Зачыстка ў Гарадзенскай епархіі: святароў, якія выступілі супраць гвалту, знялі з пасады. Гэта толькі пачатак?


Днямі стала вядома, што траіх праваслаўных святароў у Горадні адхілілі ад кіраўніцтва прыходамі. Гэта настаяцель галоўнай праваслаўнай святыні гораду – Пакроўскага сабору – протаіерэй Георгій Рой, які шматкроць заклікаў спыніць рэпрэсіі і вулічны гвалт, Мікалай Гайдук, настаяцель Нікольскай царквы на Архірэйскім падворку, і Анатоль Ненартовіч – сакратар Гарадзенскай епархіі. Гэтыя святары маюць вялікі аўтарытэт сярод праваслаўных вернікаў і вядомыя сваёй прынцыповай хрысціянскай пазіцыяй.

Кірунак зададзены: стварыць узор лаяльнасці рэжыму

Змены ў Гарадзенскай епархіі пачаліся ў чэрвені, з гучнага адхілення ад кіравання епархіяй архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, які адкрыта выказваўся супраць гвалту і беззаконня ў краіне. На яго месца паставілі епіскапа Антонія.

Епіскап Антоній узначальвае Божую літургію ў храме Сабора ўсіх Беларускіх святых. Горадня, Беларусь. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: orthos.org

Замена ключавых пасадаў у любой праваслаўнай епархіі пры змене епіскапа сама па сабе нічога асаблівага не значыць. Як правіла, новы архірэй прыходзіць са сваёй камандай, з якой прывык працаваць, і «свае» людзі звычайна ставяцца на пасады сакратароў епархіяў і настаяцеляў галоўных бажніцаў. Ёсць, праўда, і выключэнні: напрыклад, мітрапаліт Павел (Панамароў) аддаваў такія пасады мясцовым, але ўсё адно гэта былі набліжаныя да яго людзі.

Аднак у выпадку з вальнадумнай Гарадзенскай епархіяй у такіх раптоўных кадравых зменах відавочная іх палітычная ангажаванасць. 13 чэрвеня, падчас таго, як духавенству і вернікам назвалі епіскапа Антонія, экзарх БПЦ Веніямін у сваёй прамове падкрэсліў лаяльнасць царквы да ўладаў і гатовасць усяляк супрацоўнічаць з ёю «для ўсталявання міру на беларускай зямлі». Асаблівая місія ў гэтым працэсе ўскладзеная на Антонія.

На прызначэнне епіскапа Антонія гарадзенскія святары адрэагавалі ў сацсетках фразай: «Яму прыйдзецца з намі памучыцца». Ніхто асабліва не сумняваўся, што новы епіскап пастаўлены, каб правесці «чыстку шэрагаў». Святар Мікалай Гайдук з іроніяй адзначыў у «Фэйсбуку», што пасля адстаўкі архіепіскапа Арцемія ён прапаноўваў сябрам заклад, каго хутчэй здымуць, яго ці айца Георгія Роя. А знялі адначасова абодвух.

Гэтыя тры звальненні – хутчэй за ўсё, толькі пачатак, і хутка мы можам пачуць пра «новыя прашэнні»: у епархіі Горадні ды іншых гарадоў шмат праваслаўных святароў выступаюць супраць гвалту і рэпрэсіяў.

Ксёндз Вячаслаў Барок атрымаў 10 сутак арышту за прапаганду нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі (артыкул 17.10 КаАП). Расоны, Беларусь. 3 снежня 2020 года. Крыніца: Вячаслаў Барок / Facebook

«Зачыстка інфармацыйнага поля ад журналістаў, прававога – ад праваабаронцаў, нівы Божай – ад святароў, якія асмеліліся служыць Госпаду, а не зямной уладзе. Гэта першае, што прыходзіць у галаву, калі чуеш пра перастаноўкі праваслаўных святароў у Гарадзенскай епархіі», – так пракаментаваў падзеі вядомы каталіцкі святар Вячаслаў Барок, які нядаўна праз палітычны пераслед быў вымушаны выехаць з Расонаў за мяжу.

Георгій Рой: асоба ў цытатах

Афіцыйна паведамляецца, што протаіерэй Георгій Рой падаў прашэнне вызваліць яго ад пасады настаяцеля Свята-Пакроўскага кафедральнага сабору. Протаіерэй Анатоль Ненартовіч таксама падаў прашэнне – аб вызваленні ад пасады сакратара Гарадзенскай дыяцэзіі. Абодва вакантныя месцы заняў протаіерэй Мікалай Лабынько, які раней быў сакратаром Слуцкага епархіяльнага ўпраўлення. Новым месцам службы айца Георгія Роя прызначаная царква ў вёсцы Квасоўка недалёка ад Горадні.

Мікалай Лабынько – набліжаная да епіскапа Антонія асоба. У 2015 годзе ён замяніў яшчэ аднаго ўплывовага і «нязручнага» настаяцеля – протаіерэя Міхаіла Пануждаева, які ўзначальваў прыход царквы Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы ў вёсцы Чыжэвічы Салігорскага раёну. Тады замена прайшла не вельмі гладка і прывяла да зацяжнога канфлікту былога настаяцеля з кіраўніцтвам БПЦ, распавядае ТГ-канал «Хрысціянская візія».

Протаіерэй Георгій Рой у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. Горадня, Беларусь. 18 кастрычніка 2020 года.
Фота: orthos.org

Айцец Георгій Рой пасля сёлетніх выбараў адкрыта асуджаў гвалт, заклікаў вернікаў маліцца за Беларусь і мір у краіне. У жніўні з ягонай ініцыятывы званы на Пакроўскім саборы білі кожную гадзіну, каб заклікаць беларусаў да міру і грамадзянскай згоды, за спыненне гвалту, катаванняў, правакацый і на знак салідарнасці з нявінна арыштаванымі. На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» святар пісаў: «Хай разгойдваецца царкоўны звон, а не махавік гвалту». Ён быў адным з 5000 хрысціянскіх вернікаў, які падпісаўся пад адкрытым лістом да ўладаў краіны з патрабаваннямі спыніць гвалт і аднавіць законнасць.

Адзін з апошніх запісаў у акаўнце айца Георгія Роя – просьба аб малітве за палітвязня Дзяніса Івашына, якога трымаюць у гарадзенскім СІЗА. Таксама ён выказваўся ў падтрымку Паўла Севярынца, Аляксандра Фядуты і іншых палітвязняў.

«Малюся за Юлію Чарняўскую! Малюся за ўсіх арыштаваных! Божа, уратуй народ Беларусі!» – пісаў айцец.

Протаіерэй актыўна сачыў за падзеямі ў краіне.

«Кожныя некалькі дзён у Беларусі трагедыя. Адна за адной… Жахлівая смерць Вітольда Ашурка. Самагубства запалоханага падлетка-сіраты Дзмітрыя Стахоўскага. Сёння – спроба даведзенага да адчаю Сцяпана Латыпава выказаць пратэст цаной свайго жыцця. А колькі яшчэ тых людзей, якія на мяжы? Гэтыя чалавечыя трагедыі не павінны станавіцца штодзённасцю нашага жыцця! Я не ведаю, што можна зрабіць у нашай сітуацыі, каб рэальна дапамагчы людзям, якія пакутуюць. Малюся. Кажу. Стараюся дапамагчы. Заклікаю не маўчаць! Прашу ўсіх людзей добрай волі зрабіць хоць крыху, каб падобныя трагедыі спыніліся. Трэба тэрмінова шукаць выхады з віру гвалту!» – пісаў айцец Георгій Рой у чэрвені.

Ён актыўна выступаў супраць гвалту і катаванняў у турмах. З ягоных словаў, суды, жорсткія прысуды – бяда сённяшняга дня беларусаў і тое, што аддаляе нас ад дасягнення міру і згоды.

«Здзекі ў турмах, пра якія так шмат сведчанняў у апошнія дні, – гэта ТРАГЕДЫЯ чалавечнасці, гуманітарная катастрофа, найцяжэйшы ГРЭХ. 9 траўня наша краіна будзе святкаваць чарговую дату Перамогі над фашызмам. Але гэтая Перамога якраз пра тое, каб не было здзекаў і катаванняў чалавека, кім бы ён ні быў. Сярод маіх ФБ-сяброў ёсць высокапастаўленыя чыноўнікі, сілавікі, дэпутаты, афіцэры. Я звяртаюся сёння да Вас і вельмі прашу звярнуць увагу на гэтыя сведчанні. Пажылая жанчына не павінна спаць на бетоннай падлозе камеры пад сталом, як сабака, шматдзетную маці не павінны збіваць, людзей нельга цкаваць хлёркай і пазбаўляць свежага паветра, зняволеным мужчынам нельга пагражаць згвалтаваннем дубінкай, людзей нельга пазначаць фарбай, нельга збіваць дубінкамі, прапускаючы праз шыхт, нельга не расследаваць забойстваў… Пра гэта Біблія, пра гэта літаратура, пра гэта найлепшыя фільмы, пра гэта свет, любоў і згода. Нябачны і Вялікі Бог стаў бачным менавіта ў чалавечым вобразе, кожны чалавек, кім бы ён ні быў, – вобраз і падабенства Бога. Нельга здзекавацца з людзей!» – пісаў айцец Георгій Рой.

Паніхіда па забітым Рамане Бандарэнку ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. Горадня, Беларусь. 13 лістапада 2020 года.
Фота: orthos.org

Хрысціянскі супраціў і прывіды беларускай аўтакефаліі

Хрысціянскі супраціў рэжыму ў мінулым годзе стаў асобнай з’явай беларускай рэвалюцыі. Пратэст абʼяднаў сотні тысяч беларусаў і сцёр на час канфесійныя межы: праваслаўныя, каталікі, пратэстанты сталі збірацца на супольныя хросныя хады, удзельнічаць разам з астатнімі ў нядзельных маршах пратэсту і заклікаць у сацсетках да спынення гвалту. Святары адкрыта пісалі пра гэта ў сваіх блогах, выказваліся на казаннях, займаліся валанцёрствам, выходзілі на акцыі салідарнасці, адчынялі дзверы святыняў для тых, хто хаваўся ад пераследу.

Стан Беларускай Праваслаўнай Царквы падчас беларускіх пратэстаў можна ахарактарызаваць словам «самаўсведамленне». Раней многія асацыявалі Царкву з «прафесіяналамі» – епіскапамі і святарамі. Але цяпер пэўная частка вернікаў і простых святароў, якія ведаюць праблемы нашага грамадства, усвядоміла, што менавіта яны і ёсць Царква, яны адказныя за яе.

Царква складаецца з людзей, і што б ні адбывалася ў грамадстве, гэта ў той ці іншай ступені закранае і Царкву. Чым вастрэйшы канфлікт паміж уладай і асноўнай часткай грамадства, тым большае напружанне і ўнутры Царквы. Найвышэйшае духавенства, па якім часцей за ўсё і судзяць аб «пазіцыі Царквы», стараецца да апошняга захаваць лаяльнасць уладаў. Радавое духавенства не фармуе «пазіцыю Царквы», але менавіта яно вымушанае адказваць перад народам за дзеянні свайго кіраўніцтва. Пры гэтым калі з кіраўніцтвам яго звязвае абавязак падпарадкоўвацца, то з людзьмі – простае чалавечае спачуванне і салідарнасць. Другое нярэдка пераважвае.

Унутры Свята-пакроўскага кафедральнага сабору знаходзяцца іконы з выявамі праваслаўных пакутнікаў, у якіх страляюць супрацоўнікі НКУС. 19 ліпеня 2021 года. Горадня, Беларусь.
Фота: Белсат

Гэта адыграла сваю ролю ў беларускіх пратэстах. На фоне пэўнай разгубленасці царкоўнага кіраўніцтва зʼявіліся святары, якія загаварылі ў поўны голас, выйшлі з малітвай на вуліцы, сталі дапамагаць зняволеным і пацярпелым.

Зачыстка яркіх персаналій у Царкве стварае вакол іх «пункты гравітацыі» для іншых вернікаў. Яны ўсё яшчэ займаюцца сваёй дзейнасцю і прыцягваюць да сябе людзей, але ўжо на іншых пляцоўках. Гэта можа спрыяць развіццю гарызантальных сувязяў і стварэнню супольнасці, не завязанай на нейкія структуры, па аналогіі з свецкай грамадзянскай супольнасцю.

Падтрыманне ж найвышэйшым духавенствам БПЦ і Маскоўскім патрыярхатам непапулярнага кіраўніка павялічвае разрыў паміж царквой і грамадствам, палярызуе царкоўную супольнасць у Беларусі і падрывае давер да царкоўнай іерархіі.

Мітрапаліт Веніямін (Тупека), які замест захавання дэклараванай нейтральнасці ўзяў курс на адкрытае падтрыманне рэжыму, характарызуецца як кансерватар і фундаменталіст, для якога галоўным грахом застаецца аўтакефалія Беларускай царквы. Яго прызначэнне на кіраванне БПЦ сустрэлі крытыкай. Некаторыя эксперты мяркуюць, што мітрапаліта Паўла знялі з пасады, каб не дапусціць аўтакефаліі Беларусі паводле «ўкраінскага сцэнара».

Аднак прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы – як апазіцыйна настаўленыя, так і лаяльныя ўладзе – не выказваліся аб аўтакефаліі ні ў сувязі з падзеямі ў Беларусі, ні з якой іншай нагоды.

Паніхіда па забітым Рамане Бандарэнку ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. Горадня, Беларусь. 13 лістапада 2020 года.
Фота: orthos.org

Цікава ў гэтай сувязі звярнуць увагу на нядаўні выступ архірэя РПЦ мітрапаліта Іларыёна (Алфеева) у праграме «Царква і свет». Ён заявіў наступнае:

«Верагоднасць таго, што падзеі ў Беларусі будуць развівацца паводле ўкраінскага сцэнара, пакуль, дзякуй Богу, невялікая. Ніякага падтрымання ў народзе царкоўным, у іерархіі, у кліры ідэя аўтакефаліі не знаходзіць. Але, вядома, тыя сілы, якія зацікаўленыя ў расхістванні палітычнай сітуацыі, убачыўшы тое, што адбылося на Украіне, і зразумеўшы, што царкоўны фактар у гэтым можа граць немалаважную ролю, будуць зацікаўлены ў тым, каб прасоўваць ідэю беларускай аўтакефаліі…»

Ягоныя словы вельмі нагадваюць тое, што казаў Лукашэнка ў Жыровічах аб «спробах зламаць праваслаўе ў Беларусі». Абодва яны ўяўляюць аўтакефалію як замежную пагрозу, якая выплывала ад «сілаў, зацікаўленых у расхістванні палітычнай сітуацыі».

Падобны ўкід аб аўтакефаліі не першы: у жніўні-верасні 2020 года прапаганда распаўсюдзіла фэйк аб «праграме апазіцыі», дзе нібыта значылася аўтакефалія БПЦ. Тады сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Максім Знак у інтэрвʼю «Правмиру» адзначыў: «Такія пытанні не належаць да кампетэнцыі Каардынацыйнай рады, не ўваходзяць у сферу яго дзейнасці. Зыходзячы з мэтаў стварэння Каардынацыйнай рады нават меркаванне з гэтай нагоды ад імя Каардынацыйнай рады выказваць недарэчна». Аднак фэйк быў зручны: 25 чэрвеня 2021 года новы прэс-сакратар БПЦ святар Ігар Васько зноў распавёў пра тое, як неназваныя «пэўныя колы» рыхтуюць аўтакефалію для Беларусі.

Унутры Свята-пакроўскага кафедральнага сабору знаходзяцца іконы з выявамі праваслаўных пакутнікаў, якіх растрэльваюць супрацоўнікі НКУС. 19 ліпеня 2021 года. Горадня, Беларусь.
Фота: Белсат

Магчыма, пад гэтую лінію «барацьбы супраць аўтакефаліі» будуць накіраваныя цяперашнія чысткі ў праваслаўных шэрагах.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў