За відэа з вайсковаю тэхнікай інжынера з Берасця асудзілі на 2,5 года калоніі


У Берасцейскім абласным судзе 18 студзеня да двух з паловаю гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму прысудзілі інжынера-энергетыка Аляксандра Бойку, піша «Берасцейская Вясна». Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») за адпраўленае ў адзін з тэлеграм-чатаў відэа з вайсковаю тэхнікаю. Пад вартай мужчына ўтрымліваецца тры месяцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковая тэхніка ў Беларусі.
Фота: modmilby / Telegram

Вядома, што Аляксандра Бойку затрымалі 24 кастрычніка 2023 года, пасля чаго на праўладных тэлеграм-каналах з’явілася «пакаяннае відэа» з ім, дзе паведамлялася, што Аляксандра затрымалі за адпраўку ў чат відэа з вайсковай тэхнікай. Што гэта быў за чат – не ўдакладняецца.

У роліку паказалі скрыншоты з чату. У тлумачэнні да відэа з вайсковай тэхнікай гаворыцца, што яна рухаецца па трасе М1 у бок Берасця. Калі гэта было знята, невядома.

Скрыншот з «пакаяннага відэа», апублікаванага ў канале сілавікоў. Крыніца: spring96.org

Прысуд 18 студзеня вынес Дзмітрый Карасінскі, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымліваў Генадзь Буры.

У Аляксандра засталося трое дзяцей.

Падтрымаць вязня можна лістамі, бандэролямі і грашовымі пераводамі:

Аляксандр Мікалаевіч Бойка

СІЗА № 7, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, 224030, г. Берасце

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў