Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 22 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 22 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Разбураны фасад жылога дому ў раёне Паўночная Салтаўка ў Харкаве, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле аператыўных звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 29050 чалавек забітымі. Цягам апошніх содняў расейцы працягвалі наступальныя дзеянні ва Усходняй аперацыйнай зоне, а таксама наносілі ракетныя ды авіяцыйныя ўдары па тэрыторыі Украіны.

Вярхоўная Рада Украіны прагаласавала за падаўжэнне ваеннага стану ва Украіне яшчэ на тры месяцы. Раней адпаведны праект вынес на разгляд у Раду Уладзімір Зяленскі. Такім чынам ваенны стан будзе дзейнічаць да 23 жніўня, але можа быць падоўжаны і на большы тэрмін.

Анджэй Дуда.
Фота: censor.net

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, знаходзячыся 22 траўня з працоўным візітам у Кіеве, выступіў з прамовай у Вярхоўнай Радзе. Польскі лідар заявіў, што толькі Украіна можа вырашаць свой лёс і сваю будучыню, разам з тым, паводле Дуды, Кіеў не павінен прымаць аніякія ўмовы Расеі для існавання краіны. Таксама польскі прэзідэнт адзначыў, што пасля трагедый, якія адбыліся ў Марыупалі і Бучы, з Пуціным агулам нельга весці «ніякіх спраў».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваю чаргу заявіў пра змены міжнародных адносінаў паміж Украінай і Польшчай. Зяленскі адзначыў, што Расея сваім поўнамаштабным уварваннем прымусіла Украіну і Польшчу забыць пра гістарычныя спрэчкі. На думку ўкраінскага лідара, паміж Украінай і Польшчай цяпер надышлі часы адзінства і ўзаемаразумення, да якіх некалі заклікалі выдатныя дзеячы, пачынаючы з Папы Рымскага Яна Паўла ІІ.

Аляксей Мільчакоў, рускі неанацыст.
Фота: The Insider

Выданне «Spiegel» са спасылкай на дакумент Федэральнай разведвальнай службы паведаміла, што ў шэрагах збройных сілаў РФ ёсць расейскія неанацысты, якія цяпер удзельнічаюць у баявых дзеяннях ва Украіне. Дакумент, на які спасылаецца нямецкае выданне гаворыць, што ў вайне ўдзельнічаюць сябры па меншай меры двух праварадыкальных груп – «Расейскай імперскай лігі» і «Русіч». Аўтары агляду пішуць, што ўдзел такіх груповак зводзіць да абсурду «дэнацыфікацыю» Украіны як нібыта прычыну вайны.

Тым часам у самой Расеі зноў кінулі «кактэйль Молатава» у ваенкамат. Гэтым разам здарэнне адбылося ў пасёлку Ігра (Удмуртыя). У выніку пажару згарэў адзін з пакояў, у якім былі асабістыя рэчы супрацоўнікаў ваенкамату.

Знішчаны расейскі танк пад Кіевам, Украіна.
Фота: Piotr Pogorzelski

Украінская выведка заявіла, што ў Беларусі хаваюць загінулых вайскоўцаў Узброеных сіл РБ, якія падпісвалі кантракты з расейскімі прыватнымі вайсковымі кампаніямі. Паводле ведамства, вядома пра пахаванні салдата-кантрактніка ў Мар’інай Горцы, а таксама адстаўнога афіцэра і кантрактніка ў Асіповічах. Імаверна, яны загінулі ва Украіне, хаця ніякіх доказаў гэтага выведка не дае.

Дзяржаўны сакратар Савету Бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч чарговы раз выказаўся пра існаванне замежнай пагрозы для краіны. Паводле яго, краіну «атачылі ворагі». Таксама чыноўнік паскардзіўся, што цяпер ідзе інжынернае абсталяванне ўчасткаў украінскай мяжы ўздоўж паўднёвых межаў Беларусі: адбываецца мініраванне, стварэнне завалаў, дзейнічаюць дыверсійна-выведныя групы, якія заходзяць на беларускую тэрыторыю.

Віцька Кавалак belsat.eu

 

Стужка навінаў