Джулі Фішэр: Лукашэнка прадаў суверэнітэт Беларусі, каб заставацца ва ўладзе


Відавочна, што беларусы ў сваёй большасці не падтрымліваюць вайны Расеі ва Украіне. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі 22 красавіка заявіла спецыяльная прадстаўніца ЗША па Беларусі Джулі Фішэр.

Джули Фишер, посол США в Беларуси, студия «Белсата»
Джулі Фішэр, амерыканская дыпламатка і спецыяльная прадстаўніца ЗША па Беларусі дае інтэрв’ю ў студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 22 лютага 2022 года.
Фота: ВО / Белсат

Дыпламатка падкрэсліла, што беларусы не хочуць, каб беларускія вайскоўцы бралі ўдзел у вайне, а расейскія – заставаліся ў Беларусі і нападалі на Украіну з яе тэрыторыі:

«Лукашэнка прадаў суверэнітэт Беларусі, каб заставацца ва ўладзе. Ён здаваў беларускі суверэнітэт 28 гадоў, і гэты працэс паскорыўся пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020-м».

Паводле Джулі Фішэр, Беларусь, як і Украіна, стаіць перад выбарам, хто будзе вызначаць яе будучыню – уласны народ ці Уладзімір Пуцін, які не разглядае іх як незалежныя краіны. Але ў адрозненне ад Украіны Аляксандр Лукашэнка дае супрацьлеглы адказ.

«І гэта дадатковы выклік для народу Беларусі, бо Беларусь стала часткай гэтай вайны», – заявіла амбасадарка, падкрэсліўшы, што Лукашэнка дазволіў Расеі атакаваць Украіну са сваёй тэрыторыі.

ЗША падзяляюць беларусаў і Лукашэнку

Але, нягледзячы на тое, што Беларусь стала ўдзельніцаю вайны, Злучаныя Штаты адрозніваюць рэжым у Менску, які падтрымлівае канфлікт, і беларускі народ, які працягвае гэтаму супрацьстаяць. Пры гэтым Джулі Фішэр падкрэсліла «надзвычайную смеласць» тых беларусаў, хто працягвае публічна пратэставаць супраць вайны «ў настолькі аўтарытарным атачэнні».

«І гэта тая рэч, якую Пуцін і Лукашэнка не ўлічылі, калі пачалі гэтае ўварванне. Гэта стварае новыя імпульсы для беларускага дэмакратычнага руху, бо народ Беларусі катэгарычна супраць агрэсіі ў суседняй краіне», – адзначыла дыпламатка, дадаўшы, беларусы – на баку Украіны.

Амбасадарка заявіла, што ЗША працягваюць адсочваць рэпрэсіі ў Беларусі, у тым ліку ў дачыненні незалежных медыяў.

Менск вельмі далёкі ад дыялогу

Каментуючы ліст Уладзіміра Макея да заходніх краінаў з прапановамі палепшыць стасункі, Джулі Фішэр адзначыла: Менск прызнаў, што пакутуе ад ізаляцыі, якую стварыў Лукашэнка. Але для паляпшэння стасункаў і зняцця санкцыяў неабходна зрабіць шэраг ключавых дзеянняў:

  • вызваліць палітвязняў;
  • правесці новыя выбары пад міжнародным назіраннем;
  • перастаць падтрымліваць Расею ў вайне з Украінаю.

І, адзначыла Джулі Фішэр, улады Беларусі пакуль вельмі далёкія ад такога пошуку дыялогу. На гэты момант Беларусь ёсць суагрэсарам.

У сваю чаргу ЗША працягнуць падтрымліваць Святлану Ціханоўскую як лідарку беларускіх дэмакратычных сілаў.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў