Знайшлі мёртвым начальніка ізалятара часовага ўтрымання Полацкага РАУС


21 траўня знайшлі мёртвым чарговага прадстаўніка сілавых ведамстваў. Гэта ўжо прынамсі трэці выпадак за апошнія месяцы.

Як паведамляе «Наша Ніва», на працоўным месцы знайшлі цела начальніка ізалятара часовага ўтрымання Полацкага РАУС. Паводле папярэдняй інфармацыі, Кірыл М. здзейсніў суіцыд. Інфармацыю аб гэтым пацвердзілі ў дзяжурнай службе Полацкага РАУС.

На пасадзе ён прабыў вельмі кароткі час – да таго служыў ва ўнутраных войсках.

Афіцыйная прадстаўніца МУС Беларусі Вольга Чамаданава заявіла, што інфармацыя пра смерць начальніка ІЧУ Полацкага РАУС на працоўным месцы не адпавядае рэчаіснасці.

«Абставіны смерці выяўляюць следчыя. Але інфармацыя аб тым, што ён памёр на працоўным месцы, што распаўсюджваецца ў Telegram-каналах, не адпавядае рэчаіснасці», – распавяла яна «Спутнику».

Hавiны
BYPOL: У Берасці павесіўся 50-гадовы палкоўнік міліцыі ў адстаўцы
2021.05.21 14:09

Таксама 21 траўня ініцыятыва былых сілавікоў Беларусі BYPOL паведаміла пра смерць Генадзя Вайтовіча – былога начальніка ўпраўлення аховы правапарадку Берасцейскага аблвыканкаму. Паводле «Байполу», мужчыну знайшлі павешаным.

Як сцвярджае BYPOL, «не знайшоў сябе» ў цывільным жыцці. Яго ў «Байполе» называюць адказным за здушэнне пратэсту ў Берасці і Берасцейскай вобласці; заяўляюць, што ён «шчыра падтрымліваў рэжым». Паводле іншых звестак, ён сышоў у адстаўку яшчэ ўлетку 2020 года.

У красавіку стала вядома, што ў Воршы застрэліўся міліцыянер. Яго цела знайшлі ў службовым кабінеце ў мясцовым РАУС. У сацсетках паведамляецца, што загінулы – афіцэр, падпалкоўнік, які займаўся ў асноўным сферай наркакантролю. Яму было 37 гадоў. Застрэліўся ён з табельнага пісталета.

Hавiны
У МУС зняпраўджваюць, што працаўніцу АМАП Скаражонак забіў калега
2021.04.08 10:18

А ў студзені стала вядома, што ў 29 гадоў памерла супрацоўніца менскага АМАПу Святлана Скаражонак. Неафіцыйна заяўлялася, што яе забіў калега. Афіцыйна гэтыя звесткі ў МУС зняпраўджвалі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў