымінальную справу на новы апеляцыйны разгляд у Гарадзенскі абласны суд. Апошні прызначыў гарадзенкам новыя тэрміны – пазбаўленне волі (2 гады Жанне і 2,5 года Надзеі). Фактычна гэта можна лічыць адным з першых завочных судоў у Беларусі.

Да таго што ў любы момант апынуцца за кратамі, былі гатовыя

– Раней мы смажылі катлеты, лёгка можам гэта зрабіць і зараз, – жартуюць жанчыны. Надзея Сцепанцова ўзгадвае:

– У 2020 годзе людзі пачалі выходзіць на пратэст, мы не маглі заставацца ў хаце. Мы ўсе былі нязгодныя з тым, што адбываецца ў краіне. Я была нязгодная яшчэ з 2010 года. Раней былі маладыя і не ўсведамлялі, што адбываецца ў краіне. Але потым пачалі чытаць, назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі. Станавілася невыносна, разумелі, што кожныя выбары фальсіфікаваныя, і калі ўбачылі, што адбылося 9 жніўня, мы проста выйшлі супраць гвалту і ўжо не змаглі сысці, бо ўсё гэта адбывалася на нашых вачах: збіццё і затрыманні ўжо нельга было дараваць.

Ейная сястра дадае:

– Мне здавалася, што калі я стану і сваёй спінай абараню маладога чалавека, ён паспее ўцячы. Бо жанчын у нашым узросце спачатку не бралі. І таму для сябе я прыняла рашэнне, што не муж, а я буду змагацца з гэтым рэжымам. На вуліцы мы заставаліся, пакуль не атрымалі крымінальную справу. У нас ужо была позва ў Следчы камітэт. Але пакуль былі акцыі, мы выходзілі. Баяліся, але ішлі, бо верылі, што пераможам. Хацелі падтрымаць людзей, і была вера, што яшчэ ёсць шанец на змены. 27 кастрычніка 2020 года, калі Ціханоўская абвесціла ўсеагульную забастоўку, мы апошні раз выйшлі на вуліцу. Тады ў Горадні на Савецкай людзі зноў сабраліся. Хаця ў нас былі ўжо позвы, мы рызыкавалі, але ўсё роўна пайшлі. Мы ведалі: калі нас затрымаюць, мы застанемся там, і ўжо былі да гэтага маральна гатовыя.

Калі праводзіць акцыі зрабілася немагчыма, сёстры хадзілі ў суды, каб падтрымаць людзей. Імкнуліся наведаць як мага больш працэсаў.

Надзея Сцепанцова і Жанна Захаркевіч.
Фота: Белсат

Пяццю ўдарамі збілі адзінаццаць амапаўцаў

– Але таксама было страшна, бо людзі маглі крыкнуць «Жыве Беларусь!», і ўсіх маглі арыштаваць. І з нашымі крымінальнымі справамі гэта мог быць яшчэ адзін артыкул. У выніку на нас завялі крымінальныя справы, правялі ператрусы. Арганізацыя і актыўны ўдзел (арт. 342 Крымінальнага кодэксу РБ), а потым у пракуратуру перадалі, і нам дадалі яшчэ адзін артыкул, 364-ы (гвалт або ўжыванне гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў МУС). Што мы групай з пяці чалавек пабілі адзінаццаць амапаўцаў. У крымінальнай справе было, што мы моцна іх білі. Пры кожным допыце і ў судзе гучала: а Сцепанцова нанесла не менш за пяць удараў. Амапаўцы ў нас апынуліся тонкай душэўнай арганізацыі, і я лічу, што ў экіпіроўку ім трэба дадаць памперсы. Галоўнай іх задачай было здушыць усё і ўся ў чалавеку, каб ён не абураўся, і каб застрашыць нас. Суд – гэта сапраўдны цырк, калі сам амапавец казаў, што быць пацярпелым ім загадаў начальнік, – узгадвае тыя падзеі Надзея Сцепанцова.

Тады за падзеі 6 верасня 2020 года ў Горадні на лаве падсудных разам з Жаннай і Надзеяй апынуліся яшчэ двое братоў, Уладзімір і Юрый Сяднеўскія, а Аляксандр Якубоўскі змог уцячы падчас судовага працэсу, які цягнуўся амаль два месяцы. Спачатку ў справе было толькі двое пацярпелых супрацоўнікаў АМАПу, праз два месяцы іх было ўжо 11. Яны падчас суда не пазналі абвінавачаных, не здымалі пабояў, не заявілі пазоваў аб кампенсацыі. З іхных паказанняў вынікае, што двое супрацоўнікаў звярнуліся да медыкаў з апёкам вачэй, аднаму сарвалі маску, у іх ляцелі пустыя і напоўненыя бутэлькі, у тым ліку шкляныя, усе адчулі фізічны боль. Працэс вяла суддзя Ганна Лявусік. Дзяржаўным абвінаваўцам выступіла старэйшая памочніца пракурора Аліна Чужаземец.

Купілі мапу, компас і праз балота пайшлі ў ЕЗ

– Стала відавочна, што нас чакаюць тэрміны, што мы будзем асуджаныя, наш адвакат рыхтаваў нас да найгоршага, тлумачыў, што нам могуць даць калонію, але нікога ў калоніі тады не адправілі.

Жанчыны пастанавілі, што гэта іхны шанец.

– Мы не лічылі сябе ні ў чым вінаватымі і не збіраліся працаваць на гэты рэжым, але выбару ў нас было няшмат. Мы выбралі варыянт бегчы, хаця, вядома, мы разумелі, што гэта авантура. Праз два дні пасля суда рашэнне было прынятае, мы купілі мапу, компас. Паглядзелі на мапу адным вокам і пайшлі. Шлях выйшаў не самы лёгкі, балота, лес, ішлі 12 гадзінаў, былі блізкія да роспачы, ужо думалі, што не выберамся. Вакол балота, думалі, што ўжо застанемся паміраць. Але Жанна з ейным жалезным характарам была настроеная ісці далей, нягледзячы ні на што. У нас гэта было ўпершыню, мы нават компаса раней у руках не трымалі. Жанна жартуе: мы верылі, што нас наўрад ці затрымаюць, сюды беларускія памежнікі не прыйдуць, – узгадвае Надзея Сцепанцова.

Чуццё жанчын не падвяло. Брудныя, мокрыя, яны адчулі нешта незвычайнае. Гэта было пачуццё свабоды і бяспекі.

– Калі мы зразумелі, што гэта Літва і нашыя ўцёкі ўдаліся, мы пачалі шукаць памежнікаў, і нас кранула, як яны да нас паставіліся. Цёплы душ, гарачая гарбата і цукеркі і нармальнае чалавечае стаўленне моцна ўзнялі настрой, – кажа Жанна Захаркевіч.

Надзея Сцепанцова і Жанна Захаркевіч.
Фота: Белсат

Пасля жанчынам дапамагалі ўжо валанцёры, сёстры атрымалі жытло, адзенне і грошы на першы час.

– Фонды сапраўды працуюць, і беларусы дапамагаюць адно аднаму, і мы стараемся дапамагчы. Гэтую салідарнасць мы атрымалі падчас нашай рэвалюцыі, і яе важна захаваць, – адзначае Надзея.

Працягваем выходзіць, бо яшчэ жадаем пажыць на сваёй зямлі

Пасля Літвы сёстры пажылі яшчэ ў некалькіх польскіх гарадах, пакуль мінулаю восенню не перабраліся ў Беласток. Тут жанчыны здымаюць кватэру і працуюць.

– Адаптацыя праходзіць няпроста. Іншая мова, іншая ментальнасць, усё зусім не так, як у Беларусі. Для нас гэта складана, але мы разумеем, што гэта лепей за лукашэнкаўскую вязніцу, – кажа Жанна.

Цяпер у Беластоку ніводная акцыя беларускай дыяспары не праходзіць без удзелу Жанны і Надзеі. Жанчыны маглі б спакойна жыць сваім жыццём, як робіць тут шмат беларусаў, але гэта не для іх.

– Старонка не перагорнутая, забыць тое, што адбылося, немагчыма. Тысячы беларусаў у палоне, а тут мы можам рабіць не так мала, каб пра тое, што адбываецца ў Беларусі, працягвалі казаць. Нельга дапусціць, каб пра нашую краіну забыліся. І мы будзем рабіць усё, каб прыспешыць змены, бо вельмі хочацца як мага хутчэй вярнуцца ў вольную Беларусь, і яшчэ жадаем пажыць на сваёй зямлі, – гаворыць Надзея Сцепанцова.

AC belsat.eu

Стужка навінаў