Цэны вырастуць, тавараў з ЕЗ паменее: наступствы закрыцця беларуска-польскай мяжы


Беларусь і Польшча крок за крокам абмяжоўваюць рух праз мяжу. Для грузавога транспарту застаўся адзін пераход, «Кукурыкі – Казловічы» непадалёк ад Берасця. Паводле апошніх на сёння пастановаў, Польшча не прапускае праз гэты пункт беларускіх цяжкавікоў, а Беларусь забараняе ўезд польскіх фураў з тэрыторыі Літвы і Латвіі. «Белсат» разбіраўся, да чаго гэта прывядзе і што можа спыніць дыпламатычную вайну.

Сітуацыя на польска-беларускай мяжы. Чарга з фураў пачынаецца за 45 кіламетраў ад мяжы, часам стаяць у два шэрагі. 21 лютага 2023 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Беларусь у коле чэргаў: сотні цяжкавікоў чакаюць выезду ў Польшчу праз адзіны памежны пераход у Берасці, дзясяткі фураў – выезду ў Літву і Латвію. Не менш за тысячу цяжкавікоў – у чарзе на ўезд у Беларусь з Польшчы.

Менск і Варшава паступова значна абмежавалі рух на мяжы, і гэта будзе мець эканамічныя наступствы.

«Нейкія тавары могуць проста не даехаць»

Навідавоку – ускладненне лагістыкі і рост выдаткаў перавознікаў, сказала «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна. Адпаведна, вырастуць цэны.

«Нейкія тавары, што хутка псуюцца, могуць проста не даехаць. Магчымае яшчэ большае скарачэнне гандлю з Еўразвязам, а гэта паскорыць замену еўрапейскіх тавараў у крамах прадукцыяй з іншых краінаў, перш за ўсё з Расеі», – падкрэсліла экспертка.

Некаторыя кампаніі могуць цалкам адмовіцца ад транспартавання грузаў праз мяжу, калі пабачаць эканамічную немэтазгоднасць пакручастых маршрутаў.

Усё гэта паступова дабівае транспартную галіну, якая некалі стабільна расла і рабіла значны ўнёсак у валавы ўнутраны прадукт Беларусі – транзітнай краіны.

«Гэтыя абмежаванні, вядома, не будуць спрыяць развіццю транспартнай галіны як мінімум. Транспарт сярод паслугаў заўсёды меў вялікае значэнне для ВУП і паказваў раней станоўчы ўнёсак у рост ВУП», – адзначыла Лузгіна.

Паводле звестак Белстату, летась грузаабарачэнне ў Беларусі ўпала на 25,4 %, а сёлета ў студзені абрынулася на 33 % у параўнанні са студзенем 2022 года.

«Супербалючыя захады Польшчы»

Праз абмежаванні на мяжы Беларусь як транзітная краіна псуе сваю рэпутацыю, адзначыў у размове з «Белсатам» прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі. Ён чакае ціску на Аляксандра Лукашэнку з боку дзяржаваў, якія экспартуюць свае тавары ў ЕЗ:

«Захады Польшчы – супербалючыя. Яны закранаюць не толькі інтарэсы эканомікі Лукашэнкі, але таксама ягоную міжнародную рэпутацыю. Беларусь застаецца важнай транзітнай зонай для грузаў з Далёкага Усходу, Кітаю. Лукашэнка можа стаць аб’ектам ціску з боку замежных партнёраў з тым, каб неяк развязаць гэтую сітуацыю».

Кавалеўскі не выключыў эскалацыі дыпламатычнай вайны паміж Менскам і Варшавай, аднак адзначыў, што Лукашэнка ўрэшце будзе вымушаны саступіць.

«Гэта можа быць як спроба эскалацыі, спроба адказаць ударам на ўдар, гэтак і разуменне таго, што сітуацыя ўжо па-за межамі кантролю Лукашэнкі і што яму трэба адступіць і зрабіць крок назад. Ён акурат сам баіцца сілы, ён рэагуе на сілу, ён баіцца балючых санкцыяў», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».

Сітуацыя на польска-беларускай мяжы. 21 лютага 2023 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Усё будзе залежаць ад рашучасці міжнароднай супольнасці, Польшчы, Еўразвязу і Злучаных Штатаў, падсумаваў Кавалеўскі:

«Калі яны будуць прытрымлівацца гэтай пазіцыі, паказваць, што яны гатовыя ісці далей, то Лукашэнка рана ці позна ўцяміць, што ў яго шанцаў няма, што гульня «хто каго перагледзіць» складваецца не на ягоную карысць, і ён адступіць. Але трэба дэманстраваць рашучасць».

Hавiны
Што з чэргамі на межах Беларусі – і дзе праз межы яшчэ пускаюць. Мапы
2023.02.21 15:14

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў