Улады прызналі: рэгуляванне цэнаў абрынула рэнтабельнасць гандлю да гістарычнага мінімуму


Пасля таго як дзяржава ўзялася за рэгуляванне цэнаў, рэнтабельнасць гандлёвых арганізацыяў знізілася да 0,4 %. «Гэта адзін з самых нізкіх паказнікаў быў за ўсю гісторыю», – канстатаваў на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра гандлю і антыманапольнага рэгулявання Іван Вежнавец.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

«Што датычыць суб’ектаў гандлю, пачатак 2023 года быў для іх з негатыўнаю дынамікаю. Агулам у галіне рэнтабельнасць упала да 0,4 %. Гэта адзін з самых нізкіх паказнікаў быў за ўсю гісторыю. Таму былі прынятыя пэўныя захады», – паведаміў намеснік кіраўніка МАРГу Іван Вежнавец.

Ён пры гэтым запэўніў, што напрыканцы 2023 года «мы выйшлі на стабільную дынаміку ўзроўню рэнтабельнасці ў гандлі ў 1–1,5 %».

«І колькасць стратных арганізацыяў да канца года знізілася. Гэта значыць, што і нашыя карэктаванні былі своечасовымі, і арганізацыі гандлю прыстасаваліся», – сказаў чыноўнік.

Колькі цяпер стратных гандлёвых кампаніяў, ён не ўдакладніў. Гэтую лічбу днямі назваў ягоны кіраўнік – міністр Аляксей Багданаў: 88 арганізацыяў, або 18,6 % ад агульнай колькасці.

Hавiны
«Ну і што?» – міністр гандлю пра страты прадпрыемстваў ад рэгулявання цэнаў
2024.01.20 15:03

На прэс-канферэнцыі Вежнавец таксама адсправаздачыўся, што цэны ў Беларусі, як і загадваў Лукашэнка, цяпер «справядлівыя»:

«Мы дасягнулі ключавой задачы, што перад намі ставілася: гэта фармаванне справядлівай сістэмы цэнаўтварэння, якая ўлічвае інтарэсы як насельніцтва, так і бізнесу і прадпрыемстваў».

Намеснік міністра таксама заявіў, што беларусы не заўважылі дэфіцыту, «нягледзячы на скепсіс у пэўных колах», дастаткова было і айчынных, і імпартных тавараў.

Чыноўнік адзначыў, што мінімальна да канца года рэгуляванне цэнаў працягнецца, пры гэтым нельга выключаць нейкіх зменаў. Ён назваў гэта «пэўным кропкавым карэктаваннем». Вежнавец падсумаваў, што і вытворцы, і гандаль гатовыя да працы ў такіх умовах.

Аналітыка
Выцек з чыноўніцкіх кабінетаў: улады задумалі ўтрымаць гадавую інфляцыю ў 3,5 %
2024.02.22 13:51

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў