Ад медыцыны да размініравання. Паглядзелі, як навучаюцца ўкраінскія добраахвотнікі


З моманту расейскага ўварвання ва Украіну мінулі амаль тры месяцы, вайна паступова пераходзіць у зацяжную фазу. Разам з тым украінцы ўсцяж рыхтуюць рэзервы для свайго войска, якія ў далейшым будуць дапамагаць вызваляць краіну ад агрэсара. Журналісты «Белсату» пабачылі, як рыхтуецца добраахвотніцкі батальён «Патрыёт», які неўзабаве адправіцца на вайну.

Інструктар першай дамедычнай дапамогі паказвае байцам добраахвотніцкага батальёну «Патрыёт», як дапамагчы пацярпеламу на полі бою. Кіеўская вобласць, Украіна. 19 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Адукацыйны інтэнсіў для байцоў батальёну «Патрыёт» ладзяць прафесійныя інструктары. Навучальная праграма раздзеленая на чатыры часткі, згодна з чатырма відамі дзейнасці: наданне першай дамедычнай дапамогі, тактычнае рыхтаванне, стральба і размініраванне тэрыторыяў.

«Мэта гэтай праграмы – навучыць украінскага абаронцу дзеяць ва ўмовах, якія пагражаюць жыццю чалавека. На справе праводзіцца шмат заняткаў, якія рыхтуюць людзей выжываць ва ўмовах вайны. Нашая канкрэтная місія – навучыць дамедычнай падрыхтоўцы ды эвакуацыі. У рэаліях вайны гэта спыненне крыві, стабілізацыя стану чалавека ды іншыя дзеянні, якія могуць быць неабходныя пры раненні», – адзначае інструктар і кіраўнік грамадскай арганізацыі «Украінская служба паратунку» Паўло Дыба.

Паўло Дыба, начальнік Міжнароднай цывільнай ратавальнай службы 911. Рыхтуе надаваць першую дамедычную дапамогу добраахвотніцкі батальён «Патрыёт». Кіеўская вобласць, Украіна. 19 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Разнапланавае навучанне байцоў адпавядае баявым задачам батальёну «Патрыёт».

«Увесь працэс падзелены на пэўныя групы. Гэта інжынерная група, каб байцы маглі праводзіць размініраванне і таксама замініраванне тэрыторыі. Кожны з нас павінен добра валодаць тактыкай і агнявою падрыхтоўкаю, мець баявую зладжанасць. Усе падраздзяленні дзеляцца на пэўныя групы, якія павінны ўзаемадзеяць у пэўных умовах. Трэба вывучаць тактычную медыцыну, якая таксама дае магчымасць выжыць у пэўных умовах пры пэўных раненнях. Кожны салдат мае ведаць, што трэба рабіць пры тых ці іншых раненнях», – адзначае камандзір добраахвотніцкага батальёну з пазыўным Фантом.

Баец Дзікай роты ў складзе добраахвотніцкага батальёну «Патрыёт» на стрэльбішчы падчас стралковага інструктажу. Кіеўская вобласць, Украіна. 19 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Ужо ў хуткім часе байцы фармавання плануюць выехаць у зону баявых дзеянняў, аднак з прычынаў бяспекі не называюць канкрэтных месцаў. Разам з тым батальён «Патрыёт» ужо мае багаты досвед дзейнасці ва ўмовах вайны: Дзікая рота ў складзе батальёну выходзіла зачышчаць тэрыторыі Кіеўскай вобласці, чыніла размініраванні, развозіла гуманітарную дапамогу ў цяжкадаступныя рэгіёны.

Пры гэтым, паводле камандзіра батальёну, «Патрыёт», як і іншыя добраахвотніцкія фармаванні, застаецца фактычна на поўным самазабеспячэнні і не залежыць ад дзяржаўнага падтрымання: «Мы супрацоўнічаем з рознымі фондамі – украінскімі і замежнымі. Мы ўдзячныя ўсім, хто далучаецца і дапамагае нам, пачынаючы з ежы і заканчваючы ўсім неабходным. Усе спецсродкі набываюцца пэўнымі арганізацыямі, таму трэба наладжваць сістэмнае забеспячэнне, бо тэхніка пастаянна ламаецца».

Інструктар першай дамедычнай дапамогі паказвае байцам добраахвотніцкага батальёну «Патрыёт» спосаб эвакуяваць байца з поля бою ў выпадку ранення. Пацярпелага павінны пераносіць два чалавекі так, каб у чалавека спераду захоўвалася магчымасць адстрэльвацца. Кіеўская вобласць, Украіна. 19 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Байцы добраахвотніцкага батальёну «Патрыёт» трэнуюцца адпрацоўваць стойку са зброяй. Кіеўская вобласць, Украіна. 19 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Інструктар першай дамедычнай дапамогі паказвае байцам «котку» і тлумачыць, што яна не прыдатная для эвакуацыі здалёк. На вайне яна неабходная найперш для дыстанцыйнага размініравання. Кіеўская вобласць, Украіна. 19 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Добраахвотнікі батальёну «Патрыёт» трэнуюцца дыстанцыйна эвакуяваць параненага з дапамогаю вяроўкі. Кіеўская вобласць, Украіна. 19 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Баец Дзікай роты добраахвотніцкага батальёну «Патрыёт» з пазыўным Танк каля сваёй машыны. На нумарах відаць назва роты. Кіеўская вобласць, Украіна. 19 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Байцы батальёну ўдзячныя за любую дапамогу «Патрыёту», а таксама будуць радыя бачыць новых добраахвотнікаў, якія захочуць да іх далучыцца.

Фота
Як выглядаюць украінскія вёскі пасля штодзённых абстрэлаў у прыфрантавой зоне
2022.05.21 13:39

У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвясціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнаю ваеннай аперацыяй») з мэтаю «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны. Менш як за 3 месяцы, паводле ААН, Украіну пакінулі 6,4 мільёна чалавек.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў