«Давесці справу да канца». Ціханоўская і Латушка пракаментавалі смерці ў калоніі Вітольда Ашурка


Вітольд Ашурак.
Фота: Facebook / Pavał Batujeŭ

Лідарка беларускага пратэсту Святлана Ціханоўская і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка выказаліся з нагоды смерці ў Шклоўскай калоніі палітвязня Вітольда Ашурка.

Святлана Ціханоўская назвала памерлага героем пераменаў.

«Вітольд напісаў у лісце, што ўспрыняў 5 гадоў калоніі, як ацэнку «выдатна» за свой унёсак у вызваленне беларусаў. Я бязмерна захапляюся яго сілай духу і верай у правільнасць свайго выбару. Але мне вельмі балюча ад таго, што чалавек заплаціў за свой выбар жыццём і сустрэў смерць у няволі. Я выказваю спачуванні сям’і Вітольда. І я не ведаю такіх словаў, якіх будзе дастаткова, каб палегчыць ваш боль.

Я гляджу на нашых герояў, якія гадамі ваявалі за свабоду, пакуль многіх з нас не было побач з імі, і не магу адчуваць нічога, акрамя падзякі і шкадавання, што толькі цяпер мы ўсвядомілі, у якой краіне жывем. Але цяпер, калі мы прачнуліся, гэта стала нашым абавязкам – узяць адказнасць за будучыню і давесці справу да канца», – адзначыла яна.

У сваю чаргу Павел Латушка нагадаў, што менавіта з ліста Вітольда Ашурка «ўвесь свет даведаўся, што ў шклоўскай калоніі на адзенне палітычных зняволеных прышываюць жоўтыя біркі».

«Выказваю шчырыя спачуванні родным і блізкім Вітольда, які прысвяціў сваё жыццё свабодзе нашай краіны», – падкрэсліў ён.

Артыкулы
У шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак
2021.05.21 22:56

Увечары 21 траўня стала вядома, што на 51-м годзе жыцця памёр палітвязень Вітольд Ашурак, які адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына смерці – спыненне сэрца.

Актывіста затрымалі 9 жніўня на некалькі дзён, а потым 19 верасня пакаралі 30-дзённым адміністратыўным арыштам за ўдзел у васьмі мітынгах. Адбываў пакаранне ў лідскім ізалятары. Аднак пасля содняў Ашурка не выпусцілі, працягваючы ўтрымліваць ужо паводле крымінальнай справы. Суд па справе зрабілі закрытым з-за «пагрозы дзяржаўнай бяспецы». Асуджанага прызналі палітычным зняволеным.

18 студзеня ў судзе Лідскага раёну вынеслі прысуд у крымінальнай справе супраць актывіста з Бярозаўкі, гарадзенскага абласнога каардынатара руху «За Свабоду», сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка. Яго прызналі вінаватым паводле артыкулаў 342 ч. 1 («Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і 364 («Гвалт у дачыненні супрацоўніка міліцыі») Крымінальнага кодэксу і прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму і сплаціць 1000 рублёў на карысць пацярпелага міліцыянта.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў